23 траўня 2003 г.

Ян Павал ІІ адсьвяткаваў 83-і дзень народзінаў. Ягоны пантыфікат — самы працяглы ў гісторыі.

Руслан Салей у складзе «Анагайм Майты Дакз» выйшаў у фінал Кубку Стэнлі.

Вiнцэнт Солтан, кiраўнiк Валожынскай арганiзацыi БНФ, 15 траўня ўрачыста запусьціў малька таўсталобіка ў Івянецкае возера. Таўсталобік (Hypophthalmichthys molitrix) есьць водарасьці — не дае возеру зарастаць.

Аляксандар Ігнацюк, рэдактар газэты «Вечерний Столин», стаў чарговай ахвярай крымінальнага артыкулу па «зьнявазе службовай асобы». Ягоныя выпады ў адрас Уладзiмера Пашкевiча, старшыні Столiнскага райвыканкаму, былі настолькі рэзкія, што шанцаў на перамогу ў судзе практычна няма. Беларуская асацыяцыя журналістаў у чарговы раз заклікала ўлады ўстрымацца ад крымінальнага перасьледу за журналісцкую дзейнасьць.

Генадзь Воранаў, кіраўнік полацкае арганізацыі АГП, узначаліў ініцыятыўную групу, што хоча кантраляваць прыватызацыю ў горадзе.

Аляксандар Маскевіч, прарэктар Гарадзенскага ўнівэрсытэту, адмовіўся бязвыплатна прыняць ад арганізацыі «Ратуша» рызограф. Маўляў, ГарДУ ня мае грошай на абслугоўваньне такой апаратуры.

Адвакат Гары Паганяйла мяркуе ўвосень дайсьці з справай зьніклых палітыкаў да Эўрапейскага суду. Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская падалі ў суд Цэнтральнага раёну скаргу на пракуратуру, якая спыніла справу пра выкраданьне іх мужоў. Калі там адмовяць, жанчыны пойдуць у гарадзкі, а потым у Вярхоўны суд. Калі й там справу адхіляць — паедуць у Брусэль.

Сябры КХП-БНФ Жодзіна ня кідаюць у нядолі аднапартыйца Анатоля Рабкаўца, аштрафаванага за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі на 400 тыс. рублёў. Яны вырашылі «скінуцца» й дапамагчы бацьку траіх дзяцей разьлічыцца зь дзяржавай.

Гульцы нацыянальных зборных па футболе і хакеі перадалі 6200 даляраў на апэрацыю Данілу Салаўёву з Казловічаў (Случчына). У паўтарагадовага хлопчыка прыроджаны парок сэрца.

80-гадовы мастак Леанід Шчамялёў займеў уласную галерэю ў Менску на праспэкце Ракасоўскага. Улады гораду перадалі яму ў бестэрміновую арэнду памяшканьне былога більярднага клюбу, а ён падараваў Менску 60 карцінаў. «Гораду, а не чыноўнікам», — падкрэсьліў ён на адкрыцьці. Прычым ніводнай — з нацыянальна-вызвольнага, бел-чырвона-белага цыклу.

Эндру Джэксан, былы прэзыдэнт ЗША, зьменіць колер. Новы 20-даляравік зь ягонай выявай, апроч звыклага зяленага, займее яшчэ пэрсікавае ды блакітнае адценьні. Тым часам даляр упаў ужо да 1,15 за эўра.

13-гадовая С. з Барысава адшукалася. Яе вярнулі з Разані, з сэксуальнага рабства. Летась яе завэрбавала і прадала ў Маскву перакупнікам 20-гадовая барысаўчанка М.

Францыска ван Альмсік, нямецкая «плывучая сэкс-бомба», ня возьме ўдзелу ў барсэлёнскім чэмпіянаце сьвету па водных відах спорту. Афіцыйная прычына — траўма пляча. Неафіцыйная — каханак-гандбаліст, дзеля якога, пляткарыць прэса, Францыска нават стала плаваць горай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0