У Заходняй Беларусі ёсьць тры гожыя гарады — Пінск, Нясьвіж ды Горадня. Мо шчэ старое Берасьце. Але Пінск — сталіца. І з гэтым ніхто не спрачаецца, маючы наўвеце: сталіца Палесься. Ды з тае пары, як тут жыве кардынал Казімер Сьвёнтак, Пінск — сталіца для рыма-каталікоў нашае краіны. Яго Эмінэнцыя застаўся жыць у горадзе, якому аддаў большую частку свайго жыцьця.

Налета споўніцца 50 гадоў служэньня ксяндза Сьвёнтака ў Пінску. Ён уратаваў ад апаганьваньня касьцёл Унебаўзяцьця Дзевы Марыі (за сьцяною, у францішканскім кляштары, месьціўся Дом афіцэраў, ладзілі танцулькі, а таксама вучылі матросікаў). А маглі ж ня толькі апаганіць, але і зруйнаваць, як езуіцкі касьцёл Сьв.Станіслава. У 2005-м спаўняецца 50 гадоў з таго часу, як на Рынку быў выбух. А потым зьнішчылі гандлёвыя рады. (Іх можна ўбачыць у фільме «Першыя выпрабаваньні» паводле трылёгіі Якуба Коласа. Здымак фрагмэнту маецца ў Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва.) Горад, як піша Беларуская энцыкляпэдыя, быў пазбаўлены архітэктурнае дамінанты, затое бальшавікі зрабілі плошчу для дэманстрацыяў у «рэвалюцыйныя даты». Потым паставілі арыгінальны стод Леніна. Яго арыгінальнасьць у тым, што ўвечары, калі глядзець на помнік пры штучным сьвятле з пэўнага боку, ствараецца ўражаньне, што паміж ног правадыра нештачка зьвісае.

Старыя вуліцыі камяніцы

Нясьвіж, Горадню, іншыя гарады Заходняе Беларусі бальшавікі таксама пакалечылі, але Пінск найбольш. Колькі будзе стаяць горад, гэтулькі ўспамінацьмуць пра касьцёл Сьв.Станіслава. Трэба пастарацца і да чорнае даты «ўвекавечыць» імёны герастратаў — тых, хто прымаў рашэньне пра зьнішчэньне сьвятыні, і тых, хто яго выконваў.

Іду па Касьцюшкоўскай (дагэтуль Леніна). Я памятаю прыгожы брук з васьмікутных плітак на гэтай вуліцы і на Берасьцейскай. Яго залілі асфальтам. Разбурылі старыя будынкі, каб вывесьці на Касьцюшкоўскую звыроднае крыло гатэлю (яго стары фасад — на набярэжнай). Вуліца Янкі Купалы па-ранейшаму не брукаваная. Добра, што не разьежджаная і падсохла. Не шанцуе нашым клясыкам у Пінску. Праяжджаў у аўтобусе міма дому, у якім настаўнічаў Якуб Колас. Цяжкое відовішча...

Выходжу на заасфальтаваную вуліцу жалезнага Фэлікса, а зь яе — на Чарняхоўскага. Бліжэй да цэнтру гораду захавалася колькі старых аднапавярховых мяшчанскіх камяніцаў. Люблю іх, сьведчаньні былое заможнасьці.

Ну вось і помны з малалецтва суплёт вуліцаў Завальнае, Берасьцейскае ды Чарняхоўскага (ня ведаю, як звалі яе раней). Відзён гмах езуіцкага калегіюму. Даўно-даўно хадзіў я па яго драўляных лесьвіцах, па прыступках, акаваных сталёвымі вугольнікамі. Помніцца рэха — ад крокаў, галасоў... Тады я ня ведаў яшчэ, што сярод пінскіх езуітаў быў сьвяты Андрэй Баболя, якому, праўдападобна, Купала прысьвяціў два свае творы. Ня ведаў, што пад гэтымі скляпеньнямі хадзілі біскуп Жыгімонт Лазінскі, Купалаў дабрадзей ксёндз доктар Фабіян Абрантовіч, сэмінарыст духоўнае сэмінарыі імя сьв.Тамаша Аквінскага Казімер Сьвёнтак. І не здагадваўся, што аднакурсьнікі зь філязофскага аддзяленьня БДУ і Алесь Разанаў будуць клікаць мяне Тамашом — за захапленьне сыстэмаю анёльскага доктара.

Каханы горад як люстэрка

— Як жывём? — паўтарае таварыш маё пытаньне. — Як і ўся краіна. Маладыя зьяжджаюць.

— А куды едуць?

— У Польшчу, у Расею. А што тут рабіць? Вось жонка. Тры дні працуе, чатыры гуляе. Няма працы.

Дрэнныя справы ў краіне і горадзе, калі ўласьнікі і прадпрымальнікі пачынаюць баставаць. Спрабуем уявіць карціну такога страйку ў міжваенным Пінску. Нічога не выходзіць. А ў сучасным Пінску такі страйк — адзіны паратунак ад сваволі ўлады. Мой таварыш — актыўны ўдзельнік гэтых акцыяў.

Лукашэнка ведае, што яму будзе finis, калі выбухне Менск, таму падкормлівае рабочую клясу сталіцы. А раз так — урад абабірае пэрыфэрыю, найперш вёску, потым — гарады. Сярэдні заробак у Беларусі складае недзе 115 «амэрыканскіх рублёў». У Пінску ж ён будзе разы ў два меншы. Не магу паверыць: а як жа людзі жывуць?

