11 Красавіка

Андрэю А. з Гомелю. Ваш тэкст пра Гомель шматслоўны, вялікая частка выкладзеных фактаў перапісаная з падручнікаў і даведнікаў. Асабістыя ўражаньні павярхоўныя. Няма сэнсу распавядаць, што вакзал у Гомелі — «невялічкі трохпавярховы будынак у клясычнай савецкай манеры пачатку 50-х». Той, хто прыедзе, сам адразу гэта пабачыць. Калі хочаце папулярызаваць свой горад, пішыце нам паведамленьні пра сёньняшняе жыцьцё гомельцаў.

Аляксандру М-му зь Віцебску. У Вас выйшаў сапраўдны літаратурны эцюд. «НН», на жаль, такога кшталту твораў цяпер не друкуе. Перашліце яго мо ў якую іншую газэту — «Народнае слова», «Витебский курьер», «ЛіМ».

Алегу А. зь Менску. Не дзяліце сьвядомых беларусаў, памнажайце іх.

Віктару Я. зь Менску. Дзякуй за добрыя словы. Меркаваньні і ацэнкі перадамо аўтарам.

Глебу Я. зь Менску. ЗША выгадна, каб Лукашэнка зрабіўся прэзыдэнтам РФ, бо будзе нагода распачаць з Расеяй вайну? Сумнеўна. Дый беларускай пазыцыі ў артыкуле не відаць: пішаце пра інтарэсы ЗША, Расеі, а на самае галоўнае забыліся. Другі матэрыял, «Ржавые грабли оппозиции», вытрыманы ў зьняважлівым тоне. Унікайце такога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0