20 траўня суд Маскоўскага раёну Менску даў штрафу галоўнаму рэдактару газэты «Навінкі» Паўлюку Канавальчыку. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе яўна хлусьлівых зьвестак, якія зьневажалі гонар і годнасьць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі». Колькасьць справаў па фактах «зьнявагі» кіраўніка дзяржавы дасягнула двух дзясяткаў. Ніводзін з абвінавачваных не апраўданы.

П.Канавальчык быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці па арт. 172-1 ч.10 за ананімны артыкул «Другая Беларуская Канататыўная Рэвалюцыя», надрукаваны ў сёмым сёлетнім нумары газэты ў сакавіку. Прэзыдэнцкія гонар і годнасьць, на думку пракуратуры, абражаў зьмешчаны ілюстрацыйны матэрыял — два аднолькавыя старыя перадвыбарныя плякаты Лукашэнкі з рознымі камэнтарамі да іх. Напрыклад, з такім: «Шырока расстаўленыя пальцы — сымбаль бязьлітаснага забойцы палітычных апанэнтаў»…

Цікава, што матэрыялы на Канавальчыка паступілі ў Маскоўскі суд ад намесьніка генэральнага пракурора (галоўны рэдактар «Навінак» ужо даваў тлумачэньні ў генпракуратуры). А сам суд прайшоў за гадзіну ў будынку… райаддзелу міліцыі. «Каб зручна было разглядаць справы, пасадзілі судзьдзю тут», — патлумачыў сытуацыю адзін зь міліцыянтаў. Судзьдзя Максім Фалько зацягнуў пачатак працэсу (ніяк ня мог знайсьці сакратара), а пасьля не пусьціў на паседжаньне журналістаў. У выніку ўсе хадайніцтвы абароны (адвакатам Канавальчыка быў Павал Сапелка, які зусім нядаўна бараніў у судзе Аксану Новікаву) былі адхіленыя. Судзьдзя не дазволіў правесьці экспэртызу «крамольных» матэрыялаў газэты, спаслаўшыся на тое, што «сканчаецца тэрмін прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці», і нават не патлумачыў, за якую зь дзьвюх ілюстрацый быў пакараны Паўлюк. Так гэта і засталося таямніцай.

У выніку галоўны рэдактар «Навінак» мусіць сплаціць дзяржаве штраф у 1 мільён 400 тыс. рублёў. Грошы будуць вылічацца зь невялічкага заробку П.Канавальчыка, і асуджаны мяркуе расьцягнуць спагнаньне штрафу на 4—5 гадоў.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» падлічыў: па крымінальных справах «за абразу гонару і годнасьці» прэзыдэнта ў 2001—2003 г. праходзіла 19 чалавек (журналісты, палітыкі і моладзевыя актывісты). Яны праходзілі па артыкулах КК 367 («Зьнявага прэзыдэнта») і 368 («Абраза прэзыдэнта»). Да «хіміі» прысудзілі журналістаў-пагоняўцаў Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку, рэдактара «Рабочага» Віктара Івашкевіча. Пяцёра шклоўскіх зуброўцаў — Міхась Кісялёў, Максім Патупчык, Алесь Паўловіч, Дзяніс Сенакосаў і Зьміцер Шалашкаў — за перадвыбарны пэрформанс з вусатай маскай заплацілі штрафам і адлічэньнем з навучальных установаў. Актывістка АГП з Рэчыцы Натальля Брэль, што перадала Лукашэнку досыць двухсэнсоўныя сувэніры, перад пагрозай арышту ўцякла ў Бэльгію. Крымінальныя справы ўзбуджаліся супраць журналісткі Алены Панкратавай, палітыка Анатоля Лябедзькі — за артыкул у «Народнай волі». Апошні выпадак — Аксана Новікава, асуджаная на два гады ўмоўна. Не апраўдалі ніводнага. «Справа Канавальчыка», не крымінальная — адміністрацыйная, выглядае як папярэджаньне сатырычнай газэце, зь якой улада пакуль ня хоча судзіцца.

Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0