Вельмі часта даводзілася чуць думку: «Ад вайны ў Іраку патыхае нафтай». Трэба адзначыць — правільная думка. У адрозьненьне ад Лукашэнкі, што рыхтуе ўварваньне ў касьмічную прастору, Буш і Блэр ня могуць сабе дазволіць не лічыць грошай. У нас неяк не прынята казаць стандартныя для заходняй палітыкі словы «грошы падаткаплатнікаў». Дзеяньні палітыкаў у краінах, дзе ўлада падкантрольная грамадзтву, сапраўды пахнуць грашыма, нафтай, іншымі рэсурсамі.

Стаўленьне пераважнай большасьці беларусаў да вайны ў Іраку адлюстроўвае моц інфармацыйнага ўплыву расейскіх СМІ на грамадзкую думку. Беларусы па-ранейшаму бачаць сьвет праз маскоўскія «акуляры». Парадокс: Амэрыка — найбольш пасьлядоўны, цьвёрды прыхільнік незалежнасьці Беларусі. Менавіта з ініцыятывы Вашынгтону ў 1993 г. Вялікабрытанія, Расея і, натуральна, ЗША ўзялі на сябе гарантыі захаваньня тэрытарыяльнага адзінства і сувэрэнітэту Беларусі.

І тым ня менш у сьвядомасьці пэўных колаў беларускага грамадзтва Вашынгтон — «агрэсар», а Масква, якая прапанавала нам статус правінцыі, — «голуб міру». У пачатку вайны накручаная СМІ частка беларускай аўдыторыі з задавальненьнем глядзела па тэлевізіі на зьбітыя амэрыканскія шрубалёты, успрымала паведамленьні аб «цяжкіх баях» пад Басрай і Ум-Касрам. Чакалі, што «амэрыканскія і брытанскія агрэсары» нарвуцца на штосьці падобнае да другога Віетнаму.

Беларусі трэба танная нафта

Сучасны беларус дагэтуль належыць да роду «homo soveticus». Тое, што адбываецца далёка за межамі нашай краіны, яго турбуе больш за тое, што адбываецца за ўласнымі дзьвярыма. Савецкія грамадзяне абураліся ня столькі адсутнасьцю нармалёвых умоваў для жыцьця, колькі «варожай дзейнасьцю Амэрыкі». Беларусы скіроўваюць нэгатыўныя эмоцыі на «агрэсара Буша».

Здаецца, што гэта мы ўжо «праходзілі». Але нам зноў патрэбна барацьба з ураджаем і з агрэсарамі, камісары на прадпрыемствах, ідэалёгія, якую будуць выкладаць у ВНУ, як калісьці навуковы камунізм... Нейкі зачараваны сьвет.

Зачараваны, але для значнай часткі грамадзтва больш камфортны, зразумелы. Старая фразэалёгія, старыя ворагі. Дык чаго мы зьдзіўляемся, што і нашае жыцьцё таксама ня надта зьмянілася?

Шлях да спакою, міру, дабрабыту пралягае празь яснае ўяўленьне таго, што адбываецца ў нас і вакол нас. Як дзяржава, мы маем свае інтарэсы, якія дастаткова часта не супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі ўсходняга суседа.

Напрыклад, ва ўжо закранутым «нафтавым» пытаньні. У адрозьненьне ад Расеі, Беларусь нафты не прадае. Мы яе купляем у Расеі па сусьветных цэнах. Таму калі для Расеі (другой пасьля Саудаўскай Арабіі краіны ў сьвеце па аб’ёмах здабычы нафты) паніжэньне цэнаў на «чорнае золата» зьяўляецца нэгатыўным чыньнікам, дык для нас гэты чыньнік пазытыўны.

Зразумела, чаму Масква ўсімі сіламі імкнулася працягнуць палітычнае жыцьцё Хусэйна. Пастаўкі ірацкай нафты на сусьветны рынак былі абмежаваныя санкцыямі ААН, што спрыяла захаваньню выгаднай для Расеі ды іншых краінаў-нафтаздабытчыкаў каньюнктуры цэнаў. Да таго ж Расея рабіла добрыя грошы на рэалізацыі праграмы ААН «Нафта ў абмен на харчаваньне». Тое, што ў выніку адсутнасьці самых простых лекаў штогод паміралі тысячы іракцаў, не хвалявала ні Садама, ні Крэмль. Першы будаваў палацы і фундаваў палестынскую інтыфаду, другі зарабляў на супрацоўніцтве з рэжымам Хусэйна грошы. І так магло б быць вельмі доўга: Кусэй і Ўдэй працягнулі б справу бацькі. Ды вось прыкрасьць — зьявіўся «сусьветны паліцыянт» зь ягонай «прагай да нафты».

