Прэм’ера Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі «Каласьнікі» — спэктакль тэатральны. Ягоная назва ніяк не зьвязаная зь якімі-небудзь сэнтымэнтальнымі сялянскімі матывамі, як можа падумаць неабазнаны глядач.

Вядзецца пра тэатральныя каласьнікі, якія робяцца прытулкам для актора Пітэра Ўінтэра, пазбаўленага сваёй улюбёнай ролі караля Ліра.

Замест яго караля Ліра з волі рэжысэра грае той, хто раней быў Санта-Клаўсам на дзіцячых ранішніках. Як кажа Пітэр Уінтэр, у параўнаньні з Мэльпамэнай Санта-Клаўс — гэта таксама баство, толькі рангам ніжэйшае. Але знакаміты актор ня згодны суіснаваць зь ім у адным тэатры. І на знак пратэсту супраць рэжысэрскай несправядлівасьці й зьменаў часу Ўінтэр перабіраецца на каласьнікі.

Тут ён будзе граць сваю драму, якая абернецца для актора трагедыяй. Ператворыцца ў тэатральны прывід драмы. Спэктакль за спэктаклем Уінтэр будзе весяліць з каласьнікоў публіку сваімі скажэнскімі спэцэфэктамі: кідаць на сцэну яйкі, шалупіньне, насоўкі, паліваць яе вадой. Прычым усё гэта будзе рабіцца мэтанакіравана й абдумана, у адпаведнасьці з разьвіцьцём дзеі ўяўных спэктакляў унізе. Спэцэфэкты Ўінтэра прызваныя выцягнуць няўдалую, зь яго пункту гледжаньня, гульню актораў, падштурхнуць іх да самаўдасканаленьня альбо, наадварот, паказаць недарэчнасьць і слабасьць выкананьня.

Яго цяжка назваць нанканфармістам і барацьбітом за чысьціню мастацтва. Сьпісаны актор — закладнік уласнай пыхі, хоць і шчыра адданы тэатру ці, лепей, свайму ўяўленьню пра яго. Пітэр Уінтэр — ня добры й ня дрэнны, ён гэткі, якім ён ёсьць. Стары актор, які замінае ўжо, здаецца, і самому тэатру. Уначы каласьнікі рыпяць, быццам сярдуюць. Для актора гэта робіцца знакам таго, што тэатар жывы й больш яго ня любіць.

Герой Валер’я Кашчэева будзе да болю пазнавальным для людзей тэатру. А яшчэ болей — гераіня Галіны Чарнабаевай Магдалена Спрынг — жонка рэжысэра, партнэрка Ўінтэра па сцэне й па жыцьці. Жанчына ці то дыпляматычная, ці то хітрая; ці то каварная, ці то наіўная. Адначасова мэркантыльная й па-дзявочаму альтруістычная. Жанчына-акторка — жыцьцёвая, плястычная — сапраўднае ўпрыгожаньне спэктаклю.

Спэктакль цікавы, насычаны разважаньнямі, жартамі, падзеямі й успамінамі аб іх. Недзе нават перанасычаны, але, магчыма, гэта прыкмета сучаснага мастацтва. Як і тое, што хоць-дзе ружжо зьяўляецца, але не страляе, хоць-дзе страляе, але папярэдне не зьяўляецца, а фінальная страляніна паліцэйскіх выклікае жаданьне крыкнуць «Не вайне!» і кінуцца змагацца за мір.

Пастаноўка Вітаўтаса Грыгалюнаса і Андрэя Шчуцкага (аўтар п’есы) вельмі арыгінальная, як і сцэнаграфія мастачкі Алесі Снапок-Сарокінай. Афармленьне сцэны інтрыгуе, і праз увесь спэктакль хочацца зазірнуць з каласьнікоў уніз, на нябачную сцэну, дзе хаваюцца карані й адгадкі тых падзеяў, што разьвіваюцца на хісткіх каласьніках.

Пазытыўны момант на фоне шуканьняў і мітусьні галоўных герояў, што, як кажа Магдалена Спрынг, ператварылі тэатар у багадзельню, — гэта прыклад Эйпрыл, дачкі Ўінтэра (Вераніка Будслаева), і яе каханага — работніка сцэны й статыста Джэры (безумоўна, камічны Максім Паніматчанка), якія ўрэшце падаюцца ў акторы. Калі ўлічыць, што гэтаму паспрыяла нават такая дэталь, як пах кулісаў, нельга не прызнаць, што тэатар — усё ж вялікая сіла.

Марыя Салаўёва

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0