Большасьць расейскіх артыстаў і інтэлектуалаў змагаюцца за ласку новага асьвечанага цара-Пуціна і, нібы Пушкін ці Дастаеўскі ў ХІХ ст., падтрымліваюць палітыку сілавога ўціхамірваньня ўскраінаў. Толькі сотня расейскіх праваабаронцаў выйшла ў Маскве на дэманстрацыю пад лёзунгам «Чачэнія, даруй нам!».

«Далоў вайну!», «Пуцін бараніў Ірак ад Буша, хто абароніць Чачэнію ад Пуціна?», «Досыць бессэнсоўнай вайны, дзе загінулі 100 000 чачэнцаў і 10 000 жаўнераў!» — можна было прачытаць на іншых плякатах. Арганізатарам пратэсту быў сатырык Віктар Шандаровіч. Да яго далучыліся пісьменьнік Віктар Ерафееў, паэтка Бэла Ахмадуліна, удава акадэміка Сахарава Алена Бонэр. «Сустракаемся на такіх акцыях кожныя пару месяцаў. Паказваем, што ня ўся Расея падтрымлівае вайну. Больш нічога зрабіць немагчыма», — тлумачыць Шандаровіч. Людзі на вуліцы амаль не зважалі на дэманстрацыю, а міліцыянты непрыхавана зь яе кпілі. Міліцыі было амаль столькі ж, колькі дэманстрантаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0