Забойства прэм’ера Сэрбіі стала шокам для ўсходнеэўрапейскіх палітыкаў. Ці азначае яно, што палітычныя перамены ў Беларусі таксама немагчымыя без супрацоўніцтва дэмакратаў з крыміналам?

Прэзыдэнт Каштуніца быў візытоўкай сэрбскай рэвалюцыі, Джынджыч — яе рухавіком. Доктар філязофіі, выпускнік нямецкіх унівэрсытэтаў, ён вярнуўся на радзіму, каб стварыць Дэмакратычную партыю і стаць адным зь лідэраў вулічных пратэстаў 1996 г., а пасьля — мэрам Бялграду. Скінуты з пасады ў выніку здрады Вука Драшкавіча, ён ня зьехаў на эміграцыю. Палкі тэмпэрамэнт дапамог Джынджычу захаваць аўтарытэт, нават калі дзяржаўная прапаганда абвінаваціла яго ў дэзэрцірстве — падчас NATOўскіх налётаў Джынджыч не падпарадкаваўся загаду аб усеагульнай мабілізацыі. Ён пераседзеў бамбёжкі ў Чарнагорыі, апраўдваючыся, што «ў войску Мілошавіч падстроіў бы маё забойства». Аднак памерці Джынджычу судзілася інакш.

Прэм’ер пакутліва рухаўся на мыліцах ад машыны да дзьвярэй будынку ўраду, калі яго прадзіравілі тры снайпэрскія кулі.

Джынджыч увойдзе ў гісторыю як палітык, што распачаў паварот Сэрбіі да Эўропы. Але ён ня быў палітыкам з зусім чыстымі рукамі. Дый ці магчыма такое ў Югаславіі, дзе дэмакраты мусілі мабілізаваць усе сілы, якія толькі маглі выступіць супраць Мілошавіча? «Даводзілася мець сяброў ня толькі ў раі, але і ў пекле», — прызнаваўся сам Джынджыч. Ён загінуў, калі паспрабаваў разарваць дамову з «д’яблам», — такую вэрсію вылучае сэрбская прэса.

Каб выжыць ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі, Мілошавіч вымушаны быў парушаць міжнародныя санкцыі, што прывяло да ўзьнікненьня крыміналізаванай алігархіі. Сувязі між палітыкамі, злачынным сьветам, бізнэсам і «органамі» ў Сэрбіі дасягнулі небясьпечных памераў. Палітычнае жыцьцё пачало нагадваць барацьбу мафіёзных кланаў. Таямнічыя забойствы зрабіліся неад’емным элемэнтам палітычнага краявіду.

У студзені 2000 г. пры нявысьветленых акалічнасьцях быў забіты Жэлька «Аркан» Ражнятавіч, «герой» вайны ў Босьніі. Пасьля былі два няўдалыя замахі на Вука Драшкавіча (у адным зь іх загінулі чатыры Драшкавічавы ахоўнікі). Нарэшце, зьнік падчас ранішняй прабежкі ў парку Іван Стамбаліч, былы прэзыдэнт Сэрбіі.

Палкоўнік з «эскадрону сьмерці»

Пасьля забойства Джынджыча сэрбскі ўрад надзіва апэратыўна абвясьціў, што галоўнымі замоўцамі былі палкоўнік Міларад Лукавіч па мянушцы «Легіён» і Душан Спасоевіч па мянушцы «Шыптар» (зьняважлівая мянушка для альбанцаў). Лукавіч у 1998—2001 г. быў начальнікам брыгады спэцпрызначэньня (БСП), ці «чырвоных барэтаў». У маладосьці ён разам зь сябрукамі нападаў на крамы. Пасьля чарговага нападу ўцёк на Захад, дзе ў 80-х служыў у «Замежным легіёне». Адсюль і мянушка. Вярнуўся на радзіму ў пачатку 90-х і далучыўся да ўтворанай «Арканам» Сэрбскай добраахвотнай гвардыі (СДГ).

Пасьля вайны ў Босьніі Лукавіч перайшоў у БСП, служыў у Косаве. У кастрычніку 1998 г. ён атрымаў званьне палкоўніка і ачоліў брыгаду, якая здабыла сумную славу Мілошавічавага «эскадрону сьмерці».

