Усеагульная звычка лаяцца — хросьніца сталінскага раю і хрушчоўскае адлігі, калі на волю зь лягераў ды спэцпасяленьняў хлынулі дзясяткі тысячаў «зэка» (і ня толькі «кліенты» 58-га артыкулу). Таксама лаянка — стрыечная пляменьніца савецкага войска, дзе «матам гавораць», і г.д., і г.д. Лёгка звальваць уласную загану на староньнюю злую сілу. Маўляў, прыйшлі страшныя расейцы й прыахвоцілі цнатлівых беларусаў да мацюкоў.

Як самі расейцы часам вінавацяць татара-манголаў, ад якіх, нібыта, ёсьць пайшла мова мацерная. А насамрэч звычка брыдка лаяцца — дачка нашага канфармізму, жаданьня «не выдзяляцца» і ў адпаведным асяродзьдзі гаварыць мовай, таму асяродзьдзю зразумелай.

У Беларусі паралельна існуюць дзьве лаянкі — свая і расейская. І сказаць «бадай цябе халера» або нават «ідзі тваю каламашку» нашмат больш прыстойна і літаратурна, чым вылаяцца «па-тмутараканску». А замест пашыранага расейскага слова з трох літараў можна досыць легальна ўжываць беларускае зь пяці. Цікава, што сугучную гэтаму беларускаму зь пяці мянушку меў бацька Якуба Коласа Міхал. Мо нічога фалічнага і не было ў тым зернебабовым слове «струк», хоць падазрэньне такое ёсьць — надта ж уедлівы, кажуць, ён быў лясьнік. Дый дзяцей вунь колькі меў.

У хамскай сыстэме савецкіх гіерархічных адносінаў, што працягвае жыць у незалежнай Беларусі, мат ёсьць адзнакай вышэйшасьці. Начальнік можа цябе аблаяць, а ты яго — не. І чым больш жорсткая сыстэма падпарадкаваньня ў той ці іншай сфэры, тым больш пашыраная там лаянка, тым важнейшую ролю яна адыгрывае. Напрыклад, сельская гаспадарка, што трымаецца болей на страху, чым на рэальнай выгадзе тых, хто ў ёй працуе, без мацюкоў папросту стане. Як той калгасны конь, што не кранецца зь месца, пакуль ня скажаш «чароўнага слова».

І перайначыць людзей вельмі цяжка. Адзін новапрызначаны старшыня «мёртвага» калгасу за паўмесяца знайшоў грошы на заробкі працаўнікам. Наступныя паўмесяца работа стаяла з прычыны глябальнага запою апошніх. Тады ў ход пайшла лексыка. Кіраўнік крычаў і гнуў засвоеныя ў часы камсамольскае маладосьці страшныя мацюкі, не зважаючы на жанчын і дзяцей. Праца наладзілася — да наступнага заробку. Пасьля паўтарылася тое самае. Чалавек плюнуў на калгас ды распачаў уласны бізнэс.

Лаянка дапамагае круціцца і колцам уладнае вэртыкалі. Адзін райвыканкамаўскі начальнік падчас сустрэчы з дырэктарамі школаў вельмі экспрэсіўна выказаў заклапочанасьць станам школьных прысядзібных участкаў і платоў. Пасьля адна дырэктарка — ціхая, выхаваная жанчына, — распаўсюджваючы навокал пах валідолу, увайшла ў школьную бібліятэку і каротка пераказала пэдкалектыву і тэхпэрсаналу асноўныя ідэі вэртыкальшчыка. Тымі ж словамі… У гэтым сэнсе прыемна ўражвае самая макаўка вэртыкалі. Якой бы сэлектарнай ні была нарада, кіраўнік дзяржавы ніколі не мацюкнецца на сваіх нядбалых падначаленых, якім дае дождж, бэнзын і запчасткі. Хоць лексыкай відавочна валодае — калі ўлічыць салідны досьвед працы на разнастайных савецкіх кіраўнічых пасадах.

Асобная гаворка пра войска. Бяз лаянкі яно страціла б абараназдольнасьць, бо ягоныя падразьдзяленьні, з генэралітэтам уключна, не змаглі б камунікаваць між сабой. Неяк начальнік вайсковай катэдры, што гадоў дзесяць камандаваў танкавым палком у Сібіры, надумаўся прачытаць студэнтам лекцыю пра патрыятызм. Шкада было глядзець. З аглядкі на тое, што ён ня «ў дзікіх сьцяпях Забайкальля», намагаўся генэрал кантраляваць сябе, глытаючы словы-зьвязкі, якімі стракацела ягоная мова: «Гэта няпраўда-б, што наша краіна ня мае-б ядравай зброі-нах! У кожным батальёне ёсьць пушка-б, гаўбіца-нах, якую чым-б зарадзіш, тым яна-ётм і стрэліць-б...»

Міліцыянты розьняцца ад вайскоўцаў тым, што лічаць лаянку сваім манапольным правам. Калі ў адказ на міліцыянтава «Атайдзіце, ..., на пяць мэтраў, ...!!!» пацікавіцца, чаму гэта ён лаецца матам, можна трапіць у пастарунак. У пратаколе напішуць «Нецэнзурна выражаўся» і дадуць штрафу.

Калі лаянка ўелася ў гаворку, ёй цяжка ўжо даць рады. Гэта прасьцей апярэдзіць, чым лячыць. І нацыянальны арганізм вынайшаў арыгінальную прышчэпку ад лаянкі. Ці ня ў кожнай вёсцы ёсьць чалавек, які вучыць малых дзяцей самым брыдкім словам — каб гэта ў іх «перайграла». Тую практыку выпрабаваў на сваёй сям’і й адзін былы дэпутат Вярхоўнага Савету. Стаўшы дарослымі людзьмі, ягоныя дзеці гавораць культурна. Цяпер былы дэпутат займаецца адпаведным выхаваньнем унукаў — праўда, дзяўчынак тая навука абыходзіць.

Сяргей Мікулевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0