Скульптураў беларускіх гістарычных дзеячоў у краіне вобмаль. Сярод іншых «манумэнтаў, якіх няма», можна назваць і помнік Міндоўгу, адзінаму ўласна беларускаму каралю. Адкрыцьцё або закладка такой скульптуры прадугледжваецца праграмай сьвяткаваньня 750-годзьдзя каранацыі князя. На паседжаньнях аргкамітэту сьвята згадвалася імя Валяр’яна Янушкевіча, які некалі распрацоўваў помнік Міндоўгу. Амаль гатовы праект стаіць у майстэрні скульптара. Гэта можа быць першая конная скульптура беларускаму гістарычнаму дзеячу.

Манумэнты манархаў-вершнікаў — ці не найлепшае ўвасабленьне велічы дзяржаўнай ідэі. Згадаць хоць бы статую Карла Вялікага альбо расейскага Меднага Вершніка.

Яшчэ ў сярэдзіне 90-х В.Янушкевіч езьдзіў у Наваградак выбіраць месца для помніка і дамаўляцца з уладамі. Тагачасны міністар культуры Анатоль Бутэвіч і наваградзкія чыноўнікі гэтаму спрыялі, але забракавала грошай. У другой палове 90-х ідэя была пахаваная з палітычных прычынаў.

Старшыня аргкамітэту Анатоль Грыцкевіч зазначыў, што на паседжаньнях пакуль не абмяркоўвалася канкрэтная працэдура выбару і ўсталяваньня помніка. Тым часам, свае варыянты манумэнту на разгляд у аргкамітэт даслалі санкт-пецярбурскія беларусы Ігар Жураўскі, Іван Чарнякевіч і Вячаслаў Гігола.

Праект І.Жураўскага — узброены рыцар зь лятэранскім крыжам на грудзях. Выява мусіць стаяць на невысокім пастамэнце зь неапрацаванага каменю, аздобленым шыльдай з бронзавай каронай, надпісам «Міндоўг» і лічбамі «1253—2003». Помнік можна ўсталяваць тварам да замку ў сквэры на цэнтральным пляцы Наваградку.

Праект І.Чарнякевіча больш сымбалічны: стылізаваная вежа-данжон, зробленая з кавалку трубы вялікага дыямэтру; у сьценках мусяць быць прарэзаныя выявы мяча, крыжа, кароны, надпіс «Міндоўг» і лічбы «1253—2003». Вежу трэба зарыентаваць па сонцы, каб у тую гадзіну, калі адбывалася каранацыя, скрозь прарэзаныя насупраць крыж і карону праходзіў сонечны прамень. Месца ўсталяваньня — сквэр ля касьцёлу сьвятога Міхала.

Праект В.Гіголы алегарычна адлюстроўвае закладаньне падвалінаў беларускай дзяржаўнасьці (недабудаваны мур і чатыры кутнія камяні вакол крыжа).

М.Купава ацаніў пецярбурскія праекты крытычна: «Думаю, нам тут удасца стварыць штосьці лепшае. Мы таму і праводзім выставу Саюзу мастакоў, прымеркаваную да гэтага юбілею, каб зьявіліся вартыя творы».

«Прапановы пецярбурскіх беларусаў вартыя ўвагі як адбітак пэўнай грамадзкай думкі, — лічыць мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі. — Але прафэсійныя пытаньні павінны вырашаць прафэсіяналы».

На думку мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, праблема ня столькі ў тым, як будзе выглядаць помнік Міндоўгу, колькі ў тым, што будзе ведаць пра караля грамадзтва: «Калі герой не асэнсаваны нацыяй, не ўвайшоў у народную сьведамасьць, то спробы мастакоў будуць выглядаць прафанацыяй».

«Ёсьць небясьпека, што, узяўшыся за вобраз Міндоўга, скульптары паспрабуюць рамантызаваць яго, — згаджаецца П.Васілеўскі. — Так і бачыш таго князя высакародным рыцарам з каронаю на галаве, мячом у руцэ і «Пагоняю» на тарчы. Хацелася б, каб пад гэтым жалезьзем не пахавалі чалавека, супярэчлівую асобу з драматычным лёсам. Каб форма ня зьела зьмест.

Лепей бы мэмарыял у Наваградку стаўся ня помнікам Міндоўгу, але помнікам каранацыі. Асьвечаная Рымам карона на галаве беларускага ўладара — гэта ўкаранаваная Эўропаю Беларусь. Сам Міндоўг — ня больш чым статыст гістарычнай сцэны. Было б лягічна, каб у кампазыцыі помніка Міндоўг успрымаўся прыдаткам да кароны. Укаранаваны ня князь, але Беларусь-Літва».

Ідэі генэруюцца. А што ж з увасабленьнем? На лісты, разасланыя аргкамітэтам сьвяткаваньня ў Міністэрства культуры, Саўмін, іншыя інстанцыі, што загадваюць вырабам і ўсталяваньнем помнікаў, адказу пакуль няма. Загадчык аддзелу культуры Наваградзкага гарвыканкаму Аляксандар Крашына ўвогуле кажа, што ніякіх зваротаў не атрымліваў: «Мы чулі, што аргкамітэт прыняў нейкую адозву, але ж гэта было бяз нашага ўдзелу. Для нас самае галоўнае — правесьці міжнародную навуковую канфэрэнцыю, якую нам дапамагае арганізоўваць Акадэмія навук. Па выніках канфэрэнцыі выдадзім зборнік працаў — гэта і будзе вынік на гады». Паводле словаў А.Крашыны, ідэя пастаноўкі помніка заўчасная, бо... «пакуль што няма ўмоваў для гэтага».

А.В.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0