Пакуль зборная прыходзіла ў прытомнасьць пасьля Фінляндыі, а фэдэрацыя пакутліва вызначалася з Захаравым, Беларусь захоплена сачыла за нараджэньнем новага героя хакею.Фінал Кубку Стэнлі — тое месца, дзе куюць мэтал найвышэйшае пробы. Час, які бавіць Руслан Салей на пляцоўцы ў гульнях (ад 20 да 26 хвілінаў за гульню), лепей чым што пацьвярджае яго надзейнасьць і давер да яго з боку трэнэраў «Анагайму». З добрага сілавога абаронцы Руслан ператварыўся ў сапраўднага тэрмінатара, разбуральніка нападніцкага патэнцыялу суперніка.

Гол, які ён закінуў у овэртайме трэцяга матчу ў браму «Нью-Джэрзі», тэхнічна бездакорны, адрадзіў надзею «Анагайму» на станоўчы вынік усяе сэрыі. Беларускі хакей набыў майстра, якога дагэтуль ня меў.

НХЛ гартуе перадусім характар. Тыя, хто мае недастатковую матывацыю, у Лізе не забавяцца. У турнірах Нямеччыны альбо Расеі планка напругі значна ніжэйшая. Мо якраз адсутнасьць у Фінляндыі Салея, ды яшчэ харызматычнага капітана Аляксандра Андрыеўскага, прывяла да таго, што Беларусь вылецела з элітнай абоймы. Камандзе не хапіла характару, які быў козырам зборнай раней. Характару, які ўвасаблялі гэтыя людзі.

Руслан Салей — як Шварцэнэгер у кінэматографе — чалавек, які зрабіў сябе сам.

Цяпер цяжка сказаць, калі мы здолеем убачыць Руслана ў форме нацыянальнай каманды: група «В» не ягоны ўзровень. Дый мэнтальна пасьля НХЛ ня ўпісваецца ён у беларускія хакейныя рэаліі, з усімі нашымі «Залатымі шайбамі», прэзыдэнцкімі камандамі і боўтаньнем між небам і зямлёй. НХЛ — іншая цывілізацыя, дзе камандуюць прафэсіяналы, а не міліцыянты.

Хакеіст Руслан Салей на сваім асабовым чалавечым узроўні зрабіў тое, што мусіць зрабіць кожны з нас і краіна ў цэлым. Рэалізаваць свой патэнцыял. Стаць героем.

Алег Дашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0