Іракцы, здраджаныя ў 1991-м, не сьпяшаюцца падтрымаць ЗША ў новым змаганьні з тыраніяй. Амэрыканцы спадзяваліся на бліцкрыг і «віваты» вызваленых шыітаў. Яны разьлічвалі выйграць вайну без кантактнага ўдзелу амэрыканскай пяхоты, як у Югаславіі ці Аўганістане. Вашынгтонскія аналітыкі недаацанілі значэньне нацыянальнага сувэрэнітэту для жыхароў Іраку. «Шокам і жахам» марскіх пехацінцаў стаў зацяты супраціў Рэспубліканскай гвардыі. Амэрыканскія тэлеканалы прайграюць інфармацыйную вайну «Аль-Джазіры». У дадатак часта памыляецца амэрыканская выведка і кепска каардынуюцца дзеяньні брытанскіх саюзьнікаў, што губляюць пад «сяброўскім агнём» машыну за машынай.

Войскі кааліцыі сутыкаюцца з варожасьцю насельніцтва. І гэта дратуе іхных камандзіраў больш за пясчаныя буры і пазелянелыя твары палонных тылавікоў на тэлеэкранах. Калі вайна ў Іраку не вызвольная, яе робіцца цяжка апраўдаць. Магутны прапагандысцкі апарат амэрыканцаў выявіўся вельмі датклівым у барацьбе з падступнай дэспатыяй. Тоны атрутных газаў ня зьнішчаныя Садамам, але іх трэба прадэманстраваць сьвету, каб той зразумеў маштаб небясьпекі. Штабы Хусэйна зьмяшчаюцца то пад дзіцячым домам, то пад галоўным шпіталем, але як гэта дакажаш?

Чакалася, што бітва за Багдад стане першай сухаземнай вайной новага пакаленьня. Замест гэтага яна ператвараецца ў гіганцкую мясарубку. Міністар абароны Вялікай Брытаніі Джэфры Хун прызнаў, што «страты цывільнага насельніцтва будуць павялічвацца, але гэта не адаб’ецца на ходзе апэрацыі».

Амэрыканцы прасоўваюцца наперад, раўнуючы пазыцыі праціўніка зь зямлёю. Так было ўначы з аўторка на сераду пад Наджафам, дзе загінулі некалькі соцень ірацкіх байцоў.

У Насірыі баі ля пераправы цераз Эўфрат працягваюцца пяць дзён, «джы-ай» вымушаныя ператрасаць будынак за будынкам у пошуках фэдаінаў. У сераду бамбёжкі працягваліся, нягледзячы на буры. У выніку ракеты папалі ў багдадзкі базар. Амэрыканцы сьпяшаюцца падысьці да Багдаду за сакавік. 1 красавіка поўня, якая палегчыць танкавыя ды паветраныя атакі. Надыходзіць і летняя сьпякота.

Не адбыліся паўстаньні шыітаў і курдаў, якія прадракала ірацкая апазыцыя. У 1991-м поўдзень і поўнач краіны ўзьняліся супраць суніта Хусэйна. Але амэрыканскія войскі тады спыніліся пад Басрай і Насірыяй, каб пасьля адступіць у Кувэйт, а з паўстанцамі расправілася Рэспубліканская гвардыя. Амэрыка Буша-бацькі баялася нэгатыўных наступстваў распаду Іраку і сваіх людзкіх стратаў.

Буш-сын ахвяраў не баіцца. Але ў кантактнай вайне, а пагатоў вайне партызанскай, байцы кааліцыі не пачуваюцца так упэўнена, як у высокатэхналягічнай паветранай.

Ад посьпеху першых двух дзён у саюзьнікаў закруцілася галава. Цяпер жа складаецца ўражаньне, што Хусэйн не падпаліў сьвідравіны толькі таму, што разьлічвае яшчэ сам зь іх скарыстацца. Уладныя эліты Багдаду даравалі яму і большыя паразы, чым цяперашняя, калі на кожнага забітага амэрыканца прыпадае з сотню іракцаў.

Прамаруджваньне ў вайне ўжо выклікала спад актыўнасьці на сусьветных біржах. Правал апэрацыі ня толькі падкасіў бы папулярнасьць самаўпэўненае амэрыканскае адміністрацыі, але і абваліў сусьветную эканоміку.

На сьвітанку 13 лютага 1991 г. два амэрыканскія бамбавікі F-117 скінулі па 1000-кіляграмовай бомбе на бункер у Заходнім Багдадзе. Меркавалася, што там месьціцца камандны пункт Садама Хусэйна. У выніку загінулі больш за трыста чалавек, у тым ліку каля сотні дзяцей. Бункер аказаўся звычайным бамбасховішчам. Ці, прынамсі, такое бамбасховішча разьмяшчалася над ім. Гэта была найбольшая трагедыя папярэдняй вайны.

Цяпер амэрыканцы ставілі задачу любой цаной пазьбегчы такіх памылак. Цаной сталі жыцьці амэрыканскіх салдат. Дональд Рамсфэльд адпраўляе ў Мэсапатамію дадатковыя 30 тыс. пехацінцаў.

Амэрыканцы хочуць пазбавіць Садама ўлады і закласьці ў Іраку асновы дэмакратычнага ладу. Таму апэрацыя мела быць узорнай. Пасьля першага тыдня вайны зьявіліся сумневы ў канчатковым посьпеху пачатковага пляну.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0