За апошнія дваццаць гадоў колькасьць сьведамых беларусаў павялічылася ў сотні разоў. Ужо даўно ня скажаш, што ведаеш усіх прысутных на Купальлі або прэзэнтацыі кнігі сябра. Аднак ад усяго гэтага ня стала большае пэўнасьці ў тым, што нацыя ёсьць, што яна «адрасла» пасьля ўсіх масавых «высечак» ХХ ст. Чаму так адбываецца? І што магло б даць тую пэўнасьць? І што, урэшце, было б галоўным паказьнікам таго, што нацыя ёсьць?

У нас быў досьвед ці ня ўсіх формаў ды мэтадаў адраджэньня. Пераглядаючы вынікі, я бачу, што адзін прынцып пакуль што так і не прыжыўся. Гэта беларуская мова дома. Ня ў краме, не на вуліцы і не на сцэне — Бог зь імі, гэтага мы ўжо навучыліся. Дома. З жонкаю, з мужам, зь дзецьмі. Там, дзе правілы ўсталёўвае не палітычны рэжым, а ты сам.

Пачынаю згадваць сваіх калегаў, вядомых у Беларусі беларусаў, і аказваецца, што ці ня большасьць зь іх, якія ўсё жыцьцё публічна супрацьстаяць русіфікацыі, дома і зь дзецьмі гавораць па-расейску. Не кранаю старых — мы ня ведаем іхных страхаў, думаю пра сваё пакаленьне. Адкуль жа возьмецца нацыя?

Беларуская нацыя возьмецца зь беларускамоўнага дому.

Згадайце досьвед балтыйскіх краінаў пад саветамі. У іхным вонкавым жыцьці нічога магло й не нагадваць, што яны літоўцы ці латышы. Але дома, зь дзецьмі гаварылі па-свойму. Сукупнасьць гэтых дамоў і была нацыяй, ім самім давала адчуваньне нацыі. На вуліцы ці ў кавярні гавары як хочаш — гэта для чужога вока важна. А вось у беларускім доме па-беларуску — гэта толькі для сябе, для нас. Інакш мы адзін аднога руйнуем горш, чым любая русіфікацыя.

Згадайце, як зьдзівіла многіх у апошнім перапісе, што гэтак шмат беларусаў гавораць дома па-беларуску. Людзі інтуітыўна адчуваюць, што калі дома не па-свойму — якія ж яны беларусы?

Некалі Барыс Сачанка казаў, што ня так важна, у якую школу пойдуць ягоныя дзеці — беларускую ці расейскую, — як тое, на якой мове яны будуць размаўляць дома. Школу, як і ўсе нацыянальныя грамадзкія інстытуцыі, можна зачыніць. І калі яна — апошняе, на чым трымалася нацыя, дык ня будзе і нацыі. Дому не закрыеш. Прынамсі, давялося б фізычна зьнішчыць ягоных насельнікаў.

Не магу сказаць, што маё пакаленьне ўвасобіла ў жыцьцё ідэю беларускага дому. Не ўзмацнілася адчуваньне таго, што мы нацыя. Іншы раз заўважаю, што лягчэй беларускі дом ствараецца ў асяродку людзей, якія маюць негуманітарныя прафэсіі, у людзей непублічных. У іх няма падставаў адчуць няшчырасьць.

Застаецца надзея на пакаленьне сёньняшніх маладзёнаў. Яны мысьляць больш прагматычна і больш прагматычна будуюць свой побыт. Застаецца надзея таксама на пакаленьне нашых дзяцей, якім належыць паўтарыць наш ня вельмі ўдалы досьвед зь лепшым вынікам.

Сяргей Дубавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0