Кепская назва для музычнага фэсту — «Менская вясна». То бок, назва была б добрай, калі б не парушалі філярманічнага капірайту. Сем гадоў таму апазыцыя зладзіла шэраг акцыяў, што захаваліся ў гісторыі як «Менская вясна-96». Потым быў міжнародны фэст «Менская Вясна-2000», на якім прэзэнтавалася альтэрнатыўнае мастацтва.

Крытыкі губляліся ў здагадках, якім чынам канцэрты экстрэмальных гуртоў «Diffusion Ensemble» ды «Pidїama Porno» трапілі ў праграму акадэмічнай «Вясны». Дый увогуле, шуму было дужа — асабліва калі міліцыя затрымала ўсіх фота- і тэлежурналістаў, што здымалі паказ пэрформансаў каля кінатэатру «Радзіма». А летась кіналягічнае аб’яднаньне «Альба Рос» ладзіла рэгіянальную выстаўку сабакаў (апрача дабэрманаў і таксаў) з назваю «Менская вясна-2002».

Рэклямы сёлетняй «Менскай вясны», якую ладзіць Філярмонія, амаль не было відаць. Хіба дзе-нідзе афішы на тралейбусных прыпынках. Газэты й тэлебачаньне маўчалі. Інтэрнэт-сайт Філярмоніі, на якім мусіла месьціцца адпаведная інфармацыя, не пасьпеўшы нарадзіцца, зьнік недзе ў віртуальнай прасторы. Дзіўна: у Берасьцейскай філярмоніі ёсьць свая старонка ў Сусьветным павуціньні, у Віцебскай — таксама. А галоўная філярмонія краіны з усімі славутымі калектывамі прадстаўніцтва ў Сеціве ня мае. Замежны імпрэсарыё, пра якога мараць усе тутэйшыя музыкі, запусьціўшы пошук на сваім кампутары, аніякім чынам не даведаецца, што цікавага адбываецца ў Беларускай філярмоніі, каб гэтае цікавае прапанаваць плацежаздольнаму эўрапейскаму слухачу.

Прывід філярмоніі

Сталічная філярмонія ператварылася ў прывід. Стаіць сабе маўклівы будынак на плошчы Якуба Коласа, ніхто ня ведае, што ў ім адбываецца, — ці яго рамантуюць, ці не. Прынамсі, да канца сакавіка там прайшлі толькі дэмантажныя работы — пры тым, што, згодна з урадавымі дырэктывамі, канцэртная заля павінна 1 лістапада адчыніць свае дзьверы для слухачоў. Беларуская філярмонія будавалася сорак гадоў таму паводле тыпавога праекту (датуль сымфанічныя канцэрты адбываліся ў Клюбе імя Дзяржынскага ды ў Доме афіцэраў, а камэрная музыка ўвогуле нікога не цікавіла) і ўрачыста адчынілася 13 красавіка 1963 г. Ад таго часу будынак аніводнага разу капітальна не рамантавалі — задавальняліся лёгкай «касмэтыкай». Скончылася тым, што летась 1 чэрвеня Філярмонію зачынілі загадам МНС на няпэўны тэрмін: ад столі пачалі адвальвацца кавалкі тынкоўкі па дзесяць кіляграмаў.

Філярмонія ператварылася ў прывід. Адміністрацыя сядзела ў сваіх пакоях, сымфанічны аркестар рэпэтаваў у фае, канцэртнае жыцьцё ледзь цеплілася. Сэзон адкрыўся пампэзным канцэртам у памяшканьні Опэры. Дырыгаваў Аляксандар Анісімаў, які на той час займаў адразу дзьве пасады галоўнага дырыжора: у сымфанічным аркестры Філярмоніі дый у аркестры Тэатру опэры і балету. Мо гэтым і тлумачыцца тая лёгкасьць, зь якой опэрна-балетная дырэкцыя адмовілася браць за гэты канцэрт арэндную плату. Дый пазьней усе філярманічныя канцэрты ў опэрнай залі адбываліся з абавязковым удзелам А.Анісімава — нават тады, калі ён страціў сваю пасаду ў Опэры.

