Такая ўжо асаблівасьць чалавечага розуму: спаткаўшы побач дзьве рэчы, ён абавязкова, нават калі суседзтва выпадковае, імкнецца адшукаць аб’яднаўчы матыў.

Паўстаньне палітычнага блёку з гучнай назваю «Свабодная Беларусь» — добрая нагода для абагульненьняў.

Вядомыя асобы стварылі структуру для вылучэньня кандыдатаў на выбарах, гэтым разам — у палату прадстаўнікоў. У кожнай акрузе — па кандыдату (вядома ж, дэмакратычнаму). Крыху раней чулася пра гэткі ж намер блёку палітычных партый, і ўжо было відаць, што поўнага адзінства сярод іх — і, адпаведна, аднаго набору дэмакратаў — ня будзе. Новая ініцыятыва можа дадаць яшчэ па аднаму дэмакратычнаму шукальніку мандату ў акругі.

Сутнасьці ня трэба памнажаць безь неабходнасьці. У рэаліях беларускай палітыкі прынцып Окама выглядае жорстка: ці існуе і калі існуе, то якая неабходнасьць памнажэньня палітычных арганізацыяў апазыцыйнай накіраванасьці?

Прычынай некантраляванага памнажэньня падаецца адсутнасьць у шэрагах апазыцыі мэханізму палітычнай канкурэнцыі па-за межамі выбарчай кампаніі. Арганізаванае й кантраляванае ўладамі ды жорстка крытыкаванае апазыцыянэрамі мерапрыемства ёсьць на сёньня ці не адзіным полем, дзе дэмакраты/апазыцыянэры змагаюцца. Пераважна паміж сабою.

Як лучыцца стаўка выключна на перадвыбарчую агітацыю й занядбаньне ўсіх іншых формаў палітычнай працы — зь несупыннымі скаргамі на маніпуляцыі, фальсыфікацыі, выкарыстаньне адміністрацыйнага ціску? Сумяшчэньне несумяшчальнага жывіць непазбыўны недавер да палітыкаў, якія, бы тыя кветкі-эфэмэрыды, ажываюць на некалькі тыдняў і зноўку ўпадаюць у сон на доўгі й нецікавы міжвыбарчы сэзон.

У палітычным лексыконе не па рангу пачэснае месца займела слова «раскрутка», якая, на добры розум, ёсьць фарсажам на фінальным адрэзку змаганьня за ўладу. Прэтэндэнты на кіраваньне краінай быццам забыліся пра існаваньне іншых спосабаў здабываньня вядомасьці й аўтарытэту сярод выбаршчыкаў. Дэмакратычнаму (або, калі хочаце, апазыцыйнаму) руху нашмат больш ад чарговае асацыяцыі па пошуку кандыдатаў і назіральнікаў патрэбны ўнутраны мэханізм сэлекцыі людзей з палітычнымі амбіцыямі, які б выпрабоўваў іхнюю здольнасьць ствараць і адстойваць адметныя палітычныя канцэпцыі, прасоўваць іх «у масы», рэагаваць на зьмены палітычнай сытуацыі, працаваць над выхаваньнем у людзей пачуцьця неабходнасьці сьвядомага выбару. Іншымі словамі, кандыдат у народныя абраньнікі павінен быць прадстаўніком ідэі. Пошук годных прадстаўнікоў — справа хутчэй закулісная і ня можа рабіцца галоўным складнікам палітычнай кампаніі.

Стварэньне чарговага перадвыбарчага блёку, за якім няма ніякае пазытыўнае праграмы, акрамя дэклярацыі пра жаданьне зьмяніць палітычны курс, разглядаецца ў выключна непрывабным кантэксьце папярэдніх альянсаў і задзіночаньняў. Але прычына ня толькі ў правале гэтых спробаў адным скокам апынуцца на вяршынях улады.

Выбаршчыку зноўку прапануюць сцэнар бяздумнага галасаваньня «за сваіх», якія толькі таму свае, што назваліся апазыцыянэрамі. Апазыцыйнасьць існаму рэжыму выяўляецца ледзьве не адзіным лучвом паміж выбаршчыкам і палітыкам. Імглісты альтэрнатыўны шлях для Беларусі вызначаецца адно як супрацьлеглы ўзятаму курсу. Але такое пазыцыянаваньне больш чым недастатковае і ніколі не задаволіць дырэктара прадпрыемства, які намагаецца акрэсьліць стратэгію на тры—пяць гадоў. Нязгода з уладаю, крыўда на ўладу, расчараваньне ў дзейнай уладзе — хіба гэта можна лічыць палітычнай праграмай?

Шырокія аб’яднаньні з прыгожымі назвамі падкрэсьліваюць ня столькі рашучасьць у змаганьні зь існым рэжымам, колькі адсутнасьць у дэмакратаў стаўкі на людзей, якія думаюць. Спадзяваньне ідзе больш на тое, што нязгодны з наяўным рэжымам хоцькі-няхоцькі будзе галасаваць за таго, хто адрапартуецца апазыцыянэрам.

Ды толькі вынікі выбараў вызначаюцца не на працягу кароткіх тыдняў афіцыйнае кампаніі. Прыгожая шыльда й вядомыя імёны могуць прыцягнуць увагу выбаршчыка ў гарачцы кампаніі і скіраваць пратэстныя настроі ў пэўнае, але ўжо далёка не адзінае рэчышча, аднак яны ня ў стане пераканаць тых, хто ставіцца да выбару адказна, і не дадаюць аргумэнтаў тым, хто жадае ўплываць на меркаваньні іншых. Тут нашмат больш прыдаліся б зьвесткі незалежнага маніторынгу ўзроўню жыцьця, які колісь «пагражаў» стварыць У.Ганчарык.

Адсутнасьць палітычных канцэпцый, бесьперапыннай агітацыйнай працы, выключная стаўка на пратэст — прыкмета прымітывізму палітычнага жыцьця, прымітывізму, зь якім ня будзе змагацца ані «Свабодная Беларусь», ані рух «За годнае жыцьцё», ані іншыя асацыяцыі шукальнікаў мандатаў, зачараваныя найноўшым фэтышам палітычнае нумаралёгіі — лічбаю 110.

Між тым, назіраецца непрыемная эвалюцыя ўяўленьняў пра палітычную апазыцыю. Дэфармацыя зайшла настолькі далёка, што ўяўленьне пра палітычную альтэрнатыву рэжыму як рух за правы меншасьці робіцца агульным месцам ужо не размоваў на вуліцах, а даволі вышуканай публіцыстыкі. Адгортваючы старонкі «Arche» ў пошуках пачатку артыкулу пра нараджэньне БНР, я выпадкова пераскочыў некалькі лішніх бачынаў, і назва разьдзелу ўразіла мяне як перуном: «Гей-змаганьне і досьвед беларускага нацыянальнага руху». Яшчэ трохі посьпехаў у гей-змаганьні — і настаўнік з вучнем памяняюцца месцамі.

Аляксандар Карольчык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0