Прэзыдэнту Эстоніі Арнольду Руйтэлю ў суботу споўнілася 75 гадоў. Раніцай яго разбудзілі хор Таварыства мужчынскай песьні Эстоніі ды аркестар Сілаў абароны, якія выканалі перад палацам кіраўніка дзяржавы «Песьню мужчын» эстонскага кампазытара Мііны Хярм.
Павіншаваць Руйтэля прыехалі былы прэзыдэнт Эстоніі Ленарт Мэры, сьпікер парлямэнту Энэ Эргма, прэм’ер-міністар Юхан Партс, кіраўнікі дзяржаўных структур, старшыні паветаў, дзеячы культуры і навукі, дыпкорпус. Урачыстая вечарына ў гонар юбіляра прайшла ў Мастацкім музэі ў Кадрыёргу. Наведнікі парку Кадрыёрг змаглі падысьці і асабіста павіншаваць Руйтэля. Для іх быў накрыты стол з крэндзелямі і гарбатай.