Колькі каштуе канцэрт

Акурат дзеля вялікае арэнднае рэнты сымфанічных канцэртаў у гэтым сэзоне было няшмат. 27 сьнежня 2001 г. стаўкі арэнднае платы за канцэрты ў дзяржаўных памяшканьнях падвысіліся ў некалькі разоў. Раней за арэнду залі на адзін вечар у Купалаўскім тэатры трэ было заплаціць 0,18 даляра з кожнага пасадачнага месца, у Доме афіцэраў — 0,32. Найвышэйшая стаўка была ў КЗ «Менск» — 1,05 даляра. Пасьля падвышэньня арэндная стаўка ў Купалаўскім тэатры дасягнула 1,5 даляра; у Доме афіцэраў і Клюбе імя Дзяржынскага — 2; у канцэртнай залі «Менск» — 2,9; у Палацы Рэспублікі — ажно 3,5 даляра. Менавіта з прычыны неймаверна завышанае арэнды стаўся немажлівым рамонт Опэры, які даўно ўжо насьпеў. Плянавалася ж, што на час рамонту опэрная і балетная трупы «пераедуць» у Палац Рэспублікі.

У лютым 2003 г. стаўкі былі перагледжаныя. Зьніжкі атрымалі артысты драматычных тэатраў краінаў СНД, артысты беларускай эстрады і беларускіх тэатраў, выступы артыстаў з паэтычнымі творамі, а таксама цыркавыя праграмы й імпрэзы для дзяцей. Сымфанічны аркестар фармальна ў гэты пералік не трапляе. Дый нават з улікам тых зьніжак кошт арэнды для яго непад’ёмны. Прыкладам, за канцэрт у залі Дому афіцэраў трэба заплаціць 1616 эўра. З улікам зьніжкі 0,5, усталяванай для артыстаў беларускай эстрады, плаціць давядзецца «ўсяго толькі» 808 эўра. Адкуль узяць гэткія грошы, калі квіток на сымфанічны канцэрт каштуе самі ведаеце колькі?

Фае з фантанам

Аднак філярманічнае кіраўніцтва не наважваецца наракаць на сквапнасьць роднае дзяржавы. Хаця б таму, што 1 лістапада ў будынку пачаўся капітальны рамонт з рэканструкцыяй інжынэрных сетак, на які ўрад абяцаўся выдаткаваць 7,5 млрд. рублёў. Пастанову «Аб капітальным рамонце будынку Белдзяржфілярмоніі» Генадзь Навіцкі падпісаў яшчэ ў лістападзе 2001 г., калі на сцэну зваліўся чарговы кавалак тынкоўкі.

Праект рамонту быў распрацаваны з размахам — апрача неабходных мерапрыемстваў па рэанімацыі будынку, плянавалася палепшыць акустычныя ўмовы (у тым ліку — абсталяваць залю спэцыяльнымі акустычнымі крэсламі), зрабіць усе неабходныя прыстасаваньні, каб Філярмонію маглі наведваць інваліды, пабудаваць новую камэрную залю, а фае ўпрыгожыць фантанам. Не забыліся і пра рэканструкцыю аргану, які не працуе ўжо гадоў зь дзесяць.

Тым часам філярманічныя калектывы мусілі шукаць сабе іншы прытулак. Сымфанічны аркестар уладкаваўся ў глядзельнай залі кінатэатру «Сучасьнік». Сцэна там малая, акустыка дрэнная, сьвятло цьмянае, так што музыкі псуюць сабе зрок, чытаючы ноты. Узімку халодна — давялося ўсталяваць у залі моцныя ацяпляльнікі, якія патыхалі газай і алівай ды шумелі.

