11 Красавіка

Крывіцкія крамы

Прадпрымальнік Максім Станкевіч адчыніў у Крывічох гаспадарчую краму. Людзі вельмі задаволеныя: ня трэба па кожны цьвік ляцець у Мядзела (так у нас называюць Мядзел). Асартымэнт багаты — каля 600 найменьняў. Месьцяцца «Гаспадарчыя тавары і будматэрыялы» на плошчы, ля мосту цераз Сэрвач, недалёка ад «Крынічкі» — прадуктовай крамы, якую Максімаў брат Руслан адчыніў з год таму. Маюць Станкевічы таксама краму ў Будславе. Зьбіраюцца адчыніць у Крывічох кавярню.

Іншы мясцовы прадпрымальнік, Леанід Дзевялтоўскі, рамантуе будынак колішняй дзяржаўнай цырульні — хоча перавезьці сваю краму ў прастарнейшае памяшканьне.

Вацлаў Зьвяруга, Мядзел

Скавародка пераносіць кірмаш

Мёрскі райвыканкам забараніў індывідуальным прадпрымальнікам гандляваць на плошчы па вул.Камуністычнай, што ў цэнтры гораду. Ім прапанавалі перанесьці свае намёты на рынак райспажыўтаварыства. Апошні месьціцца на самым ускрайку Мёраў і працуе толькі ў нядзелі. 57 прадпрымальнікаў моцна наракаюць на выканкам: арэнда гандлёвага месца на цэнтральнай плошчы каштуе 3—4 тыс. руб., а за «бангалор» дзяруць пад 6 тыс. Апроч таго, РайСТ бярэ грошы за стаянку і за ўезд машыны на рынак. Мёрцы просяць старшыню райвыканкаму В.Скавародку пакінуць кірмаш у цэнтры гораду. Пад адпаведнай заявай стаіць ужо больш за 500 подпісаў.

В.Ралейна, Мёры

Застаўся бяз вудаў

Нарачаншчына — край рыбацкі, і нават рабункі тут адметныя. У Мядзеле проста на вуліцы 35-гадовы мужчына забраў у старэйшага калегі дзьве вуды і 160 мармышак. Пацярпелы некалькі тыдняў у міліцыю не зьвяртаўся, мо думаў сам вуды вярнуць. Але не ўдалося — мусіў пайсьці па дапамогу да міліцыянтаў.

Алесь Высоцкі, Мядзел

Смургоням падораць гадзіньнік

Смургоні рыхтуюцца да 500-годзьдзя. Вядуцца будаўнічыя работы па вул.Савецкай, што ў цэнтры гораду. Яна, ад школы і да плошчы Леніна, будзе цалкам рэканструяваная згодна з праектам гарадзенскіх архітэктараў. Пакладуць новы асфальт, абновяць фасады дамоў, крамаў. Дахі пакрыюць мэталадахоўкай. На будынку гарадзкога быткамбінату зьявіцца гадзіньнік — але толькі ў тым выпадку, калі зьявяцца грошы. Уся цэнтральная частка гораду будзе адрамантаваная да восені.

Андрэй Мялешка, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0