Мода на сацыялізм скончылася. Лібійскі правадыр Муамар Кадафі ў суботу скасаваў у краіне грамадзкую і дзяржаўную формы ўласнасьці ды абвесьціў пра пачатак эры народнага капіталізму.

«Пры дзяржаўнай уласнасьці ўсё толькі раскрадаюць, а знайсьці сумленных і самаадданых мэнэджэраў немагчыма», — заявіў кіраўнік Джамахірыі. У «новай» Лібіі ўсё будзе прыватызавацца: банкі, аэрапорты, чыгункі, аўтадарогі і, перш за ўсё, нафта, што дае краіне 90% прыбытку. Разам зь лібійцамі ў прыватызацыі змогуць удзельнічаць замежныя бізнэсоўцы. Каб ажыцьцявіць радыкальныя пераўтварэньні, Кадафі правёў чысткі ва ўрадзе, а прэм’ерскі фатэль аддаў ранейшаму міністру эканомікі Шокры Ганэму. Пераходны пэрыяд «рынкавага сацыялізму» Кадафі не спатрэбіўся.

Кадафі, які ў 80-я быў сымбалем антызаходняга фанатызму, выракся рэвалюцыі. Апошнія гады ён спрабуе паразумецца з Амэрыкай і Эўропай — сваімі ранейшымі ворагамі. У студзені 2002 г. Кадафі адкрыў сьвету аўтаркічную лібійскую гаспадарку, а цяпер чакае, калі ЗША здымуць санкцыі, накладзеныя на яго за падтрымку міжнароднага тэрарызму.

Кадафі разьвітаўся і зь летуценьнямі пра аб’яднаную Афрыку пад яго загадам. Радыкальны плян неадкладнага скасаваньня межаў і дзяржаваў не атрымаў падтрымкі ў іншых афрыканскіх прэзыдэнтаў, напалоханых інтэрвэнцыямі лібійскага спэцназу ў Тога, Чадзе і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. У суботу зьнявераны Кадафі загадаў ліквідаваць Міністэрства афрыканскага адзінства ды ўключыць яго на правах дэпартамэнта ў склад МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0