25 чэрвеня «Tінь Сонця» выступіць на 1‑ым міжнародным купальскім фэсьце «Купальскае Кола».

Напярэдадні прыезду ў Менск на выступ на першым міжнародным купальскім фэсце, які адбудзецца 25 чэрвеня ў клубе Рэактар, лідэр украінскай каманды «Tінь Сонця» Сяргей Васілюк прызнаўся ў любві да беларускай музыкі і паабяцаў абавязкова зайграць «Чугайстра» па‑беларуску: «Мне імпануе ідэя ліцьвінаў. Для мяне беларуская стыхія ніколі не была чужой, бо мая бабуля паходзіць з поўдня Чарнігаўскай вобласьці. І беларуская мова для мяне, як родная».

— Які настрой пануе ў вашым гурце перад паездкай у Беларусь?

— Настрой найлепшы. У Беларусь едзем другі раз, летась прыязджалі ў Мазыр на фэст «Эх, рокнем!». На жаль, тады вялікага рэзанансу не адбылося, бо ня гралі на гала‑канцэрце — змушаны былі ехаць на канцэрт у Заходняй Украіне. А ў Менску будзем упершыню. Прыемна будзе сыграць разам з добрымі камандамі ды адзначыць Купальле!

— Якога ты меркаваньня пра нашу мэтал‑сцэну?

— Лісьлівіць ня буду, але ў апошнія 10 год беларуская музыка стала куды цікавей за ўкраінскую, калі казаць менавіта пра стары добры мэтал, без дадаткаў «кору». Хоць на той жа «кор» Беларусь багатая, хоць я не прыхільнік гэтага кірунку.

— Як атрымалася, што вы ўдзельнічалі ў трыб’юце Gods Tower?

— Гэты гурт мяне заўжды захапляў. Яшчэ ў 2003 годзе я прыдумаў тую самую інтэрпрэтацыю «Twilight Sun» пад назвай «Пісня Чугайстера». А загучала яна дзякуючы Віталю Супрановічу. Гэта быў сапраўдны экстрым! Мы зрабілі песьню менш чым за тыдзень: на выходных вывучылі партыі, з панядзелка па чацьверак пісалі ў студыі, а ў суботу ўжо выслалі трэк.

— У тым рэлізе вашая песьня — адно з адкрыцьцяў. А наколькі яна цікавая ўкраінскай публіцы?

— «Пісню Чугайстера» мы заўжды граем нават калі выступы караценькія. Успрымаюць яе заўжды станоўча. Натуральна, што ва Ўкраіне памятаюць, любяць і шануюць Gods Tower. Удзячныя ім і мы. Спадзяюся, што нашыя словы пачуе і Аляксандар Уракоў.

— Ці знаёмы ты з творчасьцю камандаў, якія зайграюць разам з вамі ў Менску?

— Кампанія сапраўды ўражвае. Усе каманды выклікаюць пазытыўныя эмоцыі. Акром тых, хто будзе ўдзельнічаць у канцэрце вельмі люблю слухаць «Старога Ольсу» і «Vicious Crusade». Адносна першых мне імпануе ідэя ліцьвінаў. Для мяне беларуская стыхія ніколі не была чужой, бо мая бабуля паходзіць з поўдня Чарнігаўскай вобласьці. І беларуская мова для мяне, як родная. Акром таго, у нас сапраўды агульныя карані: старажытная Русь нас лучыць.

— У фольку, у тым ліку і фольк‑мэталу, выкарыстоўваюцца рознастайныя музычныя інструмэнты. Якія ў вас у гэтым сэнсе асаблівасьці?

— У нас з унікальнага для мэталу толькі адзін інструмэнт — бандура. Як толькі яго не называлі ў інтэрнэце: клявішныя, цымбалы, гусьлі… Бандура падобная да арфы, але значная меншая. Скрыпка таксама ёсьць. Яна ў нас часьцяком выконвае ролю трэцяй гітары, хе‑хе.

— Не адкрыеш сакрэт, што зайграеце ў Менску?

— Гэта будуць лепшыя песьні за апошнія тры‑чатыры гады, а пры канцы зайграем «Чугайстра». Натуральна, што па‑беларуску.

Сумесны канцэрт гуртоў «Tінь Сонця» (Украіна), «Alkonost» (Расея) і беларусаў «Znich», «LitvinTroll», «Лютавер’е», «Пярэварацень» адбудзецца ў межах 1‑га міжнароднага купальскага паган‑фольк фэсту «Купальскае Кола» 25 чэрвеня, клюб «Рэактар».

Арыман, «Тузін гітоў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0