25 Красавіка

Супэрплуг

Мінойтаўскі рамонтны завод (Лідзкі раён) выпусьціў выпрабавальную партыю пяцікорпусных плугоў. Навінка абсталяваная корпусамі з аўтаматычнай абаронай, што забясьпечвае так званую «гладкую» арбу без барознаў. Сыстэма абароны дазваляе плугу абыходзіць камяні і іншыя перашкоды ды вяртацца ў зыходны стан. Ставіць яго будуць на трактары «Беларус». Плуг дазволіць эканоміць на кожным апрацаваным гектары да 4 літраў паліва. Налета завод плянуе рабіць да тысячы гэткіх плугоў у год.

Нацыяналізацыі ня будзе

Палата прадстаўнікоў адхіліла народжаны ў прэзыдэнцкіх структурах праект закону «Аб нацыяналізацыі».

Лёгкая рэгістрацыя

Сёлета можа зьмяніцца парадак рэгістрацыі юрыдычных асобаў ды прадпрымальнікаў. Неўзабаве ў палату прадстаўнікоў будзе ўнесены праект закону, які прадугледжвае заяўляльны, а не дазваляльны парадак рэгістрацыі. Калі закон пройдзе, дзяржава згубіць права адмовіць у рэгістрацыі. Створаць адзіны рэгістрацыйны орган замест сёньняшніх 16, а ліквідаваць юрыдычныя асобы зможа толькі гаспадарчы суд.

Перавозчыкам палёгка

Расейскі дзяржаўны мытны камітэт на няпэўны час прыпыніў дзеяньне свайго загаду, згодна зь якім беларускія перавозчыкі мелі права дастаўляць свае грузы толькі на 9 складаў вакол Масквы. Тыя правілы ставілі беларусаў у дужа нявыгадныя ўмовы ў параўнаньні зь перавозчыкамі зь іншых краінаў.

Аварыя ў банку

14 красавіка ў 16.30 зламаўся галоўны кампутарны сэрвэр «Беларусбанку». Рамантавалі яго да 4-й раніцы. Выявілася, што ў найбуйнейшага банку краіны няма запаснога сэрвэру. Добра, што аварыя адбылася ў фактычна непрацоўны час, інакш міжбанкаўскія разьлікі былі б спыненыя.

«Белтрансгаз» за грошы

Лукашэнка падпісаў указ, згодна зь якім акцыі «Белтрансгазу» будуць прадаваць толькі за грошы. Гэта ж тычыцца ўсіх буйных прыбытковых прадпрыемстваў, што будуць прыватызаваныя.

АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0