Сярод чачэнскіх тэрарыстаў, якія захапілі 800 закладнікаў у маскоўскім Тэатральным цэнтры на Дуброўцы, быў прынамсі адзін агент расейскіх спэцслужбаў. І ён пакінуў будынак за дзень да штурму. Вынікі расьсьледаваньня журналістаў расейскае «Новой газеты».

25 красавіка сайт расейскай газэты «Известия» паведаміў, што дэпутата Думы Сяргея Юшанкова маглі забіць за тое, што ён атрымаў доказы датычнасьці ФСБ да тэракту ў маскоўскім Тэатральным цэнтры на Дуброўцы. Такую інфармацыю распаўсюдзіў Аляксандар Літвіненка (былы падпалкоўнік ФСБ, які ўцёк на Захад, пасьля таго як адкрыў Барысу Беразоўскаму, што атрымаў заданьне яго забіць). Паводле словаў Літвіненкі, у пачатку красавіка на сустрэчы ў Лёндане ён перадаў Юшанкову інфармацыю пра нейкага Ханпаша Церкібаева. Гэты чалавек, які быў шмат гадоў агентам ФСБ, знаходзіўся ў «Норд-Осьце» разам з тэрарыстамі і пакінуў будынак перад штурмам.

Церкібаеў, паводле прэс-рэлізу, быў уведзены ў асяродак чачэнскіх баевікоў для арганізацыі правакацыяў. Ён пачаў працаваць на ФСБ, калі быў журналістам на Грозенскім тэлебачаньні. У канцы 2000 г. перайшоў у прэс-службу Аслана Масхадава, а ў пачатку 2001 г., адпаведна з заданьнем расейскіх спэцслужбаў, — у адзін з атрадаў баевікоў. Паводле Літвіненкі, цяпер Церкібаеў знаходзіцца ў атачэньні Маліка Сайдулаева — прамаскоўскага чачэнскага лідэра, блізкага да спэцслужбаў. Церкібаеў, у якасьці «прадстаўніка чачэнскай грамадзкасьці», суправаджаў спэцпрадстаўніка прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Рагозіна на сэсіі ПАРЭ ў Страсбургу 31 сакавіка.

28 красавіка расейская «Новая газета» апублікавала інтэрвію журналісткі Ганны Паліткоўскай з Ханпашам Церкібаевым.

«Вось я і Маргарэт Тэтчэр»

Ханпаш — удзельнік абсалютна ўсяго. «Хлопец на ўсе выпадкі нашай палітыкі, — піша Паліткоўская. — З усімі знаёмы, усюды прыняты, зь ім па плячы любыя павароты на Паўночным Каўказе. З Масхадавым спатрэбіцца пагуляць — ён зьвядзе з Масхадавым. Без Масхадава — ён таксама забясьпечыць. Так, прынамсі, запэўнівае». Афіцыйна ён працуе спэцыяльным карэспандэнтам «Российской газеты», афіцыйнага ўрадавага выданьня. Яшчэ ён запэўнівае, што рэгулярна сустракаецца з памочнікам Пуціна Сяргеем Ястржэмбскім: «Я ў яго працую. Вось мы на фатаграфіі зь ім».

Ястржэмбскі на здымку глядзіць міма камэры і падаецца вельмі нездаволеным. Затое Ханпаш утаропіўся проста ў аб’ектыў: вось, маўляў, мы разам. Фота выйшла з настроем: заўважна, як ня трэба яно было Ястржэмбскаму і як, па ўсім відаць, настойваў на ім Церкібаеў. Ёсьць у яго і іншыя здымкі: «Я і Масхадаў, я і Ястраб, яшчэ раз — я і Масхадаў, я ў Крамлі, я і Сайдулаеў, я і Хіль Роблес (эўрапейскі камісар па правах чалавека)…» Добрая палова картачак здаецца грубаватым мантажом. (Потым праверылі ў спэцыялістаў — так і ёсьць). Ханпаш не тушуецца, дастае «сябе з Маргарэт Тэтчэр і Масхадавым» — каб давесьці, што і зь Лёнданам блізка знаёмы. 1998 год. Масхадаў у папасе, выглядае так, як да вайны, а Ханпаш — так, як цяпер… На іншай картачцы — Ханпаш і Масхадаў часоў цяперашняй вайны. Масхадаў у камуфляжы, барада моцна пасівела, выглядае жудасна, дый Ханпаш — ня надта. Гэтая — сапраўдная.

