23 траўня 2003 г.

ГЭС-каскад

Да 2008 г. на Дзьвіне збудуюць каскад з чатырох ГЭС. Першую станцыю пусьцяць у 2006 г. Адначасова Міністэрства энэргетыкі ўзялося вывучаць досьвед Швэцыі, дзе чвэрць энэргіі атрымліваюць, спальваючы адкіды дрэваапрацоўкі.

Лямпачкам — зялёнае сьвятло

Ад 22 траўня Ўкраіна адмяніла квоту на ўвоз беларускіх электралямпачак, што дзейнічала з жніўня 1999 г. Берасьцейскі электралямпавы завод мог пастаўляць ва Ўкраіну ня больш за 700 тыс. лямпачак у год. Украінскае Міністэрства гандлю таксама пагадзілася не абкладаць беларускія фосфарныя ўгнаеньні дадатковым мытам у 28%. Цяпер беларускі бок змагаецца за адмену ўкраінскага антыдэмпінгавага мыта на запалкі.

Паліміраўцам далі акцыі

Працаўнікам наваполацкага ААТ «Палімір» перадалі 0,01% акцыяў прадпрыемства. Прадавалі акцыі на льготных умовах — па цане, на 20% ніжэйшай за намінал, што складае 3300 рублёў за акцыю. 99,9% акцыяў атрымаў канцэрн «Белнафтахім». 4 чэрвеня пройдзе першы аўкцыён, на які выставяць 43,19% акцыяў «Паліміру» і «Нафтану».

БМЗ: усё чыста

Беларускі мэталюргічны завод атрымаў міжнародны і нацыянальны сэртыфікаты сыстэмы кіраваньня навакольлем. Сэртыфікат дазволіць заваёўваць новыя рынкі, бо вытворчасьць ды прадукцыя заводу прызнаныя экалягічна чыстымі. Завод экспартуе 80% сваёй прадукцыі.

«Трактар» жыве

Пасьля доўгіх перамоваў з прадпрымальнікамі, адміністрацыя Заводзкага раёну сталіцы згадзілася адкласьці закрыцьцё рынку на стадыёне «Трактар» да 1 верасьня. Чыноўнікаў спалохала пагроза бізнэсоўцаў выставіць «жывы шчыт», калі дэмантаж працоўных кропак пачнецца 19 траўня.

Друкарні пашыраюцца

Гарадзенская абласная друкарня аб’явіла тэндэр на набыцьцё друкарскай ратацыйнай машыны коштам 450 тыс. даляраў. Грошы на яе выдаткавалі зь дзяржаўнага ды абласнога бюджэтаў. Сёлета мусяць набыць ратацыйныя машыны для друкарань у Берасьці ды Віцебску, аднак сродкаў хопіць толькі на дзьве машыны.

Сувязь падаражэла

«Белтэлекам» падвысіў тарыфы на паслугі сувязі ў сярэднім на 20%. За мясцовыя размовы давядзецца плаціць 5,75 руб. за хвіліну.

Адсеяліся

15 траўня скончылася пасяўная. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы плянуюць сабраць 6,4 млн. тонаў збожжа ды 8,5 млн. тонаў бульбы, для чаго набудуць да жніва каля 2 тыс. новых камбайнаў.

АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0