Сёлетні Дзень Волі прайшоў як ніколі сьціпла. Нацыянальныя сілы не змаглі дамовіцца ды зладзіць у Менску супольныя акцыі. Партыйных правадыроў памірылі ўлады: лідэры фракцый-канкурэнтак трапілі за адны краты.

Справу зрабілі

Калісьці менавіта Дзень Волі яднаў усіх патрыётаў, цяпер — разьядноўвае. Падрыхтоўка да яго не абышлася без скандалаў. Патэнцыйныя ўдзельнікі акцыяў былі дэзарыентаваныя рознымі датамі, многія ўвогуле адмовіліся ад удзелу.

Улады дзейнічалі прагматычна. Ведаючы пра ўпартае нежаданьне апазыцыі мітынгаваць на Бангалёры і Кульман, яны імкнуліся ня даць гэта зрабіць і ў недазволеных месцах. Яшчэ да пачатку акцый затрымліваліся кіраўнікі й актывісты. Даўно міліцыянты і амапаўцы не адчувалі сябе так упэўнена, як падчас сёлетняга Дня Волі. Нешматлікіх і неарганізаваных мітынгоўшчыкаў яны разганялі плянамерна і малымі сіламі. 25 сакавіка плошчу Якуба Коласа «ачысьцілі» нейкія два дзясяткі амапаўцаў...

Весялейшым атрымалася сьвяткаваньне, якое 23 сакавіка ладзіла каля Галоўпаштамту КХП-БНФ. У ім узяло ўдзел каля 200 чалавек. Жанчыны сьпявалі патрыятычныя песьні, Вячаслаў Сіўчык і Юрась Беленькі давалі інтэрвію, міліцыянты прапаноўвалі мітынгоўшчыкам накіравацца на пляцоўку па вуліцы Кульман і тлумачылі выпадковым мінакам, што ўсё адбываецца з нагоды 85-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Ледзьве калёна рушыла па ходніках, яе спыніў АМАП, які некалькі разоў браў актывістаў у кола і праводзіў затрыманьні. Адбыліся і некалькі сутычак, у выніку якіх дасталося і амапаўцам, адзін зь якіх нават апынуўся на асфальце і атрымаў колькі разоў па нырках.

«Мы своё дело сделали», — сказаў Сіўчык па-расейску нейкаму знаёмаму, адышоўшы ад эпіцэнтру падзеяў. Сабралі людзей, давялі іх да міліцыі і кінулі на волю лёсу. Многіх затрыманых, пасьля здымкаў на відэа і дактыляскапіі, адпусьцілі, папярэдзіўшы, што 25 сакавіка ад 17 да 21-й «у цэнтры гораду вам непажадана быць, інакш пасадзім».

«Памяркоўных» пабралі

25 сакавіка сваё сьвяткаваньне Дня Волі на плошчы Якуба Коласа наладзілі некалькі партый і арганізацый на чале з БНФ «Адраджэньне». Каля 400 чалавек пасьпелі паўдзельнічаць у гэтай акцыі, але многія спазьніліся. Бо мітынг цягнуўся ўсяго некалькі хвілін і складаўся з выступу Вінцука Вячоркі, які павіншаваў прысутных са сьвятам, прапанаваў ускласьці кветкі да помніка Якубу Коласу і разысьціся. Тых, хто не паслухаўся Вячоркі, з плошчы выціснулі амапаўцы. А 18-й усё ўжо было скончана. У пастарунак трапілі 16 чалавек на чале з В.Вячоркам. На паўгадзіны быў затрыманы кіраўнік БСДП (НГ) Мікола Статкевіч, які прысутнічаў зь некалькімі сваімі партыйцамі і на акцыі КХП-БНФ у нядзелю.

Аўторкавы збор на плошчы Якуба Коласа расчараваў ня толькі моладзь (некаторыя маладыя людзі крычалі «Ганьба памяркоўным!»), але і людзей сталых, якія не маглі прыгадаць такога сумнага Дня Волі.

Сьвята за Менскам

Сьвяткаваньне ў Менску было азмрочанае таксама заўчаснай сьмерцю Георгія Таразевіча, старшыні Вярхоўнага Савету БССР у апошнія гады яе існаваньня, нацыянал-камуніста, а пазьней сацыял-дэмакрата, што выявіў сваю палітычную прынцыповасьць, падаўшы ў адстаўку з пасады пасла ў Польшчы ў знак пратэсту супраць рэфэрэндуму 1995 г.

Мерапрыемствы, што ладзіліся ў Дзень Волі за Менскам, выглядалі нашмат больш сьвяточна, чым сталічныя.

