Пераможцы ў намінацыях «Рок-каранацыі» будуць вызначаныя паводле новай сыстэмы падліку галасоў. Інтрыга захаваецца літаральна да самага пачатку цырымоніі, ніхто гэтым разам ня здолее зьвінаваціць арганізатараў апытаньня ў махлярстве.

У аснове новай сыстэмы — факт выданьня на працягу мінулага году праграмы накладам ня менш як 300 асобнікаў для CD ці 500 — для MC. Магчыма, лічбу варта было б і падняць. Два дзясяткі журналістаў атрымалі анкеты, у якіх мусілі ў кожнай з намінацыяў вызначыць 3 ці 5 найлепшых, на іх думку, выканаўцаў. 15 красавіка адбыўся першы тур галасаваньня і былі вызначаны намінанты (іх «НН» назвала ў папярэднім нумары).

Пасьля ўдзельнікі апытаньня мусілі ў кожнай з намінацый вызначыць толькі аднаго пераможцу. Іх адказы ў заклееных капэртах перадалі ў аргкамітэт. Яго сябры ў прысутнасьці прадусэра «Каранацыі» Юр’я Цыбіна за тры гадзіны да пачатку цырымоніі і зробяць канчатковы падлік. Тры гадзіны патрэбныя, каб падрыхтаваць ганаровыя дыплёмы. Ня выключана, што ў некаторых з намінацыяў можа быць і не адзін пераможца.

Варажыць на малацэ — не найлепшы занятак. Аднак у намінацыі «Выканаўца году» інтрыга ёсьць. «NRM» ужо двойчы каранавалася галоўным прызам, а вось «Тройца» — ані разу. Гэты момант можа спрацаваць, хоць і «Крамбамбулю» як самастойны калектыў сьпісваць з рахунку ня варта.

На «Альбом году» прэтэндуюць чатыры калектывы. У «Чужых дзевак» «Палацу» шанцаў крыху менш, чым у іншых, хоць «Палац» таксама ніколі не адзначаўся галоўнай каронай.

А вось у намінацыі «Прадусар году» інтрыгі амаль няма: праект «Personal Depeche» і нечаканы, і арыгінальны, і ўвасоблены на нябачаным у Беларусі ўзроўні. А тое, што прадусары альбому «Легенды Вялікага Княства» А.Вячорка і В.Супрановіч трапілі ў намінанты, гаворыць ня толькі пра сапраўды ўдалы праект, але й адначасова пра тое, што інстытут прадусарства ў нас разьвіты надзвычай слаба. Прэтэндэнтаў у гэтай намінацыі было мала.

«Песьня году»: поўная непрадказальнасьць. Мне «Web-дызайн» ад «J-морсу» падаецца слабейшай пазыцыяй у параўнаньні з «Абсэнтам» «Крамбамбулі» й «Лямпай» «Імпэту». На «Адкрыцьцё году» прэтэндуюць гурты «J-морс», «Куклы» і «Чэхаў». Моцную канкурэнцыю склаў бы ім дуэт «Svet&Al», але першы іх альбом выйшаў накладам, меншым за патрэбны для намінаваньня на карону, а другі можна здабыць толькі ў аўтасалёне «Лібэрці мотарз» разам зь якім-небудзь новым «фордам». Сярод тройкі намінантаў перавагу аддаю «Куклам», хоць не ўхваляю некаторых лексычных зваротаў зь іх песень. Моцнай ненарматыўнасьцю вызначаецца і творчасьць прэтэндэнтаў у намінацыі «Найлепшы рэгіянальны выканаўца», сярод якіх мне спадабалася група «Rasta». Аднак і тут вялікага выбару не было.

«Кліп году»: найбольш удала тут можа «стрэліць» «Калыханка» ад Сашы і Сірожы. Зьяўленьне гэтай намінацыі непасрэдна зьвязана з адкрыцьцём Першага музычнага каналу (пераможца ў «Падзеі году») і вяртаньнем кліпаў айчынных музыкаў на БТ.

Калі практыка пацьвердзіць слушнасьць прынятай сыстэмы вызначэньня пераможцаў, колькасьць удзельнікаў апытаньня налета павялічыцца, як і колькасьць намінацыяў. Адбудзецца тое ці не — вызначыць рынак. Інакш кажучы, наяўнасьць новых выданьняў, якіх хочацца пажадаць усім выканаўцам, а таксама тым людзям, якія нарэшце зразумеюць, што ўкладаць грошы ў беларускі музычны бізнэс — справа зусім не безнадзейная.

Зьміцер Падбярэскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0