Новых кіраўнікоў дзяржаўных СМІ лучыць палітычная асьцярожнасьць і прафэсійная амбіцыйнасьць.

21 сакавіка адбыліся зьмены ў кіраўніцтве дзяржаўных мас-мэдыяў. Першым намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі прызначаны Аляксандар Саламаха, намесьнікамі старшыні — Аляксандар Мартыненка і Вольга Апанасовіч. Галоўным рэдактарам «Народнай газеты» стаў Валер Логвін. Чарговая кадравая ператасоўка на першы погляд выглядае як перамена дэталяў пры складаньні пазлу: усе яны настолькі невялікія, што цяжка зразумець, чым адна розьніцца ад другой.

Гадаванец ВПШ Аляксандар Саламаха працаваў раней у «Чырвонай змене», Адміністрацыі прэзыдэнта, узначальваў галоўнае ўпраўленьне грамадзка-палітычнай інфармацыі, пасьля правёў рэформу Беларускага радыё. Ягоны брат займае пасаду намесьніка рэдактара «ЛіМу». Цяпер у руках А.Саламахі апынаецца кантроль над Першым нацыянальным тэлеканалам. Кардынальных зьменаў на БТ не чакаюць. Аляксандар Мартыненка, выпускнік журфаку БДУ 1993 г., апошнім часам быў генэральным дырэктарам АТН. З А.Саламахам яго лучаць здаровая прафэсійная амбіцыйнасьць і палітычная асьцярожнасьць. Прызначэньне Вольгі Апанасовіч — навіна для НДТРК. Упершыню на такой пасадзе зьявілася жанчына.

Валер Логвін да апошняга часу працаваў галоўным рэдактарам абласной «Гомельскай праўды», у 2000 г. стаў дэпутатам палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Зь ягоным прыходам супрацоўнікі газэты зьвязваюць надзеі на эканамічнае аздараўленьне, стабілізацыю накладу і зьмену палітычнай пазыцыі выданьня, якое ў апошнія гады было трыбунай праваслаўнага шавінізму.

АШ; МБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0