8 чэрвеня ў Менску ўтварылася Асамблея дэпутатаў мясцовых саветаў. Стварэньне міжрэгіянальнай групы дэмакратычных дэпутатаў плянавалася яшчэ вясной. Спачатку «сваіх» дэпутатаў зьбіралі партыі, пасьля ішлі кансультацыі, узгадненьне пазыцый. Нарэшце, у Менску сабраліся больш за 50 дэпутатаў мясцовых саветаў з усёй краіны.

Адбылося гэта ўжо пасьля таго, як пра стварэньне сваёй міжрэгіянальнай дэпутацкай групы абвесьціла «Рэспубліка». «Рэспубліканцы» распаўсюдзілі зварот да дэпутатаў мясцовых саветаў з заклікам далучацца да іх, і, паводле словаў Сяргея Скрабца, больш за 70 чалавек такую згоду далі. На канец чэрвеня была заплянаваная «спэцыяльная канфэрэнцыя» названай групы. Пасьля стварэньня Асамблеі, цяжка сказаць, ці яна адбудзецца. Апазыцыйныя партыі не дазволілі «апазыцыянэрам» з палаты прадстаўнікоў перахапіць у іх ініцыятыву. С.Скрабец, каб «не заблытаць электарат», прапанаваў аб’яднаць высілкі. Прапазыцыя «рэспубліканцаў» на сходзе не абмяркоўвалася — яе не было ў парадку дня. Мо гэтае пытаньне паўстане пазьней.

Сход дэпутатаў мясцовых саветаў адбыўся намаганьнямі чатырох партый: АГП, БНФ, БСДГ і ПКБ. Ад кожнай зь іх быў вызначаны прадстаўнік у прэзыдыюм, пасьля зацьверджаны сходам. Імі сталі, адпаведна, Марат Афанасьеў, Алесь Міхалевіч, Леанід Гаравы і Васіль Бычок. Дэпутаты ад БСДП «Народная грамада» ў сходзе ня бралі ўдзелу, як і лідэр партыі Мікола Статкевіч. Ён атрымаў афіцыйнае запрашэньне, але адмовіўся прыйсьці.

Лідэры іншых партый выступілі на сходзе з пажаданьнямі дэпутатам і прапанавалі сваё бачаньне дзейнасьці аб’яднаньня. Алена Скрыган (ПКБ) прапанавала гаварыць толькі пра тое, што яднае: законнасьць, правы грамадзянаў, праблемы рэгіёнаў. Аляксей Кароль, які выступаў ад імя БСДГ, заўважыў, што «аб’яднаньне дэпутатаў — першы крок да аб’яднаньня дэмакратычных сілаў». Вінцук Вячорка ацаніў працу дэмакратычных дэпутатаў як «стварэньне архіпэлягу», на якім мусіць паўстаць «кантынэнт». Ён падкрэсьліў, што «бяз згоды дэмакратычных партый сход гэты быў бы немагчымы». Анатоль Лябедзька (АГП) распавёў пра інтэнсіўныя кансультацыі, якія цяпер ідуць паміж партыямі. Найперш наконт адзінага сьпісу на выбары.

Дэпутаты не былі надта актыўнымі, і ў агульнай дыскусіі прынялі ўдзел усяго некалькі чалавек. Гаварылі яны пра праблемы, зь якімі сутыкнуліся ў сваёй невялікай яшчэ практыцы. Алесь Зарамбюк з Мастоў прапанаваў стварыць кансультацыйны цэнтар для юрыдычнай дапамогі дэпутатам. Юрась Губарэвіч зь Белаазерску падтрымаў гэтую ідэю, бо «мы ня маем права на памылку». Белаазерскія дэмакратычныя дэпутаты, якія маюць у савеце большасьць, могуць праводзіць патрэбныя рашэньні, але хацелі б быць упэўненымі, што ня йдуць супраць закону. Заканатворчага досьведу яшчэ шмат каму не хапае. Невыпадкова на сходзе далі слова некалькім экспэртам. Юрыст і былы дэпутат Міхаіл Пліска заклікаў дэпутатаў не ленавацца: «Рукі складаць ня трэба... Галоўнае — данесьці да выбарцаў інфармацыю пра сваю дзейнасьць, пра тое, што вы хацелі зрабіць і хто вам перашкодзіў». А кіраўнік фонду Лява Сапегі Аляксандар Жучкоў нагадаў пра дзейнасьць запачаткаванай вясной 1990-га дэмакратычнай дэпутацкай групы, якая налічвала больш за 60 чалавек.

Сход прыняў назву аб’яднаньня — «Асамблея дэпутатаў мясцовых саветаў» — і некалькі заяваў (аб правядзеньні давыбараў у мясцовыя саветы, аб сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне ды інш.), зацьвердзіў рэглямэнт Асамблеі. Была абраная Каардынацыйная рада з чатырох чалавек.

Дэпутацкі сход стаўся добрай нагодай для ўстанаўленьня кантактаў паміж народнымі абраньнікамі. Ён сапраўды нагадваў дэмакратычны канвэнт — толькі адзінкі былі ў строгіх касьцюмах і гальштуках. Дэпутаты выявіліся аднадумцамі, галасавалі аднагалосна. Непаразуменьне ўзьнікла, калі адзін з удзельнікаў «выявіў» у залі здымачную групу БТ. Пасьля нядоўгіх ваганьняў яе вырашылі не выганяць. Перамог здаровы сэнс і жаданьне адысьці ад агрэсіі да людзей улады, пра што на сходзе гаварыў дэпутат з Амсьціславу Аляксандар Галакціёнаў. Паводле ягоных словаў, агрэсіўная тактыка перашкаджае знаходзіць паразуменьне з праўладнай большасьцю савету, зь якой, аднак, трэба працаваць і ў якой трэба знаходзіць аднадумцаў.

Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0