Спэктакль Генадзя Мушперта «Самотны Захад» паводле п’есы Марціна Мак-Донага, пастаўлены ў Гарадзенскім абласным драматычным тэатры, стаўся самай скандальнай прэм’ерай сэзону. Паўмесяца (з 17 красавіка) вырашаўся ягоны лёс. Нарэшце, 4 траўня на глядацкай канфэрэнцыі, дзе сабраліся пераважна людзі, запрошаныя аблвыканкамам, было вырашана: пакуль рэжысэр не папрыбірае з тэксту «вульгарнай лексыкі», пастаноўкі гледачы ня ўбачаць. Не дапамаглі й спасылкі на аўтарытэт Каралеўскага тэатру ў Лёндане, штатным драматургам якога ёсьць Мак-Донаг і дзе ў 1996 г. адбылася прэм’ера спэктаклю.

Былы загадчык літаратурнай часткі гарадзенскага тэатру лялек Юры Гумянюк згадвае, што гэта ня першая забарона спэктаклю ў Горадні: «У 1998 г. забаранілі спэктакль лялечнага рэжысэра Аляксея Ляляўскага «Ліпавічкі». Пастаноўка была зробленая ў жанры сац-арту, і ў ёй выкарыстоўваліся герб, музыка гімну РБ. Чыноўнікам гэта не спадабалася». У «Самотным Захадзе» палітыкі няма. Проста чыноўнікі палічылі вульгарнымі словы кшталту «гаўна». Гарадзенскі рэжысэр Генадзь Мушперт на закіды абласных чыноўнікаў рашуча заўляе: «Я не зьмяню ніводнага слова, бо гэта пярэчыць мастацкай задуме». Яго можна зразумець: выразы герояў спэктаклю і блізка не параўнаеш з тымі, якімі перасыпаныя галівудзкія фільмы. Расейскія тэлеканалы таксама ўсё менш «фільтруюць словы».

Дык ці можна ўжываць табуяваную лексыку ў мастацкіх творах, у газэтах, на тэлеэкране?.. Адміністрацыйны кодэкс Беларусі (арт.156) адназначна характарызуе «нецэнзурную лаянку ў грамадзкіх месцах» як дробнае хуліганства і пагражае за гэта карай: дзьвюма базавымі адзінкамі штрафу, папраўчымі работамі на тэрмін ад аднаго да двух месяцаў з утрыманьнем 20% заробку альбо арыштам да 15 сутак. Калі б гэты артыкул абавязкова выконваўся, на адных штрафах можна было б падтрымліваць бюджэт Гарадзенскай вобласьці. Але самі ж «ахоўнікі парадку» мацюкаюцца так, што вушы скручваюцца. Калі ж браць мастацтва, дык Уільям Бэроўз, Генры Мілер, Эдуард Лімонаў і Адам Глёбус не адбыліся б як літаратары, калі б не ўжывалі «брудных» выразаў.

«Жарснай папеўкай грэліся...»

«Людзям, якія ўжываюць у сваіх творах гэтую лексыку, я магу параіць: хай пашукаюць падобныя выразы ў клясыкаў — Коласа, Мележа, Чорнага, Брыля, — кажа паэт Ніл Гілевіч. — Гэтыя словы можна выкарыстоўваць толькі ў фальклёрных запісах, дый там яны трыма кропачкамі абазначаюцца». Яго падтрымлівае паэт Генадзь Бураўкін: «Вядома, бываюць экстрэмальныя сытуацыі, калі не выбіраеш словаў. Але чалавек культурны будзе старацца выбіраць заўжды. Калі на экран, на тэатральную сцэну вылазіць нешта непрыстойнае, дык гэта не дэмакратызацыя, а сьведчаньне невысокай культуры».

Гісторык Вольга Бабкова сьведчыць, што ў старых беларускіх дакумэнтах не сустракала чагосьці блізкага да сучаснай нецэнзурнай лексыкі: «Я чытаю судовыя кнігі XVI—XVII ст., дзе часта перадаюць даслоўна, што адзін скаржнік сказаў другому. Абразьлівыя выразы сустракаюцца, але за ўвесь час я сустрэла толькі адзін выпадак, калі адзін з скаржнікаў «у матку лаяў» другога».

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч ставіцца да ўжываньня лаянкі патрыятычна: «У мастацкіх творах нецэнзурная лексыка дапушчальная, але толькі нашая, беларуская. Ня трэба нам ніякіх цюркізмаў, у беларускай мове досыць сваіх словаў, часам нават і вельмі нецэнзурных».

Яшчэ больш радыкальна настроены паэт Рыгор Барадулін, аўтар кнігі салёных жарцікаў «Здубавецьце»: «Няма ў мове пахабных словаў. Усё залежыць не ад слова, а ад чалавека, ад чысьціні яго душы. Калі слова натуральна кладзецца, калі яно вымаўленае чыстымі вуснамі, дык і не выклікае мярзотнасьці. У несаветызаваных сялянаў усё было: як гавораць у народзе, у любым родзе — і курва, і злодзей. Слова, нават цалкам «фалічнае», у чыстых вуснах і гучыць чыста. У нас на Полаччыне шмат захавалася такіх «фалічных» словаў, бо там багата захавалася паганства. Дый клімат у нас халаднейшы, таму жарснай папеўкай грэліся — тое, што па-цяперашняму называецца стымулятарам».

