Француская газэта «Le Monde» надрукавала копію справаздачы, падрыхтаванай, як сьцьвярджаецца, памочнікамі кіраўніка прамаскоўскае адміністрацыі Чачэніі Ахмада Кадырава і перададзенай у сакавіку Ўладзімеру Пуціну. Паводле справаздачы, за 2002 г. у Чачэніі было забіта 1314 цывільных асобаў.

Падаецца й сьпіс з 49 выяўленых месцаў масавых пахаваньняў. У адным зь іх, у цэнтры Грознага, выяўлена 260 целаў. Паблізу дачнага пасёлку Ханкала, дзе месьціцца найбольшая расейская вайсковая база, знойдзена 43 трупы, у Алхан-Кале — 35 і г.д.

У другой частцы дакладу пералічаныя забойствы, выпадкі знаходкі целаў зь сьлядамі гвалтоўнае сьмерці ды чалавечых парэшткаў. Пра магчымую датычнасьць да злачынстваў расейскіх войскаў сьведчыць іх дысьлякацыя ў найбліжэйшых ад месцаў забойстваў чачэнскіх вёсках.

У студзені—сакавіку 2003 г. у Чачэніі зафіксавана 70 забойстваў, 126 выкраданьняў, 19 зьнікненьняў і 25 выпадкаў знаходжаньня фрагмэнтаў чалавечых целаў.

Навошта ж быў зроблены гэты даклад? Газэта тлумачыць яго падрыхтоўку амбіцыямі Кадырава, які хацеў бы ўмацаваць свае палітычныя пазыцыі і зьменшыць уплыў вайскоўцаў, што акупуюць рэспубліку.

Прэс-сакратар Крамля па Чачэніі Сяргей Ястржэмбскі не пацьвердзіў і не абверг інфармацыі пра справаздачу.

Паводле «Le Monde»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0