19 чэрвеня 2003

Доля бедных зьнізілася

Доля бедных у структуры насельніцтва Беларусі зьнізілася, мяркуе Сусьветны банк. Паводле ягоных зьвестак, цяпер толькі 19% беларусаў маюць даходы, ніжэйшыя за рысу беднасьці, тады як у 1996 г. на мяжы жабрацтва балянсавала 50% насельніцтва краіны. Адна з прычынаў гэтага — «шчодрая сыстэма сацыяльных выплатаў». Цяпер Сусьветны банк усяляк заахвочвае ўрад пераходзіць на адрасную сыстэму сацыяльнай дапамогі.

«Прыёрбанк» набывае бровары

Буйныя пакеты акцыяў «Крыніцы» (80,57%), «Берасьцейскага піва» (85%), «Белсоладу» (75%) ды Полацкага бровару перададуць «Прыёрбанку» ў даверчае кіраваньне на пяць гадоў. Ва ўрадзе спадзяюцца, што «Прыёрбанк» здолее дамовіцца з «Балтыкай» пра рэструктурызацыю крэдыту, які «Крыніца» дагэтуль ня можа вярнуць. «Прыёрбанк» належыць аўстрыйскаму «Райфайзэн-банку».

Піва падаражэла

На чвэрць падскочылі цэны на беларускае піва. Урад дазволіў броварам вольна падвышаць іх. Раней гэта можна было рабіць толькі сынхронна з інфляцыяй. На цэны ўплывае і акцыз на піва — 4 эўрацэнты за літар. Вось і выходзіць, што піва даражэе разам з эўра.

Інвэстар для «Кастрычніка»

На віцебскае ААТ «Чырвоны Кастрычнік», дзе робяць абутак, прыйшоў расейскі інвэстар — фірма «Мадарама». Яна паабяцала інвэставаць у фабрыку ад 2 да 3 млн даляраў. «Чырвоны Кастрычнік» ужо ўваходзіць у склад сумеснага абутковага прапрыемства «Сан-Марка», заснаванага разам зь беларускай фірмай «Марка» ды нямецкім «Эвімэксам».

Інстытут інвэстуе ў банкі

Нацбанк дазволіў расейскаму Інстытуту эканамічных стратэгіяў набыць больш за 10% акцыяў «Джэм-Банку» ды «Атам-Банку». Паводле статуту, інвэстар зьяўляецца некамэрцыйнай арганізацыяй, што займаецца навуковымі дасьледаваньнямі пад кіраўніцтвам Расейскай акадэміі навук. «Джэм-Банк» існуе з 1991 г., «Атам-Банк» быў зарэгістраваны ў 2001 г. у свабоднай эканамічнай зоне «Менск».

Прыватызацыя Гомельскага мясакамбінату

«Гомельаблмаёмасьць» выстаўляе на конкурс дзяржаўную долю акцый Гомельскага мясакамбінату (10% ад статутнага фонду). Прыярытэт будзе аддавацца пакупнікам, здольным інвэставаць 2 млн даляраў у разьвіцьцё прадпрыемства.

АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0