Чаму я люблю Садама

Максымум праз пару тыдняў янкі замочаць Садама. Як левы, нічога ня маю супраць зьвяржэньня палітыка, які зьнішчыў кампартыю і шчаміў курдаў. Не разумею лёзунгу, зь якім мы — анархісты — выйшлі да амбасады ЗША: «No war». Вайна і левыя — справа складаная. Бакунін фармаваў валанцёраў на дапамогу Каліноўскаму, каб справакаваць Францыю атакаваць Расею, Троцкі пасылаў Будзённага ўзьнімаць Індыю, напярэдадні адкрыцьця другога фронту анархісты набылі танкі для Эйзэнхаўэра.

Усё залежыць ад таго, што за інтэрвэнцыя. У 1919 г. саветы спрабавалі штучна заснаваць у Іране «Гілянскую савецкую рэспубліку». Адным з «інтэрвэнтаў» быў паэт Хлебнікаў. Ён агітаваў за камунізм, забіваючы касяк. Такую інтэрвэнцыю вітаю, а бамбардзіровак мірных жыхароў я не падтрымліваю.

Чаму ў такім разе вітаю Садама?

Газуючы ў рамках фуршэту-сэмінару, прысьвечанага вайсковаму таленту Кім Чэн Іра, у амбасадзе КНДР у Маскве, сустрэў тав.Палішчука. У 90-м у Кіеве ён пад мянушкай «Камісар» узначальваў «Рэвалюцыйна-патрыятычны саюз «Промні Чучхэ». «Промні» сьцябалі камуністаў, выкарыстоўваючы чучхейскую лексыку. Пасьля Палішчук, якому жарсьць да чучхеізму не замінала быць сябрам Руху, пайшоў ва ўладу, дэпутацтваваў, накасіў «бабуліну» на нейкай карупцыйнай дамове.

А потым на ўсё паклаў — на кар’еру, на Рух, на грошы. Сёньня, як у лепшыя часы, «разводзіць» Пхеньян: муціць сэмінар чучханутых у Парыжы.

«На які ляд табе, Камісар, чучха?» — спытаў я. «У нас, Лёлік, ва Ўкраіне тая ж чучха, толькі сумна», — адказаў Камісар і пачаў чытаць вар’яцкі даклад аб тым, як брашурка Кім Чэн Іра перапужала янкі, аж тыя спынілі вайсковыя вучэньні «Тым Сьпірыт».

Адыходзяць у мінулае экзатычныя сатрапы, якія елі сваіх апанэнтаў (Бакаса), забаранялі гарады (Пол Пот), складалі рэвалюцыйныя опэры (Кім Ір Сэн)...

Мярзотнікі яны былі сапраўдныя, аднак новы тып тыранаў яшчэ горшы.

Настае час шэрых дыктатараў. Цяпер дастаткова фармальна вызнаваць «правы чалавека», аддаваць даніну павагі Беламу дому, даслаць «супрацьхімічны батальён» на чарговую акцыю кшталту «Свабоду Кубе». Пасьля можна спакойна катаваць дысыдэнтаў і прыгнятаць прэсу, як гэта робяць ва Ўзбэкістане, Казахстане, Пакістане...

Глябалізацыя на пэрыфэрыі капіталізму — перш за ўсё глябалізацыя культуры дыктатараў. Таму я ня згодзен з Андрэ Глюксаманам, які ў кнізе «Дастаеўскі на Мангэтане» піша, што бэн Ладэн — духоўны нашчадак д’яблаў Дастаеўскага. Пятруша Верхавенскі ніколі б не дадумаўся, як Хусэйн, пераназваць даўно заняты марпехамі гарадок Ум-Каср у гонар сваіх шахідаў у Суіцыдаўск. Горад даўно б насіў імя «Бушбург».

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0