Гады чатыры таму, адкрыўшы газэту «Из рук в руки», у рубрыцы аб продажы жывёл можна было ўбачыць дзясяткі тры-чатыры абвестак. Цяпер колькасьць такіх прапаноў набліжаецца да дзьвюх соцень. Скажам «дзякуй» за гэта нашым кіналягічным клюбам, што распладзіліся, бы грыбы ў дажджлівае лета. Зь іх блаславеньня тысячы грамадзян адным разам сталі заводчыкамі-прафэсіяналамі і гаспадарамі гадавальнікаў, разьмешчаных у залях і кухнях тыповых хрушчобаў.

Гэткая «заводчыца», нагледзеўшы на сабачай выставе нябеднага наведвальніка, угаворвае яго набыць сабаку. Абяцае сусьветную вядомасьць, вяртаньне грошай, што пайшлі на пакупку, салідны прыбытак у «зялёных». Чалавек урэшце купляе чорнага лябрадора вельмі сьціплых паказьнікаў (яшчэ двох аддалі задарма клюбу службовай сабакагадоўлі, бо ніхто не купляў) за некалькі соцень «зялёных». Заводчыца адчувае магчымасьць далейшага пампаваньня грошай. Яна набіваецца да пакупніка ў хендлеры — так завецца той, хто рыхтуе сабаку да спаборніцтваў. Пасьля пераконвае гаспадара, што ў Беларусі для яго «прынцэсы» няма адпаведнага кабяля, і бедны сабакавод купляе цэлае купэ для паездкі ў Маскву, аплачвае ўсе выдаткі й шчодра спансуе хендлерку.

Праз паўтара месяца, калі «жывы куток» палез ва ўсе шчыліны, пакідаючы за сабой ручаі і купкі экскрэмэнтаў, ашалелы гаспадар тэлефануе падманшчыцы і нагадвае пра абяцаньне дапамагчы ўладкаваць шчанюкоў. «Вельмі шкада, — сумна кажа тая, — але рынак — гэта жывы арганізм і сёньня патрэбныя лябрадоры іншай масьці». Гаспадар зграі болей ня прагне міжнароднага прызнаньня і мэдалёў, не цікавяць яго і грошы. Ён стаміўся, спакутаваўся і невыносна хоча спаць, бо ўначы карміць шчанюкоў даводзіцца па чарзе. Нарэшце ён разумее, што яго «кінулі». І пачынае шрайбаць у газэты абвесткі, шукаючы «добрых рук». А праз тыдзень аддае сваіх лябрадораў задарма вядомай перакупніцы, якая пільна адсочвае такія абвесткі. Былы гаспадар стараецца ня думаць пра лёс сваёй чорнай дурасьлівай зграі. Шчанюкі прынесьлі яму шмат клопату, але сэрца пасьпела да іх прыкіпець.

Толькі цяпер ён прыгадвае, што неяк у тралейбусе, калі машына была ў рамонце, ён бачыў абвестку з заклікам не разводзіць бескантрольна жывёл, праводзіць біястэрылізацыю. Ну ды што цяпер зробіш…

Кіналягічныя клюбы ў іх цяперашнім выглядзе — чыста камэрцыйныя прадпрыемствы. Чым болей гаспадароў сабак уступае ў клюб, тым больш прадстаўнічымі будуць выставы, за кошт якіх клюб існуе. Некаторыя заводчыкі трымаюць дзьвюх сучак і, атрымліваючы ад клюбу «дабро» на вязку, пад адну радаслоўную афармляюць абодва вывадкі. Рынак перапоўнены сабакамі з падробнымі дакумэнтамі. Прапануючы шчанюкоў, бывае, кажуць: «Бярыце любога, але з дакумэнтамі 100 у.а., а бязь іх — 50!» З большай ахвотай бяруць за 50, а пад радаслоўную ідзе шчанюк зь іншага памёту, які ня мае адносінаў да дакумэнтаў. Ёсьць і такія «аматары», што змудраюцца трымаць і разводзіць па дзьве-тры пароды адначасова.

Час ужо клюбам перабудаваць сваю работу і адшукаць магчымасьці атрымліваць прыбыткі, не памнажаючы бедаў жывёл. Што важней для нашай краіны — мець сабаку-чэмпіёна ці ня мець бадзяжных жывёл на вуліцах?

У красавіку адбудзецца разгляд у першым чытаньні Закону «Аб абыходжаньні з жывёламі». А пакуль штогод у Беларусі зьнішчаецца да 65 тыс. жывёл-кампаньёнаў.

Маргарыта Пушкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0