Грузія і Чачэнія за Ірак

Калі ў верасьні 2002 г. стала канчаткова ясна, што наступнай мэтай антытэрарыстычнай апэрацыі будзе рэжым Хусэйна, Пуцін прапанаваў «абмен» свайму сябру Бушу: ЗША заплюшчваюць вочы на бамбардаваньне грузінскай тэрыторыі ды расейскую апэрацыю ў Панкіскай цясьніне, Расея атрымлівае поўную свабоду дзеяньняў у Чачэніі; ну а ЗША, калі яны так жадаюць, няхай скідаюць Хусэйна. У Маскве былі настолькі ўпэўненыя, што Вашынгтон пойдзе насустрач («абмен» жа быў на карысьць ЗША), што пачалі ствараць на аэрадромах Паўднёвай Асеціі ўдарную авіяцыйную групоўку — рыхтаваліся «апрацаваць» Панкісі і паказаць упартаму Шэварднадзэ, хто галоўны. Але ЗША далі зразумець, што сувэрэнітэт краіны СНД, маленькай Грузіі, ня ёсьць прадметам гандлю. Вашынгтон адмовіўся таксама ставіць на адну дошку Ірак і Чачэнію: Маскве было ў чарговы раз указана на неабходнасьць паважаць правы чалавека на мяцежнай тэрыторыі. Падчас візыту міністра абароны Расеі Сяргея Іванова ў Вашынгтон яго амэрыканскі калега Дональд Рамсфэльд выказаў «заклапочанасьць» тым, што налёты расейскай авіяцыі ствараюць патэнцыйную пагрозу канфлікту з NATO — на той момант у Вазіяні і Марнэулі ўжо былі разгорнутыя базы альянсу.

Поўнае неразуменьне паміж Масквой і Вашынгтонам хутка перарасло ў гучны скандал. 14 верасьня парлямэнт Грузіі заявіў аб намеры краіны ўступіць у NATO. На гэта С.Іваноў заявіў: «Хай уступаюць хоць у клюб сэксуальных меншасьцяў». СМІ краін-сяброў «клюбу» потым доўга абсмоктвалі словы расейскага міністра. Грамадзкая думка ЗША і Расеі была падрыхтаваная да адкрытага сутыкненьня інтарэсаў Вашынгтону і Масквы ў ірацкім пытаньні.

Расейскія СМІ вінавацілі ЗША ў «неапраўданым выкарыстаньні сілы». У Маскве добра разумелі: у выніку ваеннай апэрацыі ў Іраку Расея можа згубіць ня толькі 8 млрд. даляраў за падпісаныя ўжо з Садамам кантракты. Скіданьне рэжыму Хусэйна мае ня толькі доўгатэрміновыя буйнамаштабныя эканамічныя наступствы. Зьмена геапалітычнай сытуацыі ў выніку перамогі сіл антысадамаўскай кааліцыі мае не лякальны, а глябальны характар. Ваенная апэрацыя, праведзеная без мандату ААН, стварае істотны прэцэдэнт для міжнародных адносінаў. Амэрыка паказала сваю рашучасьць дзейнічаць і ў тых умовах, калі гаворка ідзе аб кардынальным разыходжаньні яе інтарэсаў з інтарэсамі Расеі і Кітаю — сталых членаў Рады Бясьпекі ААН. Замацаваньне лідэрства ЗША ў выніку пашырэньня іх уплыву на цэнтральнаазіяцкія і закаўкаскія краіны СНД, а цяпер і на Блізкі Ўсход стала фактам, вельмі непрыемным для Масквы. Адбываецца адпаведнае зьмяншэньне ўплыву Крамля.

Што будзе далей

Амэрыка афармляе сталую вайсковую і эканамічную прысутнасьць у Іраку. Хусэйн вельмі шмат зрабіў, каб спрасьціць гэтую задачу. Сярэдні месячны заробак у казачна багатай нафтай краіне на працягу апошніх 30 гадоў ніколі не перавышаў 20 даляраў (рэвалюцыя, вайна з Іранам, уварваньне ў Кувэйт, параза і санкцыі). Іракцы ведаюць, які высокі ўзровень жыцьця маюць краіны Пэрсыдзкай затокі, да нафты якіх «дабраліся» амэрыканцы. У свой час Хусэйн уладкаваў дзясяткам тысяч іракцаў «экскурсію» ў Кувэйт.

Ірацкі пляцдарм істотна дапаможа ЗША больш інтэнсіўна ціснуць на Сырыю ды Іран. Ствараюцца ўмовы для мірнага пагадненьня між Ізраілем і Сырыяй, а значыць, сьціхне полымя палестына-ізраільскага канфлікту. Тэгерану ж давядзецца адмовіцца ад сваіх плянаў набыцьця тэхналёгіяў стварэньня ядравай зброі і ракетнай тэхнікі.

Стаўшы моцнай нагой у Іраку, ЗША маюць дадатковыя магчымасьці спыніць і фінансавыя патокі, якія жывілі сусьветны тэрарызм. Пасьля аднаўленьня нафтаздабычы Іраку Амэрыка зможа больш шчыра паразмаўляць з Саудаўскай Арабіяй. Пераважная большасьць тэрарыстаў, якія ажыцьцявілі акцыю 11 верасьня, былі падданымі гэтай краіны.

Мы жывём ва ўмовах аднапалярнага сьвету. Адмова ад прызнаньня гэтай рэаліі, арыентацыя на аўтсайдэра, якому не даюць спакою імпэрскія амбіцыі, ні ў якай ступені не кампэнсуе адсутнасьці добрых адносінаў з ЗША і Эўразьвязам. І рана ці позна Беларусі давядзецца выпраўляць памылкі мінулага.

Андрэй Ляховіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0