У Опэры зноў ёсьць галоўны дырыжор. Ім стаў 40-гадовы Вячаслаў Чарнуха. Упершыню ў гісторыі на гэтай пасадзе апынуўся беларус, ды яшчэ й зь вёскі родам (Сьвятая Воля Івацэвіцкага раёну, слаўная старажытнымі могілкамі). Дырыжорскую адукацыю Чарнуха атрымаў у Беларусі.

Прафэсіяй ён авалодваў пад кіраўніцтвам Генадзя Праваторава, Аляксандра Анісімава і Аляксандра Сасноўскага. З 1994 г. В.Чарнуха пачаў працаваць у Опэры. Сьпярша атрымаў у поўнае распараджэньне «Травіяту», неўзабаве — «Яўгена Анегіна».

Бывалі ў кар’еры маладога дырыжора і кур’ёзныя моманты. 20 лістапада 1995 г. у Філярмоніі граў піяніст Леанід Кузьмін (надзвычайна модны). Дырыгаваў Чарнуха — колішні яго аднакляснік. Заля была паўнюткая. Гралі Пяты канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Бэтговэна. Калі гастралёр «зьеў» паўзу, Чарнуха ня здолеў пакіраваць аркестрам, і надышоў хаос. Выкананьне спынілі — выпадак беспрэцэдэнтны. Потым абодва, гледзячы ў ноты, дыскутавалі, што здарылася, хто вінаваты і што рабіць далей. Па-анёльску цярплівая публіка моўчкі чакала, калі ж гэта скончыцца.

Пасьля залічэньня ў штат Опэры Чарнуха быў прызначаны памочнікам галоўнага дырыжора. Ён ажыцьцяўляў «выканаўчую ўладу», калі сп.Анісімаў гастраляваў за мяжой. Усе пастаноўкі, якія ў той час намінальна ажыцьцяўляў Анісімаў, фактычна рыхтаваў Чарнуха; маэстра толькі надаваў ім лоску. В.Чарнуха таксама шмат працаваў у Турцыі — паставіў тамака «Эрнані» Вэрдзі і «Сэвільскага цырульніка» Расіні.

Чарнуха добра глядзіцца за дырыжорскім пультам: высокі, мажны, але адначасова зграбны, рукі — як быццам без касьцей, гнуткія і незвычайна сьпеўныя. Спачатку каньком яго былі дробязі кшталту вальсаў Штраўса, дзе яму ставала і лёгкасьці, і жвавасьці, і прыроднага густу. З часам, дзякуючы інтэнсіўнай працы, даліся і рэчы больш сур’ёзныя, у якіх Чарнуха колісь саступаў свайму равесьніку Андрэю Галанаву. Тым ня менш, да сёньня Чарнуха часта дырыгаваў добра, але ніколі — геніяльна.

У конкурсе ўдзельнічалі сем прэтэндэнтаў — пяць менчукоў і два масквічы. В.Чарнуха атрымаў 75% галасоў конкурснай камісіі. Зь ім падпісалі кантракт на год. Час пакажа, ці здолее галоўны дырыжор адстойваць свае мастацкія прынцыпы ў творчым саюзе з уплывовай кіраўнічкай Опэры спн.Ізворскай. Ад гэтага залежыць лёс ня толькі сп.Чарнухі, але й ягонага тэатру.

Юлія Андрэева

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0