У кастрычніку 2000 г. пасьля прэзыдэнцкіх выбараў сотні тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Бялграду, каб прымусіць Мілошавіча прызнаць вынікі кампаніі. Дэманстрантаў можна было разагнаць, ужыўшы зброю. Аднак БСП рабіць гэтага ня стала.

Дамова з «д’яблам»

Мірнаму вырашэньню паспрыяла размова Джынджыча з Лукавічам. Першы пазьней шмат разоў падкрэсьліваў: «Многія абавязаны «Легіёну» жыцьцём, у тым ліку і я». Палкоўніку, відаць, паабяцалі амністыю за ранейшыя злачынствы. Лукавіч застаўся начальнікам «чырвоных барэтаў». Ён быў адхілены ад пасады ў траўні 2001 г., калі выклікаў «задымленьне» ў дыскатэцы, якое скончылася пажарам. Месяцам пазьней Лукавіч справакаваў страляніну ў начным клюбе падчас сьвяткаваньня дня нараджэньня ўдавы «Аркана» Сьвятланы Ражнятавіч («Цэцы»), зоркі сэрбскае папсы. Тады ўжо яго канчаткова звольнілі, але справу-такі «замялі».

Лукавіч захаваў уплыў у БСП, яе начальнікам зрабіўся ягоны намесьнік Міларад Брацянавіч. «Легіён» быў завадатарам бунту «чырвоных барэтаў» у лістападзе 2001 г. Спэцназ стаў на дыбкі, калі Карла Дэль Понтэ прывезла ў Бялград сьпіс з 200 асобаў, што мусілі паўстаць перад Гаагскім трыбуналам. Там было і Лукавічава прозьвішча.

«Легіён» быў зьвязаны зь Ёвічам Станішычам, у 1991—98 г. начальнікам службы бясьпекі Мілошавіча, стваральнікам ваенізаваных брыгад, які і ўзяў Лукавіча ў БСП. Станішыч — даўні сябар Джынджыча. Гэта ён арганізаваў спатканьне Джынджыча й Лукавіча. Пры Каштуніцу Станішычавы людзі занялі важныя пасады ў спэцслужбах, што выклікала крытыку з боку лібэральных СМІ. У траўні 2001 г. харвацкі тыднёвік «Nacional» зьвінаваціў Джынджыча і Станішыча ў спрыяньні Станку Субоцічу, каралю цыгарэтнае кантрабанды. Джынджыч казаў, што не знаёмы з Субоцічам. Але потым прызнаўся: у перамовах з «British American Tobacco» наконт будаўніцтва цыгарэтнай фабрыкі той быў пасярэднікам. Апроч таго, Джынджыч шмат разоў лётаў Субоцічавым самалётам.

«Шыптар», кіраўнік «Зэмуну»

Другі галоўны падазроны ў забойстве Джынджыча — Душан Спасоевіч, кіраўнік злачыннай групоўкі «Зэмун» (гэтак завецца раён Бялграду). Клан спэцыялізуецца на кантрабандзе наркотыкаў і выкраданьні бізнэсоўцаў. «Легіён» — кум Спасоевіча (хросны бацька дзіцяці).

Спасоевіч пачынаў кар’еру ў іншым мафіёзным клане «Сурчын» (мястэчка пад Бялградам), што спэцыялізаваўся на крадзяжы аўтамабіляў. Іншы кум Спасоевіча — Любуш «Буга» Чэме, правадыр «Сурчыну». «Буга», у сваю чаргу, — кум Драгалюба Маркавіча, гаспадара найбольшай птушкафабрыкі на Балканах, якога называюць «мозгам «Сурчыну». Блізкім сябрам і другім кумам апошняга быў… Зоран Джынджыч, якога Драгалюб кансультаваў у пытаньнях сельскай гаспадаркі.

Чуткі пра сувязь Джынджыча з «Сурчынам» дасягнулі апагею пасьля забойства ў жніўні 2001 г. Маміра Гаўрылавіча, былога высокага функцыянэра спэцслужбаў. Каштуніца хацеў стварыць парлямэнцкую камісію для расьсьледаваньня, але прапанова была адхіленая 100 галасамі супраць 98. Невялікая партыя «Новая Сэрбія» ў апошні момант прагаласавала супраць. Паводле СМІ, Джынджыч паабяцаў пабудаваць цыгарэтную фабрыку ў родным горадзе кіраўніка партыі.