Мо калі б у Філярмоніі на той час быў дырэктар, сытуацыя была б іншая. Аднак яшчэ ў лютым 2002 г. Міністэрства культуры не працягнула кантракту зь Ігарам Андрэевым. Ад ягоных паслугаў адмовіліся найперш таму, што ён не забясьпечваў паступленьня сродкаў ад арэнды. Фактычна ж Андрэева вызвалілі ад адказнасьці за катастрафічны стан філярманічнага будынку. Абавязкі дырэктара стаў выконваць Восіп Турко — чалавек часовы, а таму й няздольны даць рады праблемам.

Для дзяржавы гэткі варыянт максымальна выгодны. Кінатэатар «Сучасьнік» даўно ўжо быў стратным. Яго закрыцьцё і разьмяшчэньне ў будынку філярманічных калектываў (сымфанічнага аркестру, народнага аркестру імя Жыновіча, народнага хору) дапамагло дзяржаве зэканоміць нейкія грошы. Але музыкі ў «Сучасьніку» мадзеюць.

Красьніцкі едзе ў Брусэль

Але «Менская вясна-2003» усё ж адбылася. Не бяз значных высілкаў з боку новага дырэктара Філярмоніі Аляксея Шута, які адначасова зьяўляецца мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам музычнай капэлы «Sonorus». Афіша фэсту была сьціплая, але зафіксавала ўсё ж колькі годных імпрэзаў.

Распачынаўся фэст сымфанічным канцэртам у гонар 130-годзьдзя Сяргея Рахманінава. Галоўным героем канцэрту быў ляўрэат прэстыжных конкурсаў піяніст Канстанцін Красьніцкі. У суправаджэньні Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру ён сыграў Другі фартэпіянны канцэрт Рахманінава. Гэты выступ — рэпэтыцыя напярэдадні ягонай паездкі ў Брусэль на аўтарытэтны Міжнародны конкурс імя каралевы Элізабэты. Сам факт удзелу ў гэтым спаборніцтве вельмі пачэсны для любога маладога музыкі. Выступ Красьніцкага засьведчыў, што ён гатовы да барацьбы за ляўрэацкую ўзнагароду. Нягледзячы на пару крыўдных замінак, піяніст сыграў амаль дасканала — цікава і жыва, прыгожым ясным гукам, з сардэчным, шчырым адухаўленьнем.

Чаго ня скажаш пра ягонага калегу Аляксандра Анісімава-малодшага, які 15 красавіка граў Першы фартэпіянны канцэрт Пятра Чайкоўскага ў паўнюткай залі Опэры. Акампаніяваў Аляксандар Анісімаў-бацька зь філярманічным аркестрам. Анісімаў-малодшы граў нудна, дый ягоная піяністычная тэхніка, нягледзячы на марку Парыскай кансэрваторыі, пакідала жадаць лепшага. Затое піяніст старанна кланяўся, выцягваючы з публікі знакі ўхвалы. І хоць воплескаў не было задужа, падараваў слухачам «біс», пра які яны не прасілі. Калі б не Чацьвертая сымфонія, якую зайграў аркестар (без удзелу саліста), імпрэза б не ўдалася.

Сольны канцэрт піяніста Андрэя Сікорскага, «Усяночнае дбаньне» Рахманінава ў выкананьні Капэлы імя Шырмы, творчы вечар Рыгора Суруса з удзелам Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру і капэлы «Раніца» адбываліся ў Акадэміі музыкі. А вось кампазытар Андрэй Мдзівані наладзіў выкананьне сваёй кантаты «Паўночныя кветкі» на вершы зь Бібліі, Авідыя, Жукоўскага і Бальмонта ў памяшканьні Расейскага тэатру. Выконвалі яе артысты музычнай капэлы «Sonorus». Фэстывальныя канцэрты адбываліся таксама ў Касьцёле Сьв.Тройцы. Вандравалі музыкі, як цыганы. Мо хоць налета, на «Вясну-2004», запросяць яны нас у абноўленую залю Філярмоніі — з арганам, фантанам і помпай.

Юлія Андрэева

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0