«У Расеі ў найбліжэйшы час ня будзе ніякага рэфэрэндуму», — прамовіў Аляксандар Вешнякоў. На расейскай тэлевізіі поўнай хадой разгортваецца кампанія ўласных выбараў — думскіх і прэзыдэнцкіх. Мочаць у прыбіральнях камуністаў, тэрарыстаў і лібэралаў; для пратэстнага электарату піяраць Жырыноўскага; астатнім трэба соты раз давесьці, што Пуцін — адзіны кандыдат. Расея занятая. Беларусь мае час да наступнае вясны.

У Піцеры, сярод імпэрскае фэерыі, натоўпу замежных гасьцей і заклікаў «Расею — у Эўропу!» (пасьля якіх памятлівага эўрапейца прабіраюць дрыжыкі), Аляксандар Рыгоравіч, напэўна, усё адбумваў, як бы правесьці які-небудзь канстытуцыйны рэфэрэндум толькі ў Беларусі.

Чыноўнікі на месцах нібыта ўжо атрымалі распараджэньне ня браць адпачынку ў жніўні—верасьні; пачалася плянавая зачыстка трэцяга сэктару й прэсы; грамадзкія настроі зандуюцца рэгулярнымі працёкамі інфармацыі, а аналітыкі прадказваюць фармулёўкі пытаньняў і вынікі галасаваньня.

Гульня досыць рызыкоўная: пратэстныя настроі ў грамадзтве вельмі высокія, як у 1994-м, і хопіць неспадзяванае дэтанацыі, каб сытуацыя выбухнула. Ключавая перавага рэжыму — у яго няма ні арганізацыйнай, ні пэрсанальнай альтэрнатывы. Якраз у гэтым моманце і заключаецца пагроза чарговае «элегантнае перамогі».

Рэфэрэндум павінен ператварыцца ў беларускае волевыяўленьне — дзеля гэтага пратэстныя настроі мусіць рэалізаваць нацыянальны рух. Па-першае, трэба аб’яднаць перад рэфэрэндумам найбольшую колькасьць менавіта незалежных сілаў; па-другое, ясна заявіць пра свае амбіцыі — узяць уладу ў краіне пасьля Лукашэнкі; па-трэцяе, вылучыць лідэраў і, нарэшце, арганізаваць кампанію маштабнае агітацыі й адкрытага супраціву для мабілізацыі гіганцкага патэнцыялу незадаволенасьці. Калі рэфэрэндум будзе мець прарасейскі зьмест — зьвязаць Лукашэнку з Расеяй і атакаваць іх абаіх. Калі Лукашэнка вырашыць пагуляць у інтэграцыю з Эўразьвязам, заявіць: «Мы самі гатовыя зрабіць Эўропу ў Беларусі!» — і будаваць альтэрнатыву на максымальных эўранастроях. Задача нацыянальнага руху на такім рэфэрэндуме — выйсьці зь яго адзіным, моцным, з рэйтынгам ня меней за 30% і статусам новай апазыцыі.

Момант сацыяльны: Расея на год практычна выключаная зь беларускіх працэсаў. Амэрыка й Эўропа толькі й чакаюць, каб зрабіць стаўку на альтэрнатыву. А народ гатовы ісьці за тым, хто мае волю й веру. За лідэрам.

Беларускія палітыкі будуць мець падчас рэфэрэндуму цудоўны шанец. Хваля волевыяўленьня можа раскруціць рэальнага нацыянальнага кандыдата ў прэзыдэнты ў 110 разоў лепш, чым любая палаткавая акруга.

Пытаньне толькі ў адным — ці хопіць на гэта ў некага зь цяперашніх лідэраў асабістае волі.

Павал Севярынец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0