На выставе «СМІ ў Беларусі», якая прайшла 7—10 траўня ў Менску, было шмат экспазыцыяў і багата наведнікаў. Выстаўлялі сваю прадукцыю як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя мас-мэдыі. Што праўда, сур’ёзная прэса была рэпрэзэнтаваная пераважна дзяржаўным сэктарам — «Звязда», «Беларусь сегодня» і да т.п. Зь незалежных газэтаў узяла ўдзел толькі «БДГ», прычым адразу ў дзьвюх іпастасях — як проста «БДГ» і як «БДГ — Для служебного пользования».

Заўважныя былі і бокс агенцтва «БелаПАН», якое рэклямавала сваё выданьне «Отдыхай», і інтэрнэт-рэсурс naviny.by. Дэманстрацыйна адмовіліся ад удзелу «Народная воля» і «Белорусская газета», бо арганізатары запрасілі завялікую, на іхную думку, суму. Няцяжка паверыць: найменшы бокс (плошчай у 6 кв.м) каштаваў 600 даляраў.

Аднак нават такія кошты не перашкодзілі ўдзельнікам цалкам запоўніць велічэзную залю выстаўнага комплексу «Белэкспа». Самыя вялікія пляцоўкі пазаймалі электронныя СМІ — Белтэлерадыёкампанія, тэлеканалы АНТ і СТВ. З папяровых мас-мэдыяў вылучаліся даўжэзнымі пуставатымі стэндамі «Беларусь сегодня», «Звязда», а таксама два холдынгі — «Літаратура і мастацтва» ды «Культура і мастацтва». «Звязда», апрача ўсяго, зьдзівіла яшчэ й назвай фотавыставы — «Беларусь праваслаўная». Гэта ўсё ў рэчышчы новай дзяржаўнай рэлігійнай палітыкі?

І жук і жаба

Сярод беларускіх выданьняў — удзельнікаў форуму сустракаліся зусім невядомыя. Ці чулі вы пра газэту для жанчынаў «Будуар» альбо маладзёвае выданьне «НаблюДАтель»? Гэткімі ж незнаёмымі былі прэзэнтаваныя на выставе СМІ Ўкраіны, Кітаю ды большая частка расейскіх. Шырокаму прадстаўніцтву кітайскіх мас-мэдыяў перашкодзіла эпідэмія атыповай пнэўманіі. Але якая эпідэмія замінала ўкраінскім СМІ? Іхная экспазыцыя на выставе падавалася бязладна сабранай зь першага-лепшага, што трапіла пад руку супрацоўнікам украінскай амбасады. Газэты камуністычныя й нацыяналістычныя, часопісы культурніцкія, пэдагагічныя ды прысьвечаныя дрэваапрацоўцы ляжалі ўперамежку.

Расейскія СМІ былі прадстаўленыя найбольш. Была выстава «СМІ Маскоўскай вобласьці», асобна стаяла выстава нейкага выдавецтва зь Ніжняга Ноўгараду. Вылучаліся кампаніі, арганізаваныя афіцыёзнаю «Российской газетой» ды «Литературной газетой», якую, паводле некаторых чутак, «прыкормліваюць» беларускія фонды. І сапраўды, «Литературная» бясплатна раздавала выпуск зь беларуска-расейскім дадаткам «Лад» (ён выходзіць раз на месяц на чатырох старонках гэтага выданьня). Уся беларуская частка дадатку была аддадзеная творцам, блізкім да ўлады (Алесю Кажадубу, Раісе Баравіковай, Віктару Гардзею ды інш.), і рэклямавала ідэі беларуска-расейскай інтэграцыі. Такая вось культурная інтэграцыя.

