На Малой сцэне Купалаўскага — прэм’ера монаспэктаклю «Беларусь у фантастычных апавяданьнях» паводле Яна Баршчэўскага.

Пры ўваходзе, у дадатак да праграмкі, давалі бясплатную комплексную рэкляму Менскага заводу шампанскіх вінаў, якойсь друкарні ды выставы фатамайстра Артура Прупаса, аздобленую здымкам трох дзявуль пад парасонам. Невядома, ці ўкладаюцца іх выявы ў рамкі дазволеных Дзяржкамдрукам 30% аголенага цела. Адны ногі пацягнуць працэнтаў на шэсьцьдзесят...

Прыцемненая сцэна абстаўленая вельмі ўтульным хатнім рэквізытам: калядная зорка, газьнічка, жыта ў плеценых кашах і мяхох. У адным, праўда, былі семкі. Ці то чорнае жыта? Прыгожы вобраз.

Пакуль чакалі пачатку дзеі, згадаўся Завальня-Гасьцюхін з аднайменнага фільму — перабольшана патасны, нібы нежывы. Відавочна не адчуваў рэаліяў, якія мусіў увасабляць. Заставалася гаварыць пра маральнасьць. Дый ня дужа пераконліва глядзелася, як і фальшывая барада ды расейская мова беларускага шляхціца. Дальнабойшчык з Гасьцюхіна лепшы.

Новы «купалаўскі» Завальня і ўсе-ўсе-ўсе ў адной асобе актора Генадзя Давыдзькі — а ён і апавядальнік, і прыслужнік, і сам пан, і кожны з гасьцей — ня маюць у характары ані сьледу фанабэрыі. На шчасьце. Ані сьледу шляхецкасьці — на жаль.

Вобразы глыбока народныя, бурлескныя — аж да невялікай татуіроўкі на руцэ артыста. Яны пахехекваюць, пасопваюць, прытупваюць, хітра адцягваючы глядацкую ўвагу на гэтыя свае выкрунтасы. А актор, нібы між іншым, перасыпае жыта, сьвечкі запальвае, баіць рознымі галасамі пра Белую Сароку, зграі ваўкалакаў, чарнакніжніка. І пры канцы як на талерачцы падае прыціхлым гледачам глыбачэзную, прыхаваную дагэтуль, трагедыю. Маўляў, то ж бо — у краі «жыці весела, толькі некаму». Згадваецца колісь вучанае: Белая Сарока — правобраз царыцы Кацярыны. Хто ж тады яе служка пан Скамарох? Адказ ляжыць на паверхні. І няма ў фінале гераічнае сьветліні «Тутэйшых». Няма надзеі. Толькі цёмны одум.

У аксамітнай фіялетавай цемры Малой сцэны (нізавошта ня скажаш, што за сьцяной — кавярня ў стылі «залатых сямідзясятых», з абкладзенымі «кабанчыкам» сьценамі) асабліва магутна, асабліва да месца гучаць сьпевы Івана Кірчука. Яшчэ адна выйгрышная рэжысэрская знаходка.

Доўгае спакойнае жыцьцё пастаноўцы можа гарантаваць і тое, што, у адрозьненьне ад дзясяткаў іншых монаспэктакляў, гэты — нядоўгі. Гадзіна зь нечым. Наступны раз яго пакажуць 25 красавіка.

Сяргей Мікулевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0