У аўторак па справе аб выкраданьні старасьвецкіх кніжак з Нацыянальнай бібліятэкі былі арыштаваныя чатыры чалавекі. Сярод іх — студэнт IV курсу аддзяленьня міжнароднага права факультэту міжнародных адносінаў БДУ, былы чэмпіён краіны па таэквандо К. зь Берасьця і ягоная жонка — непасрэдныя выкрадальнікі. Студэнт знаходзіўся ў акадэмічным адпачынку, зь якога мусіў вярнуцца ў сакавіку, але ў гэтым сэмэстры толькі пару разоў наведаўся ва ўнівэрсытэт. Што яго прымусіла пайсьці на злачынства? Магчыма, банальная неабходнасьць знайсьці грошы на навучаньне.

Аддзяленьне, дзе вучыўся арыштаваны, — прэстыжнае і нятаннае. Год навучаньня для платнікаў, прынятых без экзамэнаў, каштуе 3000 у.а. Калі пры паступленьні абітурыент трохі не дабраў балаў, ён можа вучыцца, заплаціўшы прыкладна 50% гэтай сумы за першы год, траціну яе — за другі і шостую частку — за трэці курс. Пры выдатнай пасьпяховасьці пачынаючы з 4-га курсу плата скасоўваецца. Менавіта гэтага дасягнуў К. Ён быў круглым выдатнікам, «найлепшым камандзірам» узводу на вайсковай катэдры, нядаўна ажаніўся. А ў акадэмічны адпачынак пайшоў зусім не дзеля праблемаў з вучобай. Ягоныя знаёмыя, аднак, не выключаюць, што на ім віселі запазычанасьці, у якія ён улез у першыя гады навучаньня.

Выпускнікі міжнароднага права, апроч дыплёму, атрымліваюць на ўсё жыцьцё своеасаблівы мэнталітэт. Гэта — не вясёлыя «палітычныя мастакі» з аддзяленьня міжнародных адносінаў. «Права» прымушае маладзёна сутыкнуцца зь юрыдычным морам «адчужаных формаў» сучаснага сьвету. Як выказаўся адзін студэнт-праўнік, «юрыст — гэта жрэц пустаты, гэта сутнасьць ягонай прафэсіі, і гора таму, хто зразумее гэтую сутнасьць!» К. добра разумеў сутнасьць рэчаў, бо заўжды шукаў большага.

Аднакурсьнікі К. сумняюцца ў вінаватасьці свайго таварыша. К. цікавіўся і актыўна займаўся навукай, яшчэ на першым курсе захапіўся гісторыяй дзяржавы і права Беларусі. Ён вывучаў яе пад кіраўніцтвам слыннага прафэсара Юха, а ўрэшце нават пачаў сам пісаць кнігу. Менавіта таму ці не штодня наведваў аддзел рэдкай кнігі. «Мо памылка», — спадзяюцца на факультэце. Тым ня менш, як нам паведамілі, «К. ад нядаўна больш не зьяўляецца студэнтам БДУ». Суд высьветліць ісьціну, ва ўнівэрсытэце актыўна працуюць сьледчыя КДБ.

К. і ягоным хаўрусьнікам пагражае да 15 гадоў зьняволеньня, калі віна будзе даказаная. Пад падазрэньнем аказаўся і жыхар Масквы, у якога знайшлі цалюткімі ўсе 12 выданьняў, у тым ліку інкунабулу. Мо ён і быў замоўнікам.

Кнігі ў Менск прывёз асабіста прадстаўнік МУС Беларусі ў Расеі Фарыд Канцараў. Тацяна Рошчына, кіраўніца аддзелу рэдкай кнігі, свае выданьні ўбачыць праз тыдзень. Пакуль сьведкі стагодзьдзяў «бяруць удзел» у сьледчых мерапрыемствах. Застаецца назваць сьледчых, якія менш чым за месяц вярнулі нацыянальныя каштоўнасьці ў краіну. Гэта група пад кіраўніцтвам намесьніка начальніка ўпраўленьня сьледчага камітэту МУС Віктара Лабынкі.

СР

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0