У Берасьці сябры нацыянальнага руху ўскладалі кветкі да магілаў салдатаў Булак-Балаховіча, а пасьля ўдзельнічалі ў сьвяточным уніяцкім набажэнстве. Сябры КХП-БНФ на Савецкай вуліцы раздавалі сваю друкаваную прадукцыю. «Малады фронт» зладзіў міні-футбольны турнір «Кубак Незалежнасьці». Перамагла маладафронтаўская ж каманда «Пагоня», якая ў фінале зь лікам 1:0 выйграла ў дружыны Берасьцейскага тэхнічнага ўнівэрсытэту.

Санкцыяваную ўладамі акцыю зладзілі ў Воршы сябры КХП-БНФ. У ёй узялі ўдзел некалькі сотняў чалавек. У Віцебску сябры АГП ладзілі пікет на прывакзальнай плошчы, і ўсе былі затрыманыя міліцыяй. Затрыманьні працягваліся і падчас акцыі КХП-БНФ ды «Маладога фронту». А шэсьце па горадзе, зладжанае ўвечары 25-га Камітэтам грамадзкіх дзеяньняў, прайшло безь перашкодаў.

У Гомелі ў памяшканьні «Грамадзянскіх ініцыятываў» адбылася сьвяточная імпрэза і канцэрт бардаў. Напярэдадні дырэктар гомельскага гатэлю «Кастрычніцкі» нечакана адмовіў у арэндзе актавай залі, пра што была папярэдняя дамова.

У Маладэчна на сьвята завіталі Кася Камоцкая і гурт «Ліцьвіны». Апроч канцэрту, адбылася выстава мясцовых мастакоў. Былі таксама ўскладзеныя кветкі да помніка «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі».

Такога кшталту акцыі ды імпрэзы зьбіралі людзей і ў іншых гарадах ды мястэчках, але многія беларусы нікуды ня йшлі і сьвяткавалі Дзень Волі дома ці ў гасьцёх.

У Празе беларускія суполкі зладзілі пікет ля амбасады Беларусі, выступаючы супраць інтэграцыі з Расеяй ды патрабуючы спыніць палітычныя рэпрэсіі. Сюжэт пра паседжаньне Рады БНР — «белорусского правительства в изгнании» — у Празе і кароткае інтэрвію Васіля Быкава паказаў расейскі тэлеканал НТВ.

У Варшаве сьвяточную імпрэзу ладзіла Беларускае аб’яднаньне студэнтаў. Гданьскія беларусы ўшанавалі памяць нацыянальных дзеячоў, пахаваных на мясцовых могілках, найперш дзеяча БНР Лукаша Дзекуць-Малея. Сябры Беларускага культурнага таварыства «Хатка» адкрылі мастацкую выставу. У чацьвер Інстытут беларускай культуры правёў у Варшаве ўрачыстую вечарыну і канцэрт.

Урачысты сход у кавярні Беластоцкага цэнтру культуры распачаўся з супольнага выкананьня гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». З дакладам выступіў прафэсар Алег Латышонак: «Калі хтосьці ня ведае, з чаго і адкуль пачалася дзяржава, у якой ён зьяўляецца прэм’ер-міністрам, дык нічога добрага можна не чакаць. Калі б Кебіч адчуваў сябе пераемнікам Язэпа Варонкі — першага прэм’ера БНР, напэўна, так марна ня скончыў бы ў выбарах з Лукашэнкам. Думаю, што і спадар Лукашэнка, які ня ведае, скуль карані дзяржавы, якой ён кіруе, скончыць таксама, як і Кебіч».

У Вільні сьвяткавалі трыма патокамі. Блізкая да беларускага пасольства арганізацыя Лявона Мурашкі зрабіла школьны канцэрт, чым забясьпечыла поўную залю бацькоў. Варожая гэтай арганізацыі суполка Хведара Нюнькі традыцыйна ладзіла стол і прымала Зянона Пазьняка. Тыя ж беларусы, што стаяць па-за канфрантацыяй гэтых дзьвюх суполак, зладзілі сьвяточны малебен у беларускай царкве, усклалі кветкі да магілы К.Каліноўскага і паслухалі канцэрт Валянціны Кавальчук і Зьмітра Бартосіка.

Вучыцца сьвяткаваць

Вулічныя акцыі безумоўна патрэбныя. Найперш для тых людзей, якія пра БНР могуць пачуць хіба з навінаў НТВ. Сьвяткаваньне ў залях ды офісах («рэзэрвацыях» альбо «выспах свабоды», каму што падабаецца) не дае такога прапагандысцкага эфэкту ў грамадзтве, як вулічныя акцыі. Дадамо: як акцыі добра прадуманыя, арганізаваныя і як сьлед праведзеныя. Пра менскія падзеі 23 і 25 сакавіка гэтага ня скажаш. Таму трэба вучыцца сьвяткаваць нашае найвялікшае нацыянальнае сьвята.

Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0