20 сакавіка ў дзьвюх галоўных менскіх залях паралельна адбываліся знакавыя канцэрты. У Палацы Рэспублікі — вечар памяці Ўладзімера Мулявіна, у КЗ «Менск» —канцэрт праекту «Я нарадзіўся тут». Абедзьве імпрэзы ў нейкай ступені рэтраспэктыўныя, абедзьве сабралі аншлягі, але на гэтым падабенства сканчаецца. Мулявінскім канцэртам ставілася кропка: іншай асобы, якая здолела б мабілізаваць колішнюю СССРаўскую музычную эліту на канцэрт у Беларусі, няма. «Я нарадзіўся тут» засьведчыў пэрспэктыўнасьць і камэрцыйны посьпех «незалежнае музыкі».

Квіткоў на вечар памяці У.Мулявіна ў вольным продажы было небагата. Абураныя аматары «Песьняроў» нават усчалі лямант на інтэрнэт-форумах. Заставалася суцяшацца тым, што канцэрт двойчы будуць трансьляваць па тэлевізіі. Заля поўнілася «льготнікамі» — у асноўным сувораўцамі ды салдатамі. Адпаведная была й дысцыпліна. За пяць хвілінаў да пачатку ўваходныя дзьверы зачынілі, і тыя, хто крыху спазьніўся, мусілі літаральна «прарывацца» на свае месцы.

У «Казе» было больш дэмакратычна. Люд здолеў нават патанчыць. На лірычныя песьні даставалі запальнічкі ды махалі ў такт — зазвычай ахова «Казы» гэткага не дазваляе. Быў толькі адзін камічны інцыдэнт. Адна дзяўчына заснула пад музыку. Падышоў ахоўнік — пацікавіцца, ці ня выкліканы ейны стан ужываньнем якіх непажаданых прэпаратаў. Выявілася, што слухачцы папросту зрабілася добра і ўтульна ад агульнае атмасфэры канцэрту.

Кіраваў працэсам Вольскі — аб’яўляў песьні, рабіў камэнтары. Дый рытм-сэкцыя «NRM» працавала ўвесь канцэрт. Толькі на «Крывавым сьвяце» выйшаў у поўным складзе «Уліс», які тыднем раней даў адрэналінавы канцэрт у ДК Камвольнага камбінату. На «Пагоні» некалькі чалавек прыўсталі зь месцаў. Міліцыянты спачатку спрабавалі супакоіць іх, але потым узьнялася ўся заля. Тое самае паўтарылася і пад «Палянэз», і пад «Магутны Божа». Пра загалоўную песьню лішне казаць.

У некалькіх кампазыцыях альбому адчувальна зьмяніліся аранжыроўкі. «Радзінная» загучала больш акустычна, «У бары, бары» набыла цыганскае адценьне, «Не загаснуць зоркі ў небе» сталася цяжкарокавай. Пры канцы на сцэне зьявіўся Алесь Суша — натхняльнік праекту. Ён у чарговы раз паабяцаў, што хутка выйдзе «Скрыпка дрыгвы» — чарговы супольны дыск песьняў на вершы Караткевіча. Адну зь іх («Беларускую песьню») Тодар з «WZ-orkiestra» прасьпяваў пад заслону. А пасьля павіншаваў усіх з гадавінай БНР. Заля гукнула «Жыве Беларусь!». Прыемна, што жыве яна ў тым ліку і ў прэстыжных канцэртных залях. Нават тое, што і на канцэрт групы «Лесоповал» у тым самым КЗ квіткі прадаюцца бяз рэшты, меней палохае. Ужо йдзём на роўных.

Сяргей Будкін, СМ

Не люби нелюбимого

Ансамбль «Беларускія песьняры». 2CD. (р) «Беларускія песьняры», 2003

Альбом можна разглядаць як працяг «песьняроўскіх» традыцый апошніх гадоў, калі ў рэпэртуары калектыву спалучаліся расейскамоўныя шлягеры й апрацоўкі народных мэлёдый. Першыя, нават калі згадаць «Вологду» ці «Беловежскую пущу», у лік значных мастацкіх дасягненьняў залічыць складана. Бо менавіта народныя песьні раскрывалі патэнцыял гурту і задавальнялі творчыя амбіцыі.

На першым дыску 13 студыйных песень, зь якіх 10 напісаў Алег Аверын (так цяпер трэба называць Алега Казловіча). Сярод чортавага тузіну толькі «Зачарованая» ды «Чарнавая, бялявая» гучаць па-беларуску. Песьні Аверына — моцна скроеныя, добра запісаныя нумары, у якіх, аднак, больш нечага накшталт брыт-попу, чым ранейшых, звыклых «Песьняроў». Каб не знаёмыя галасы, здагадацца, што гэта менавіта наш ансамбль, было б няпроста. Усе песьні радыёфарматныя, гучаць ня больш за 4 хвіліны і скіраваныя найперш на расейскую аўдыторыю.

Зьвяртае на сябе ўвагу рэмікс «Вологды» (запявае Ігар Пеня), зроблены ў такім сабе бадзёра-моладзевым настроі. Атрымаўся жарцік, можа, нават з парадыйным элемэнтам, тым больш што сама песьня прадугледжвае менавіта такое прачытаньне.

