Пакуль Беларусь паволі пагружаецца ў сьвяточны вясновы одум, пакуль каталіцкі Вялікдзень плаўна пераходзіць у праваслаўны, пакуль Лукашэнка ліхаманкава рыхтуе сэмінары па ідэалёгіі й вайсковыя вучэньні, а апазыцыя замірае ў чаканьні амэрыканскага Акту аб дэмакратыі — згаслая вайна ў Іраку саступае месца хваравітаму стану «пасьля тырана».

Цудоўнае вызваленьне з эфэктам раптоўнага зьнікненьня рэжыму ўражвала нас яшчэ ў Чэхіі ў 1989-м, у Баўгарыі ў 97-м, у Сэрбіі ў 2000-м. Багдад у гэтым сэнсе мала розьніцца ад Бялграду. Таму ў апошнія тыдні менавіта Ірак без Хусэйна заставаўся найцікавейшай ды найбольш паказальнай для Беларусі навіной. Сядзіш перад тэлеэкранам, міжволі ўяўляеш замест іракцаў беларусаў і дзівішся: няўжо і нашае «пасьля Лукашэнкі» будзе падобным?

Скіданьне помніка? Калякін будзе супраць, але Леніна на плошчы Незалежнасьці зрынуць пад пераможныя воклічы й зь вялікім задавальненьнем паскачуць на павержаным стодзе. Марадзёрства? У натоўпах моладзі, якія яўна будуць біць шыбы ва ўрадавых установах, знойдзецца нямала ахвочых да кампутараў і трафэяў нацыянальнага Алімпійскага камітэту. Чэргі па гуманітарку? У найлепшых традыцыях «рынкавага сацыялізму», раздача халяўных кансэрваў, шпрыцаў ды second hand (як і гандаль тымі кансэрвамі) пойдзе «на ўра». Стыхійныя мітынгі незадаволеных з патрабаваньнем вады, сьвятла, газу, хлеба й відовішчаў? Вельмі верагодна. Сваркі лідэраў апазыцыі наконт таго, хто тут галоўны змагар за дэмакратыю? Натуралёва! Напэўна, усё гэта проста непазьбежна.

Але чаго б вельмі не хацелася — каб пры гэтым вуліцы Менску патрулявалі жаўнеры зь дзьвюхгаловым арлом, каб «господа офицеры» выграбалі з касаў пачкі непатрэбных «зайчыкаў» на сувэніры, каб апазыцыйныя партыйцы на вуліцах пілі з танкістамі на брані «за дэмакратыю, за Пуціна», а якая-небудзь «часовая» адміністрацыя віншавала б грамадзянаў Беларусі зь зьвяржэньнем ненавіснага дыктатара й абяцала поўную бясьпеку ў рамках статуту ААН і канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі...

Кіньце! Ні Захад, ні Ўсход Беларусі ня збавяць. Гэта Эўропа, а не Ірак. І хоць сёлета нацыянальны рух выглядае як ніколі слабым ды разьяднаным, шлях у нас па-ранейшаму застаецца адзіны. Цяжкі, пакутны, ды свой.

Павал Севярынец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0