Беларусь наведаў міністар замежных справаў Кубы Фэліпэ Пэрэс Роке. Перад Менскам ён пабываў у Кіеве. Беларускі візыт быў удвая даўжэйшы проці ўкраінскага.

Куба — ня першы наш партнэр. Аб’ём двухбаковага гандлю зь ёй у 2002 г. склаў 32 млн. даляраў. Пастаўляем Фідэлю трактары, угнаеньні, вопратку, а ён нам — цукар ды лекі.

Кубінскі міністар ад’яжджаў на радзіму «з пачуцьцём захапленьня тым, як беларускі народ супрацьстаіць вонкаваму ціску». Наўрад ці Ф.П.Роке меў на ўвазе Расею.

БТ адрэагавала на візыт настальгічным рэпартажам — з інтэрвію салдатаў-беларусаў, якіх у часы Карыбскага крызысу перакінулі на Востраў Свабоды, пераапрануўшы сельгасработнікамі. Дыктарка замілавана распавядала пра трапяткое стаўленьне кубінцаў да савецкага войска. «Жабы там такія — пакладзеш у вядро адну, дык болей ня ўлезе. Гэта ў іх далікатэс», — камэнтаваў вэтэран-інтэрнацыяналіст.

СМ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0