Г.Бураўкін на кнігу «Здубавецьце» адгукаецца стрымана: «Гэта ж не барадулінскі твор, а тое, што ён калісьці пачуў у сябе на Вушаччыне, а потым занатаваў. Дый сам Рыгор ужывае ў сваіх вершах зусім іншыя словы. Я думаю, што ў гісторыі ён застанецца зусім ня гэтай кнігай».

Лаянку — у начны этэр

«У таго ж Даўлатава ці Глёбуса слова ня выкінеш. Але калі такое дазволіць у прэсе… У нас і так ня самы лепшы культурны стан грамадзтва», — лічыць кіраўнік Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня Міністэрства інфармацыі Ўладзімер Матусевіч. Зрэдку СМІ атрымліваюць ад Міністэрства папярэджаньні за ўжываньне ненарматыўнай лексыкі. Колькі гадоў таму чыноўнікі аддавалі на экспэртызу ў Інстытут мовазнаўства нумар «Arche» «Паталёгіі грамадзтва», дзе было багата нецэнзурных выразаў. Лаянка — сапраўды паталёгія. Менш даўняя (некалькі месяцаў) гісторыя — з папярэджаньнем «Московскому комсомольцу в Белоруссии»: газэта зьмясьціла карыкатуру з выяўным мацюканьнем. Начальнік аддзелу рэгістрацыі й ліцэнзаваньня Галоўнага прававога ўпраўленьня Міністэрства інфармацыі Віктар Гурэцкі зазначыў, што цяпер гэтае ведамства мае прэтэнзіі да газэты «Навінкі» за пастаяннае ўжываньне мату.

Н.Гілевіч згодны з тым, што з ужываньнем нецэнзурнай лексыкі трэба змагацца, але разумна: «Забаронены плод салодкі. Патрэбныя супольныя намаганьні дзяржавы і грамадзкасьці ў гэтай сфэры. Калі 12—13-гадовыя «дзевачкі» ідуць па вуліцы і сыплюць бруднымі мацюкамі, што ж тут прыгожага? Бо сёньня матамі крыюць у 12—13 гадоў, а заўтра будуць у 7—8? Трэба забараніць ужываць нецэнзурную лексыку ў кінафільмах, спэктаклях».

Тэатральны рэжысэр Мікалай Пінігін — які, апроч «Тутэйшых» і «Ідыліі», паставіў яшчэ й плойму спэктакляў з «вульгарнымі» словамі, — за дыфэрэнцыяваны падыход: «Калі аўтар пісаў дзеля смакаваньня нецэнзуршчыны — гэта адно, а калі гэткіх словаў вымагае сам твор — гэта іншае. Але гэта заўжды мусіць вырашаць сам аўтар, а ня нейкі чыноўнік».

«Я й сам ужываю ў творах словы кшталту «засранка», «курва»: яны ж ёсьць у нашай мове. Але я катэгарычна супраць нецэнзурнай лексыкі на ТВ. Людзі разумеюць так: калі гэткімі словамі можна размаўляць на экране, дык у жыцьці — і пагатоў», — перасьцерагае актор і бард Віктар Шалкевіч.

Перакладчык твораў Ірвіна Ўэлша на беларускую мову Аляксей Знаткевіч раіць не выкідаць зусім нецэнзуршчыны з мэдыяў, але максымальна абараніць тых, хто чуць яе не жадае: «Наконт спэктаклю з лаянкай мусiць быць папярэджаньне, а тэлепраграмы мусяць iсьцi ў начны час». Сп.Аляксей зьвяртае ўвагу на ўмоўнасьць паняткаў вульгарнасьці й нецэнзурнасьці: «Тое, што аднаму нецэнзуршына, iншаму — вульгарызм. У Беларусi, наколькi я ведаю, гэта ня вызначана юрыдычна. У Злучаных Штатах у свой час Вярхоўны суд вызначыў восем нецэнзурных словаў i прынцыпы забароны на ўжываньне. Але ў ангельскамоўных краiнах за апошнiя дзесяцiгодзьдзi стаўленьне да нецэнзуршчыны зьмякчылася — найперш праз паўсюдны ўжытак у кiно». Самому перакладчыку давялося вырашаць для сябе праблему ўжываньня мацернае лексыкі падчас працы з творамі шатляндзкага празаіка Ірвіна Ўэлша: «Праз мат-перамат прамаўляюць тыя героi Ўэлша, чые прататыпы менавiта так i гутараць — i не таму, што яны Ўэлша чыталi. У нас таксама некаторыя бацькi матам размаўлялi зь дзецьмi яшчэ да зьяўленьня нецэнзуршчыны ў легальнай лiтаратуры».

Лягічна: літаратура, тэатар, кіно нясуць сваю долю адказнасьці за ўжываньне нецэнзурнае лексыкі. Але яны толькі адлюстроўваюць стан, які склаўся ў грамадзтве.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0