На зьмену часопісу з рэвалюцыйна-нацыяналістычнымі настроямі пачатку 90-х прыйшло «бюргерскае» выданьне. Дзеячоў Заходняе Беларусі ды паваенных эмігрантаў у ролі культурных герояў замянілі першыя беларускія бізнэсоўцы, вытворцы й прадпрымальнікі. Гэтак выглядае першы нумар абноўленага часопісу «Спадчына».

Зьмена афармленьня, спосабу падачы матэрыялаў і зьместу — з акадэмічна-архіўнага ў папулярна-гістарычны — павялічыла і наклад да 1200 асобнікаў. Галоўны рэдактар «Спадчыны» Аляксей Хадыка запэўнівае, што шмат у часопісе застанецца і ад старой канцэпцыі: «Мы будзем працягваць зьмяшчаць архіўныя матэрыялы, але толькі першасныя публікацыі, а не надрукаваныя БІНіМам, як гэта практыкавалася раней».

Першы абноўлены нумар рэпрэзэнтуе бачаньне беларускай гісторыі праз прызму прыватнае ўласнасьці. І далейшае разьвіцьцё «Спадчыны» пойдзе гэткім шляхам: праз паказ тых набыткаў нашае гісторыі, якія й сёньня будзяць цікавасьць. «Задача часопісу — фармаваць новыя стэрэатыпы беларускага жыцьця на аснове нашых набыткаў. Мы будзем браць усё самае цікавае за ўсю тысячагадовую гісторыю Беларусі, не абмяжоўваючыся нейкім часам ці сацыяльнай групай», — кажа сябар рэдкалегіі Алесь Белы. Гэта ён, аўтар гістарычнага бэстсэлеру «Хроніка Белай Русі», стаў натхняльнікам першага абноўленага нумару.

Новы нумар «Спадчыны» вылучаецца адмысловым дызайнам. У часопісе заўважна пабольшала ілюстрацыяў; апроч асноўнага тэксту, старонкі маюць глосы-вынаскі зь «неабавязковымі», але надзвычай цікавымі камэнтарамі.

У нумары няма ніводнага артыкулу на «тарашкевіцы», хоць выданьне па-ранейшаму дэкляруе павагу да ўсіх формаў правапісу. Сябар рэдкалегіі Валянцін Голубеў абяцае ў далейшым «цэлыя нумары на тарашкевіцы, бо ёсьць аўтары, для якіх гэта прынцыпова».

«Канструктарскай асновай» для новай канцэпцыі «Спадчыны» стаўся ангельскі часопіс «History today».

У новай канцэпцыі «Спадчына» атрымала і новы статус. Цяпер яна сталася навуковым выданьнем, прызнаным Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй (ВАК).

АВ

Зьмест нумару:

«Дай мне булку на паўзлоты, ды прыпраў мне селядца...» Сьціплая рыбка таксама можа быць сымбалем беларускай культуры, сьцьвярджае Алесь Белы ў кароткім нарысе гісторыі селядцоў у Беларусі. «Граф зь піўной этыкеткі, або Пераўтваральнік Менску». Захар Шыбека аналізуе дзейнасьць Караля Чапскага. «Прыбытак ці ўратаваньне душы». Ігар Марзалюк — пра крэдыт і ліхвярства ў Беларусі XVI—XVII ст. «Панамі будзеце, панамі!..» Андранік Антанян узнаўляе маршрут Дзядзькі Антося па Вільні. «Беларусь на вузкай каляіне». Андрэй Кіштымаў вяртае зь нябыту імя будаўніка чыгункі Сьвянцяны—Беразьвеч. «Над дахамі Віцебску». Захар Шыбека спрабуе ўбачыць віцебскія цэхі вачыма Марка Шагала. Ірына Кітурка піша пра супярэчнасьць рэформаў Тызэнгаўза, Юрась Бохан — пра арганізацыю найманых аддзелаў у ВКЛ, Ігар Цішкін пра месцазнаходжаньне Віцебскай царквы Сьв.Мікалая «ў рынку» ды інш. Тэл. рэдакцыі (017) 266-07-97.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0