Памятаеце клясычнае апавяданьне Максіма Гарэцкага «Генэрал»? На фронт з праверкай прыехаў старэнькі генэрал, пагаварыў з жаўнерамі, пабываў у шпіталі, пакаштаваў салдацкай кашы. Але нечага яму ў жыцьці бракавала, нешта рупіла. І ўзьдзябурыўся генэрал на бруствэр акопу, і пачаў хадзіць туды-сюды пад прыцэлам варожых снайпэраў.

Зразумела, сьледам за дзедам у лямпасах мусіў лезьці пад кулі і камандзір інспэктаванага палка. Які ўрэшце і загінуў бязглуздай сьмерцю. А ўсё праз тое, што ў генэральскай крыві востра адчуваўся недахоп невядомага тады адрэналіну. Апавяданьне Гарэцкага прыгадалася мне ў мінулую пятніцу, калі паслухаў у «Панараме» выступ беларускага генэрала, дэпутата і пісьменьніка Мікалая Чаргінца. Сп.Чаргінец на ўсю Беларусь абвесьціў, што ён шчодры чалавек, — паабяцаў ахвяраваць прэмію «саюзнай дзяржавы» на патрэбы зьбяднелых пісьменьнікаў. Люд наш даверлівы, таму, мабыць, сёй-той пабег на пошту даваць на адрас дабрачынцы ў пагонах падзячную тэлеграму. Але не сьпяшайцеся. Прэмію сп.Чаргінец толькі задумаў атрымаць. І прыклаў пэўныя намаганьні, каб пра яго й Івана Навуменку, як пра будучых ляўрэатаў, нібыта вылучаных Саюзам пісьменьнікаў, зьявілася інфармацыя ў СМІ. Але атрымаўся фальстарт. Вылучыць на любую прэмію, Нобэлеўскую ці імя Аркадзя Куляшова, паводле статуту, мае права выключна Рада Саюзу пісьменьнікаў. А яна на сваё паседжаньне зьбярэцца толькі 17 чэрвеня, дзе і адбудзецца вылучэньне (ці невылучэньне) на згаданую прэмію. Рада вырашыць, ці варты аўтар крымінальных раманаў М.Чаргінец гэткай «высокай узнагароды», якую ў свой час атрымалі І.Шамякін і А.Дудараў. Але і іх Саюз пісьменьнікаў на «саюзную» прэмію не вылучаў. Як не вылучаў пакуль і М.Чаргінца. Выказваю спачуваньне народнаму пісьменьніку Івану Навуменку, які ў гэтай сытуацыі аказаўся проста падстаўленым, як той камандзір палка ў апавяданьні М. Гарэцкага. Дзякуй Богу, без трагічнага выніку. Што да клопату пра пісьменьнікаў, то найпершы абавязак сп.Чаргінца, як старшыні Літфонду і прадстаўніка ўлады, — адрамантаваць (фактычна — уратаваць) іхні занядбаны Дом творчасьці «Іслач». Памятаецца, за гэта і браўся новаабраны кіраўнік Літфонду, просячы на разгарненьне свайго гаспадарчага таленту год. Дамоўлены тэрмін хутка міне, а калісьці ўтульная «Іслач» працягвае разбурацца, і на яе ўжо паклала вока кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. А з прэміяй сапраўды непрыгожа атрымалася. Піяр піярам, але гонар і годнасьць, дальбог, ня лішнія і пры наяўнасьці мундзіру.

Міхась Скобла, намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў

Ад Рэдакцыі. Мы чакаем ад СП не вылучэньня беларускіх пісьменьнікаў на прэмію нейкай саюзнай дзяржавы, а заявы з пратэстам супраць антыканстытуцыйнасьці гэткага вылучэньня, гэткай прэміі i гэткай «дзяржавы». Права на такі пратэст нам дае тое, што грошы на гэтую прэмію будуць брацца з нашай, падаткаплатніцкай кішэні, тады як ні пра якую «саюзную дзяржаву» ў нас ніхто не пытаўся. Пыталіся на рэфэрэндуме пра эканамічнае супрацоўніцтва з Расеяй, на што мы, беларускі народ, згоду далі. Што да марнаваньня нашых грошай на новыя бюракратычныя «саюзныя» структуры і нейкія прэміі гэтых структур (чытай — лішнія грошы), дык тут мы рашуча супраць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0