Фота зь дзьвюма Аленамі Сьпірыдовіч

Прэзэнтацыі — тая «разынка», якой бракавала многім удзельнікам выставы. Але тэлекампаніі (тры беларускія плюс тэлерадыёкампанія «Мір») ды некаторыя газэты зладзілі для наведнікаў цэлыя канцэрты. Найбольш «зорак» сабралася на пляцоўцы Першага нацыянальнага: усе папулярныя вядоўцы (кшталту Алены Сьпірыдовіч і Сяргея Кухто), музыкі (Лявон Вольскі, Алег Елісеенкаў) і г.д. Тутсама стаялі кардонныя муляжы вядомых вядоўцаў (той самай А.Сьпірыдовіч, Аляксандра Дамарацкага ды іншых), зь якімі можна было сфатаграфавацца. Найбольш спрытныя пасьпявалі зьняцца ў кампаніі з копіяй ды арыгіналам. «Тэлезоркі» ахвотна пагаджаліся на такія здымкі.

Ня менш славутасьцяў было і на прэзэнтацыі Беларускага радыё. Вершы чыталі Леанід Дранько-Майсюк і Андрэй Хадановіч, сьпяваў гурт «Камэрата».

Свой «эксклюзіў» — Аляксандра Ціхановіча ды Іну Афанасьеву — прадстаўляў тэлеканал СТВ. Каля стэнду «Звязды» цешыліся аматары сярэднявечнае музыкі: тут граў гурт «Стары Ольса». Прэзэнтацыю газэты «Беларусь сегодня» асабіста вёў рэдактар Павал Якубовіч. З запрошаных ім гасьцей асабліва ўразіў струнны квартэт Інстытуту сучасных ведаў: творы Вівальдзі, Грыга ды Хачатурана ня надта адпавядалі атмасфэры, якая панавала навокал. Дзяўчат практычна не было чуваць: на суседняй пляцоўцы Белтэлерадыёкампаніі надрываўся А.Елісеенкаў. Ён рэклямаваў «першую беларускую эратычную песьню» і заглушаў усіх навокал. Відаць, зразумеўшы, што вылучацца такім чынам з агульнага шэрагу няёмка, П.Якубовіч пасьля струннага квартэту абвясьціў «сьпявачку Ўльляну», якая зацягнула нешта дужа папсовае.

АНТ правяло кастынг

Прэзэнтацыі СМІ адбываліся адначасова і перашкаджалі адна адной. Так, выступы на пляцоўцы тэлерадыёкампаніі «Мір» пэрыядычна заміналі самаму, бадай, актыўнаму ўдзельніку выставы — тэлеканалу АНТ. Даводзілася «АНТшнікам» раз-пораз прасіць калегаў прыцішыць гук.

Хто-хто, а АНТ сваю прэзэнтацыю падрыхтавала ўзважана й густоўна: Дзяржаўны ансамбль «Песьняры», спартовы тэатар Яўгеніі Паўлінай, рок-гурт «The Stokes», прэзэнтацыя абноўленага сайту тэлеканалу. Але «фішкай» стаўся адкрыты кастынг вядоўцаў: цягам трох дзён усе ахвотныя маглі паспрабаваць свае сілы ў якасьці дыктараў тэлеканалу. Свой адбор ладзіў і Першы нацыянальны, але там конкурс доўжыўся толькі дзень. «Мы не чакалі, што будзе такі ажыятаж», — прызналася рэжысэрка АНТ Натальля Язоўскіх. Ахвотных толькі за гэтыя дні запісалася больш за 300 чалавек.

Заміж пастскрыптуму

Адзінае, што падалося не зусім дарэчным на выставе, — час правядзеньня. Разумею, што паводле савецкай завядзёнкі і Дзень друку, і Дзень работнікаў радыё і тэлевізіі адзначаюцца на пачатку траўня. Аднак лягічней было б аднесьці гэты форум на канец жніўня — пачатак верасьня. І да Дня беларускага пісьменства бліжэй, і тэлеканалы маглі б больш актыўна й свабодна рэклямаваць навінкі сэзону.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0