Амністыя за Будзёнаўск

Церкібаеў кажа, што паводле прафэсіі ён актор, скончыў акторскі факультэт Грозенскага ўнівэрсытэту. Няважна, што такога факультэту не было і ён сам так і ня здолеў прыгадаць, хто быў ягоным пэдагогам па акторскім майстэрстве. Галоўнае, што ён абвяшчае: з Ахмедам Закаевым «мы сябры, разам працавалі ў тэатры». У першую вайну Ханпаш узяў у рукі відэакамэру і зрабіўся тэлевізіёншчыкам. Хадзіў з Басаевым на Будзёнаўск, але за ўдзел у тым рэйдзе асуджаны ня быў. Наадварот — атрымаў амністыю ў красавіку 2000 г.

Паперы аб амністыі яму давалі ў Аргунскім гарадзкім аддзеле ФСБ Чачэніі — адным з самых жорсткіх. Якраз калі Ханпаша амніставалі, людзі адтуль выбіраліся хіба што на той сьвет. Церкібаеў — першы сустрэты жывым, дый яшчэ з даведкай аб амністыі за Будзёнаўск.

Паміж дзьвюма войнамі Ханпаш, як «герой Будзёнаўску», робіцца вядучым спэцыялістам прэс-службы прэзыдэнта Масхадава. У яго на канале Масхадава — аўтарская тэлепраграма «Прэзыдэнцкае сэрца», пазьней перайменаваная ў «Шлях прэзыдэнта». Потым Ханпаш вымушаны быў пайсьці з масхадаўскага атачэньня, але, як пачаліся баявыя дзеяньні, вярнуўся і зноў стаў «заўзятым джыгадыстам». Проста пад носам у фэдэральных войскаў і спэцслужбаў, пасярод цяжкіх баёў, калі ўсе беглі куды маглі, Ханпаш рабіў тэлепраграму, сэнс якой можна перакласьці з чачэнскай прыблізна так: «Мая радзіма там, дзе джыгад». «Я і тады, і цяпер так не лічу, — кажа ён. — Проста праграма ў мяне была такая».

Апошні ўзьлёт палітычнай кар’еры Ханпаша Церкібаева зьвязаны з 23—26 кастрычніка 2002 г. Пасьля «Норд-Осту» ён сапраўды зрабіўся «хаўрусьнікам» адміністрацыі Пуціна. Быў забясьпечаны ўсімі неабходнымі дакумэнтамі, каб бесьперашкодна перамяшчацца ўсюды дзе трэба, манэўруючы ад Масхадава да Ястржэмбскага. Вёў перагаворы ад імя адміністрацыі Пуціна з дэпутатамі чачэнскага парлямэнту — тыя спатрэбіліся для падтрымкі рэфэрэндуму. Дамовіўся. Выбіваў для гэтых дэпутатаў гарантыі недатыкальнасьці ў выпадку прыезду ў Маскву. Выбіў. Вазіў тых самых дэпутатаў, у якасьці кіраўніка групы, у Страсбург, у высокія габінэты Рады Эўропы і Парлямэнцкай асамблеі. І там дэпутаты паводзілі сябе выключна «правільна» — як трэба было Расеі.

«А вы самі пасьля галасавалі на рэфэрэндуме?» — пытаецца журналістка. «Я? Не, — сьмяецца. — Я з тэйпу «чарто», нас «яўрэямі» ў Чачэніі называюць».

