У Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канфэрэнцыя «Чарнобыльская навука: посьпехі, праблемы, пэрспэктывы» з удзелам намесьніка старшыні Камітэту па праблемах ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС пры Саўміне Валер’я Шаўчука, старшыні Нацыянальнай камісіі па радыяцыйнай абароне Якуба Кенігсбэрга і дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека Элеаноры Капітонавай.

Яны прадставілі погляд беларускіх навукоўцаў на стан чарнобыльскіх тэрыторый і небясьпеку для здароўя беларусаў.

Як зазначыў В.Шаўчук, «вернута ў эксплюатацыю» пакуль няшмат забруджаных земляў. Сам працэс іх вяртаньня гаспадарцы эканамічна невыгадны, хоць, паводле радыяцыйных паказьнікаў, землі прыдатныя для выкарыстаньня. У Брагінскім раёне адна гаспадарка хацела вярнуць 70 га, але вымушаная была адмовіцца: няма каму апрацоўваць тую зямлю. І другая прычына: на большую плошчу пасеваў не стае ўгнаеньняў. А калі ў глебе мала ўгнаеньняў, расьліны цягнуць зь яе радыёнукліды. Акрамя таго, у чарнобыльскіх раёнах не стае працоўных рук. Тым ня менш, Беларусь пачынае маштабную рэабілітацыю забруджанай зямлі.

Я.Кенігсбэрг пэўны, што адсяленьне з забруджаных тэрыторыяў трэба спыніць. На сёньня, кажа ён, адсяляць трэба толькі адзін населены пункт на Магілёўшчыне. Гэта хутар, на якім жыве адзін чалавек — яго ўжо вывозілі калісьці, а ён вярнуўся. Агулам за 17 гадоў з «зоны» адселеныя 140 тыс. чалавек.

Узьнікла гаворка і пра вядомы даклад Міжнароднага навуковага камітэту па вывучэньні атамнай радыяцыі пры ААН (UNSCEAR), які выклікаў шмат нараканьняў з боку беларускіх дасьледчыкаў (гл. «НН» № 17 за 2001 г. і № 16 за 2002 г.). Беларусь дабілася ягонага перагляду. У той жа час зь некаторымі высновамі беларускія навукоўцы цяпер пагаджаюцца. Так, ужо сёньня казаць пра генэтычнае ўзьдзеяньне Чарнобыльскай катастрофы нельга. «У Японіі дозы апраменьваньня былі большыя, чым у нас, але нават там доўгатэрміновыя наступствы выявіліся толькі праз 20—30 гадоў. Дый тое у трэцім пакаленьні яны зьніклі. Наяўнасьць генэтычных наступстваў не пацьвярджаецца», — кажа Я.Кенігсбэрг.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0