У аўторак у менскіх кнігарнях зьявілася кніга «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя». Гістарычнага выданьня такой якасьці ў Беларусі яшчэ не было. На 320 старонках зьмешчаныя блізу 2000 ілюстрацыяў. Узяў у рукі — маеш рэч. Выданьне ўпрыгожваюць летапісныя мініятуры, сярэднявечныя гравюры, рэдкія фатаздымкі, частка якіх дагэтуль была невядомая нават беларускім гісторыкам. Зьмешчаныя ў кнізе выявы — толькі пятая частка таго масіву, зь якога рабіў выбарку мастак. На іх пошук і падбор пайшло амаль два гады. Кнігу стварылі пісьменьнік Уладзімер Арлоў ды мастак Зьміцер Герасімовіч.

З.Герасімовіч шкадуе, што не ўдалося напоўніцу «праілюстраваць» манэты ВКЛ, паказаць прыватныя рэчы, кніжкі, нават гузікі з вопраткі славутых асобаў: «Словы застаюцца словамі, а візуальнае ўспрыманьне ўсё ж лепш».

Найсьціплейшым на ілюстрацыі пэрыядам мастак назваў першыя стагодзьдзі існаваньня Вялікага Княства (ХІІІ—ХІV ст.): «Вельмі мала тагачасных беларускіх выяваў, дакладных архітэктурных рэканструкцыяў». Былі цяжкасьці і з XVIII ст. А часам наадварот — паўставала праблема пакутлівага выбару. Да прыкладу, мастак меў аж чатыры варыянты партрэту Генрыха Валуа. Самымі багатымі на «карцінкі» выявілася Адраджэньне й ХІХ ст.

«Я вельмі ўдзячны Сяргею Занкевічу, які аднойчы прынёс мне ілюстраваную «Гісторыю Баўгарыі». Захацелася зрабіць падобную беларускую кнігу. А сёньня можна ўпэўнена сказаць: у нас атрымалася лепш», — зазначае Ўладзімер Арлоў, аўтар тэксту. Кніга можа ўспрымацца на чатырох узроўнях: Першы — самі ілюстрацыі, разглядаючы якія ўжо атрымліваеш пэўнае ўяўленьне пра нашую мінуўшчыну. Другі ўзровень — подпісы пад выявамі. Трэці — вынаскі на палёх, дзе падаецца квінтэсэнцыя разьдзелу. Чацьверты — уся кніга цалкам.

Што новага пабачыць чытач, які ўжо мае «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі»? У.Арлоў адказвае так: «Мы пачынаем з больш раньніх часоў, чым «Дзесяць вякоў», дзе першая дата — 862 год. Першы разьдзел «Краіны Беларусі» мае назоў «Да зьяўленьня чалавека», і вядзецца там пра час, калі большая частка сучаснай Беларусі была марскім дном».

Ад «Ілюстраванай храналёгіі гісторыі Беларусі», апублікаванай выдавецтвам «БелЭн», «Краіна Беларусь» розьніцца прынцыпам складаньня і якасьцю друку. «Мы імкнуліся паказаць беларускую гісторыю як частку агульнаэўрапейскага руху цывілізацыі. Падрабязна паказалі гісторыю старажытных княстваў, дзяржаўны лад ВКЛ, дзе асоба мела шырокія для сваёй эпохі магчымасьці самавыяўленьня, бо вярхоўная ўлада была абмежаваная радай і соймам, а гарады жылі паводле магдэбурскага права. Потым былі Рэнэсанс і Рэфармацыя, якіх, на вялікі жаль, ня ведалі нашыя ўсходнія суседзі», — тлумачыць У.Арлоў.

Аўтары не адмаўляюцца ад плянаў перавыданьня кнігі па-расейску. Але — толькі пасьля рэалізацыі беларускага выданьня. «Краіна Беларусь», нягледзячы на высокі кошт (каля 40 тыс. у кнігарнях) і ніштаваты наклад (5 тыс. асобнікаў), мае ўсе шанцы хутка разысьціся. Гэтаму спрыяюць паліграфічныя характарыстыкі кнігі, апублікаванай на крэйдаванай паперы ў славацкай друкарні «Neografia». «Каб знайсьці друкарню, я зладзіў тэндэр. — кажа З.Герасімовіч. — У Беларусі вельмі цяжка дасягнуць такой якасьці, ня здолелі б яе забясьпечыць ані ва Ўкраіне, ані ў Літве. Славацкая друкарня «Neografia» — найлепшая ва Ўсходняй Эўропе: зь ёй працуюць немцы, палякі і нават славутае ангельскае выдавецтва «Dorling Kindersley».

З.Герасімовіч бачыць у падобных праектаў вялікую будучыню: «Надалей варта было б выдаваць гэткія ж якасныя, але меншыя аб’ёмам кнігі — старонак на 90 — вузейшай тэматыкі: гісторыя рыцарства, напрыклад».

У нас эўрапейская гісторыя. «Краіна Беларусь» — доказ, які немагчыма абвергнуць, мяркуюць аўтары.

Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0