Другі дыск — канцэртны. Тут ужо амаль усе песьні гучаць па-беларуску і даюць выдатную магчымасьць адчуць, у якой атмасфэры адбываюцца цяпер канцэрты «Беларускіх песьняроў». Чуваць, што, апрача вакальных партый, вялікая ўвага надаецца інструмэнтальным эпізодам, у якіх каралюе піяніст Максім Пугачоў. Да прыходу ў ансамбль ён выступаў у складзе джаз-гурту «Apple Tea». Музыка дасканалая і надзвычай жывая, насычаная імправізацыямі, што найбольш яскрава паказваюць амаль 14-хвілінная вэрсія «Касіў Ясь канюшыну» і «Купалінка» ў аранжыроўцы ўсё таго ж Пугачова. Яшчэ ёсьць заліхвацкая песьня «Рэкрут», цудоўная «А ў полі бяроза...» на музыку Ігара Паліводы з аранжыроўкай Валер’я Дайнэкі, сьвежы варыянт «Алесі» Ігара Лучанка. Гэты вось дыск яўна адрасаваны беларускай аўдыторыі, хоць і сканчаецца зноў жа «Вологдой» — такой сабе «Ob-la-di, Ob-la-da» тутэйшага разьліву.

Беларускі Слухач

Hush

Карыяна. Дэма, (р) 2002

Гатовы даць уласны кампакт-прайгравальнік на адсячэньне: лепшае прэтэндэнткі на ўдзел у «Эўрабачаньні» ад Беларусі сёньня няма. Маладзенькая Карыяна выдала тузін ангельскамоўных песень на ўласныя тэксты, якія адпавядаюць усім патрабаваньням гэтага выключна камэрцыйнага фэстывалю.

У сувязі зь невысокім мастацкім патэнцыялам «Эўрабачаньня» можна было б аўтаматычна перанесьці гэтую загану й на тое, што прапануе Карыяна. Аднак... неяк не выходзіць. Аранжыроўкі песень, хоць і добра адпавядаюць адпрацаваным эўрастандартам, нясуць у сабе нейкі няўлоўны тутэйшы дух. У іх ёсьць жывінка, яны сапраўды прыдуманыя, вынайдзеныя кампазытарам усіх песень Леанідам Шырыным (у мінулым — удзельнікам «Новага Неба»), а таксама Дзімікам Слабковым і самой Карыянай (Кацярынай Качынай).

Аднак слухаць дэма-альбом цалкам цяжкавата. Усе трэкі паасобку — грунтоўна выпісаныя ўдалыя шлягерныя нумары. А сабраныя «да кучы», яны хутка стамляюць: аднастайнасьць аранжыровак, падобныя рытмічныя формулы, адзіны настрой не даюць перавесьці дыханьне. Хоць практычна кожная з гэтых песень у любой зборцы шлягераў будзе ўспрымацца на «ўра». Дый хто дазволіць Карыяне сьпяваць на «Эўрабачаньні» ўвесь альбом?

Мы яшчэ пачуем пра гэтую стылёвую, пазнавальную, пэрспэктыўную сьпявачку. Поўны «хаш» ёй не пагражае.

Loud Slukhatch

Year of the Blues 2003

Розныя выканаўцы. (р) «Лібэрці мотарз», 2003

Надзвычай рэдкі дыск, выданьне якога ініцыяваў новы аўтасалён «Лібэрці мотарз». Дыск распаўсюджваецца выключна сярод кліентаў салёну. Запісала яго група менскіх блюзавых музыкаў: дуэт «Svet&Al», да якога далучыліся вакаліст і гітарыст Біг Уол, саксафаніст Павал Аракелян, кантрабасіст Арцём Гаўрушын.

Альбом складаецца з клясычных блюзаў Уілі Дыксана, Робэрта Джонсана, Чэстэра Барнэта. Гучыць усё на належным узроўні, зьнізіць які ня здолелі нават умовы запісу ў адной з хатніх студыяў Менску. Нягледзячы на тое, што Біг Уол куды старэйшы за іншых музыкаў, усе яны выдатна разумеюцца, граюць паветрана. Удзельнікі дуэту «Svet&Al», хоць і захапіліся блюзам усяго год таму, дэманструюць грунтоўнае адчуваньне стылю, чым і прывабілі аўтасалён. Бо лепшай за блюз музыкі для дылера машын маркі «Форд» прыдумаць цяжка.

Салён «Лібэрці мотарз» стварыў надзвычай пэрспэктыўны прэцэдэнт. Бо калі кожная дзясятая фірма дапаможа айчынным музыкам выдаць адзін альбом — чакаць росквіту папулярнай музыкі доўга не давядзецца. Так і хочацца прапанаваць фабрыцы «Камунарка» праспансаваць дыск групы «Краски», Міністэрству замежных справаў — чарговы альбом «NRM», Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта — «Беларускіх песьняроў»...

А вам застаецца набыць які «Мандэа» ці лялечную «Фіесту», каб зрабіцца ўладальнікам гэтага сапраўды добрага альбому, які ў шырокім продажы ня зьявіцца.

Лібэрці Слухач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0