У маі 2002 г. успыхнула вайна між «Сурчынам» і «Зэмунам». Зьнікла жонка «Бугі» Ліляна, а ў жніўні 2002 г. і сам ён уцёк з Сэрбіі.

Шляхі Джынджыча і Лукавіча мусілі некалі разысьціся. Першы ня мог трываць існаваньне паралельнай «дзяржавы ў дзяржаве», другі не хацеў у Гаагу. Вашынгтон паставіў фінансавую дапамогу Сэрбіі ў залежнасьць ад зьвядзеньня рахункаў зь мінулым. Але Джынджыч не адчуваў дастатковае сілы, каб распусьціць спэцслужбы і зьвязаныя зь імі злачынныя групоўкі.

21 студзеня сэрбскі тыднёвік «Identitet» апублікаваў стэнаграму размовы Джынджыча з дарадцам, у якой згадвалася аб арышце «няпэўных» чальцоў БСП і лідэраў «Зэмуну». 24 студзеня ўрад адправіў у адстаўку кіраўніцтва службы бясьпекі — у тым ліку і М.Брацянавіча. У той самы дзень паліцыя знайшла наркотыкі ў гандлёвым цэнтры, што належаў «Бугу». Той па тэлебачаньні назваў знаходку правакацыяй Спасоевіча, Лукавіча і Брацянавіча. Лукавіч адказаў адкрытым пісьмом, у якім абвінаваціў урад у здрадзе нацыянальным інтарэсам: «Гуляючы лёсам цэлага народу, яны зьнішчаюць апошнія бастыёны нацыянальнага гонару і годнасьці, ашукваюць нацыю, не называючы колькасьці людзкіх галоў, якія мусяць прынесьці ў ахвяру Гаагскаму трыбуналу».

На мушцы снайпэра

Паводле штотыднёвіка «Nin», «Легіён» сустракаўся з Джынджычам і палохаў яго сьмерцю. 21 лютага адбыўся першы замах. Грузавік, якім кіраваў чалавек з «Зэмуну», тараніў машыну прэм’ера. Ахова адкрыла дарогу злачынцу, якога, праўда, схапілі, але назаўтра адпусьцілі. Пасьля лютаўскага замаху Джынджыч вырашыў зьмяніць ахову.

7 сакавіка СМІ абабегла сэнсацыйная навіна: у краіну вярнуўся «Буга». 11 сакавіка на першай паласе «Identitet» зьявіўся артыкул пад назвай «Джынджыч на мушцы снайпэра — сэрбы з Гаагі замовілі замах». На наступны дзень прэм’ер-міністар Сэрбіі — хутчэй за ўсё, «падстаўлены» аховай — быў забіты.

Усё паказвае на тое, што Джынджыча зьнішчыла мафія, зьвязаная з спэцслужбамі. Наступнік Джынджыча — Зоран Жыўкавіч, мэр Нішу, другога па велічыні сэрбскага гораду. Яго чакае барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць. Альбо згодніцтва, якое таксама вядзе да сьмерці?

Амэрыканцы дапамагалі сэрбскім дэмакратам, пакуль трэ было зваліць Мілошавіча. Пасьля ўрад застаўся сам-насам з сваёй краінай, падобнай да Італіі ў часы росквіту «коза ностры».

У Беларусі крымінальны бізнэс ня мае такога ўплыву на палітыку. Тут у аснове эканамічнай мадэлі — не крыміналізацыя гаспадаркі, а расейскія эканамічныя датацыі. Лукашэнкаўцы вінавацілі ў кантактах з крымінальным сьветам Захаранку і Ганчара, але не далі ніякіх доказаў, ці гэта сапраўды было так. Дэмакратычная прэса, у сваю чаргу, закідала Лібэральна-дэмакратычнай партыі сувязі з «шэрым бізнэсам» і спэцслужбамі адначасова. Беларускія дэмакраты спадзяюцца, што ў нашай краіне ўсё яшчэ магчымы паўночны — літоўскі ці польскі сцэнар, калі перамены ажыцьцяўляе шырокі нацыянальны рух пры падтрымцы ўладнай эліты, незадаволенай ранейшай сыстэмай. Не хацелася б ісьці сэрбскім шляхам — калі ўладу атрымлівае шматковая апазыцыя, залежная і ад замежных спонсараў, і ад саюзьнікаў кшталту «Зэмуну».

Франц Субель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0