Словы, якія за апошняе дзесяцігодзьдзе набылі спэцыфічнае значэньне, усё множацца. Хутка іх стане на цэлы слоўнічак. Ад тых набытых значэньняў нам прыйдзецца доўга адвыкаць. Так, «патрыятызм» будзе трывала асацыявацца зь сьлізкімі хлопчыкамі-бэпэ(эр)эсэмаўцамі ды іхным «Я за бацьку» («...і за матку!», як хтосьці дапісаў на лукамольскай улётцы на койданаўскім вакзале).

А бяскрыўднае школьнае слова «вэртыкаль» шмат у каго, асабліва на пэрыфэрыі, абудзіць успаміны пра навязьлівыя тэлефанаваньні з раёну ды «адзіны палітдзень» — ёсьць ужо дзе-нідзе і такая забаўка. Сказаўшы «інтэграцыя», згадаем малінавы звон пабітых чарак ды тэлепацалункі зь Ельцыным і Аляксіем ІІ, а таксама фразу аднаго генэрала: «Беларусы не адседзяцца». «Інтэграцыя» — слова настолькі зацяганае, што працэс аб’яднаньня з Эўразьвязам давядзецца называць неяк іначай.

А колькі трэ будзе адмываць паняткі «дзяржава» і «ўлада»! Бо першае ў разуменьні многіх грамадзянаў азначае «дыктатура», а другое — «рэжым». Гэткае ўспрыманьне можа аўтаматычна перайсьці і на наступную ўладу. Нельга ж чакаць, што яна прынясе нам рай зямны. Наадварот — той уладзе давядзецца ісьці на непапулярныя меры, падвышаць тарыфы, здымаць ільготы, зьнішчаючы рэцыдывы папулісцкага жыцьця не па сродках. Ня ўсім гэта спадабаецца. Тым больш што, «дзякуючы» ўладзе сёньняшняй, у краіне зьявіўся электарат, пратэставы да дзяржавы як такой, — гэткія неўсьвядомленыя анархісты.

Зладзім невялікі экспэрымэнт. Скажэце «Ўкраіна». Ніякіх эмоцыяў? Скажэце «Латвія». Тое самае. А цяпер скажэце «Расея»... Прабрала аж да костак! Цяжка будзе навучыцца вымаўляць гэтае слова спакойна. Навучыцца асацыяваць яго з паняткам «істотны эканамічны партнэр», або «сябры езьдзілі ў Суздаль — вельмі спадабалася». Прыбалты ўжо бязь лішніх эмоцыяў ставяцца да свайго колішняга «славянскага молата» — прэзыдэнт Эстоніі раз нават выступаў па-расейску. З акцэнтам. Зрэшты, нас гэтым ня зьдзівіш.

Трэба доўгі час, каб беларус прывык думаць, што «Канстытуцыя» — рэч трывалая і нязьменная, якую нельга перакрэсьліць дэкрэтам ці рэфэрэндумам. Дарэчы, пра апошні: гэта ці ня самы дыскрэдытаваны з усіх паняткаў. Можа, нават давядзецца замяняць яго на які «плебісцыт», іначай у вынікі ніхто па старой завядзёнцы верыць ня будзе.

Яшчэ давядзецца прывыкаць, што «праваахоўныя органы» — гэта ня тыя, якія хапаюць ды сьведчаць у судзе, што ты «лаяўся зь незарэгістраванай сымболікай і рваў форменную вопратку». Прывыкаць, што «органы» бароняць цябе і тваю маёмасьць ад зладзеяў, бо існуюць за кошт падаткаў, якія ты сплачваеш. Як і «спэцслужбы», якія маюць змагацца з наркамафіяй, шукаць зьніклую кнігу Скарыны ды рассакрэчваць архівы.

Самі міліцыянты ды кадэбісты, цяпер загружаныя ідэалягічна пад завязку, павінны будуць звыкнуцца з думкай, што «апазыцыя» — утварэньне легальнае, карыснае і ў абсяг іх прафэсійных зацікаўленьняў не ўваходзіць. Некаторым апазыцыянэрам таксама цяжка будзе звыкнуць да легальнага становішча і адсутнасьці ўвагі з боку праваахоўных органаў.

І чым хутчэй мы ўсьвядомім гэтыя простыя рэчы, вызвалім ды цывілізуем самі сябе, тым бліжэйшы будзе момант, ад якога пачнецца звыканьне да новых рэаліяў. А пасьля нават самі зьдзівімся: «Як усё зьмянілася!» І, адкладаючы мэмуары Шчукіна, уключым тэлевізар — пачынаюцца парлямэнцкія дэбаты пра плюсы і мінусы Эўразьвязу.

Андрэй Скурко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0