Так і жывуць, кажуць мне. Народ запалоханы. Кожны баіцца страціць нават малааплатную працу. Таму рэвалюцыі чакаць ня трэба. А выбары? Дэмакратычных кандыдатаў з дыстанцыі не здымалі, але другі тур галасаваньня правялі ў рабочы дзень. Хто ж гэта пакіне працу, каб сядзець назіральнікам на выбарчым участку? А незалежны друк, як і ў сталіцы, у Пінску душаць. Голас журналіста Аляксея Дзікавіцкага чуваць цяпер у беларускай і расейскай праграмах радыё «Свабода». Пінскія начальнікі гатовыя сабе локці кусаць, што не пасьпелі яго арыштаваць. Але і ва ўладзе бываюць някепскія людзі: вось жа Аляксея папярэдзілі...

Выходзім з будынку. Нас агортвае змрок. Толькі таго й сьвятла, што з дамоў, з кватэраў. Адзіны ліхтар цьмяна сьвеціцца ў канцы вуліцы.

— Гэта вам у Менску наладзілі ілюмінацыю, а тут пасьля захаду сонца ногі паламаць можна, — кажа даўні знаёмец.

Вуліцы Пінску — гэта асобная тэма. Іх параўноўваюць з пральнаю дошкаю. Я не згаджаюся. «Пральная дошка» — у Клецку ці то ў Нясьвіжы. Там дробненька трасе. А ў Пінску на Верасах гэтак можа страсянуць, што аж у сярэдзіне ёкае, што аж «пасажыры шафяругу клянуць».

— Каго-каго?

— Не кіроўцу, што за рулём сядзіць, яны клянуць, а Шафяругу. Мянушка такая.

— Чыя мянушка?

— А вось і ня скажам. У каго іншага папытайся.

Пінскае дураломства цяпер дэманструецца ўсяму сьвету. Ад таго часу, як галава беларускіх рыма-каталікоў застаўся ў Пінску, у горад прыяжджае нямала замежнікаў, а вуліца ля дому Яго Эмінэнцыі незабрукаваная.

Кардыналаў клопат

Зноў ідзём па Касьцюшкоўскай. Па цёмнай Касьцюшкоўскай да касьцёлу Караля Барамея. Калі я быў школьнікам, у касьцёле захоўвалі балёны з газам...

Пільна ўзіраюся пад ногі. Чамусьці згадваецца радок зь Міхася Стральцова: «Змрок у палях, там сіберна і пуста».

На гэтай вуліцы, акрамя францішканскага касьцёлу, стаіць яшчэ палац Бутрымовіча. Палацам яго называюць у даведніках, а пінчукі кажуць — дом Бутрымовіча. Пабудаваны ў канцы 1780-х дойлідам Каралем Шыльдгаўзам для пінскага старасты Мацея Бутрымовіча, які, між іншым, кіраваў і будаўніцтвам Каралеўскага (Мухавецкага) каналу, палацык гэты за маёй памяцьцю быў Домам піянэраў і школьнікаў. Недзе ў канцы 1970-х яго ўзяліся ці то рамантаваць, ці то рэстаўраваць. Згадваю пра гэта, каб параўнаць стаўленьне да помнікаў дзяржавы і Царквы. Для касьцёлу і дому Бутрымовіча прывезьлі дахоўку адначасова. Дык ксёндз Сьвёнтак знайшоў работнікаў і хутка перакрыў сьвятыню, а дахоўку для палацу раскралі, і давялося крыць яго бляхаю. Дом і цяпер не даведзены да ладу, грунтавыя воды пачалі яго падмываць.

А можна было б аддаць гэты дом пад рэзыдэнцыю кардыналу, каб ён мог прымаць тут замежных гасьцёў, праводзіць канфэрэнцыі біскупаў. Царква хутка і якасна адрэстаўруе яго. І праблему з грунтавымі водамі вырашыць.

Выпускнік былое сэмінарыі імя сьв.Тамаша Аквінскага Казімер Сьвёнтак зрабіў вялікую справу: аднавіў сваю alma mater. Сэмінарыя беларуская. Месьціцца яна ў мурох францішканскага кляштару. На добры лад, Касьцёлу трэба было б вярнуць і былы езуіцкі калегіюм, ягоную ўласнасьць. За царом у рыма-каталікоў забралі бэрнардынскі кляштар з касьцёлам (цяпер там Варварынскі сабор з «цыбулінаю» і манастыр), дамініканскі касьцёл і кляштар (там быў Фёдараўскі сабор, потым кінатэатар «Дружба», а цяпер зноў узвышаецца праваслаўная царква; перабудаваная на ўсходні лад, яна сваёю архітэктураю і колерамі рэзка кантрастуе з асяродзьдзем). Саветы забралі ў рыма-каталікоў касьцёл Караля Барамея ды езуіцкі калегіюм з касьцёлам... Для сэмінарыі — першае самастойнае вышэйшае навучальнае ўстановы ў горадзе — і прыдаўся б гмах калегіюму.

Пінчукі ганарацца тым, што кардынал жыве ў іх, а ня ў Менску, што тут працуе вышэйшая сэмінарыя для амаль усяе Беларусі. Адна жанчына кажа:

— А ў Царкве так: дзе першы кардынал, там і наступны.

Людзі спадзяюцца, што Пінск і далей будзе сталіцаю рыма-каталікоў. Я падымаю вочы. У кляштары — на самым версе — сьвеціцца акно. Сьвятло ў змроку вечаровага Пінскy.

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0