«Трэба проста пашумець»

Чаму менавіта Ханпаш? За якія такія паслугі? Чым ён давёў сваю вернасьць? Бо без адпаведных доказаў наўрад ці давяралі б яму такія «апэрацыі». З ўсяго відаць, менавіта Ханпаш і ёсьць той самы чалавек, якога ўсе ўцягнутыя ў трагедыю «Норд-Осту» так шукалі. Чалавек, які зьсярэдзіны забясьпечваў тэракт.

Журналістка пытаецца: «Ваша прозьвішча апублікаванае ў сьпісе тэрарыстаў, што былі ў «Норд-Осьце». Дарэчы, вы падавалі на гэтую публікацыю ў суд?» — «Не. А навошта? Я проста спытаўся Ястржэмбскага: «Як такое магло здарыцца?» — «І што ён адказаў?» — «Не зважай». Ён і сам не адмаўляецца, — славалюбец! — што быў засланы спэцслужбамі. Ён увайшоў у будынак разам з групай Бараева, у складзе атраду. Употай, як сам кажа, прывёз чачэнцаў і ў Маскву, і ў сам «Норд-Ост». Гэта ён пераконваў тэрарыстаў, што «ўсё пад кантролем», што «расейцы зноў узялі грошы», як тады, калі чачэнцы выходзілі з аточаных фэдэральнымі войскамі Грознага і Камсамольскага. Што трэба проста «пашумець» — каб выйшаў «другі Будзёнаўск», і такім чынам дабіцца міру. А потым, пасьля выкананьня заданьня, «нам дадуць сысьці» — ня ўсім, але дадуць. Гэтым «ня ўсім» выявіўся ён сам. На пытаньне, ці была ў баевікоў выбухоўка, Ханпаш катэгарычна адказвае: «Не».

Церкібаеў выйшаў з будынку, не чакаючы штурму. У яго, кажа, быў плян Тэатральнага цэнтру на Дуброўцы, якога не было ні ў Бараева, ні нават спачатку ў спэцназу, што рыхтаваўся да штурму. Бо Ханпаш — частка сілаў, куды вышэйшых у сілавой гіерархіі, чым «Віцязь» ды «Альфа». «Зрэшты, быў у яго той плян ці не было — па вялікім рахунку ўсё адно, — піша карэспандэнтка. — Сутнасьць у іншым: калі ў «Норд-Осьце» быў такі засланы агент, дык значыць, расейская ўлада (яе частка) ведала, што рыхтуецца тэракт. Удзельнічала ў яго падрыхтоўцы, і нават няважна, зь якой мэтай». Дык што ж за спэцслужбы падрыхтавалі такое нялюдзкае выпрабаваньне для расейскага народу? Церкібаеў на гэтае пытаньне адказваць не захацеў.

На другой чачэнскай вайне падобнымі мэтадамі дзейнічае вайсковая выведка. Запявалы ў так званых эскадронах сьмерці — супрацоўнікі ГРУ. Страты без судоў — іхнае рамяство. І ні ФСБ, ні МУС, ні пракуратура нічога зрабіць ня могуць. А ўдовы, што страцілі мужоў ад дзеяньняў «эскадронаў сьмерці», — дужа зручны матэрыял для запалохваньня ўсяго грамадзтва.

Практыка ня новая: гэтак спэцатрады НКВД ў вайну пераапраналіся немцамі ды палілі вёскі «ў тыле ворага», а па вайне забівалі людзей у Заходняй Украіне і Беларусі пад відам «бандэраўцаў». Падчас штурму «Норд-Осту» загінулі 129 чалавек. Тыя, хто выжыў, працягваюць паміраць ад перажытага стрэсу. А правакатар квітнее. Ён прыкормлены, добра выглядае і, галоўнае, пры справе. Днямі Ханпаш Церкібаеў кіруецца ў Чачэнію — як кажа сам, рыхтаваць «мірныя перамовы».

Франц Субель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0