Амаль паўстагодзьдзя, пачынаючы з часу, калі ў друку зьявіўся «Жураўліны крык», мы жывём па храномэтры Быкава. Рэдкасная рэгулярнасьць, зь якою публікаваліся ягоныя творы, нагадвала працу астранамічнага гадзіньніка. Не патрабавалі тлумачэньня словы: тое было, калі Васіль Быкаў надрукаваў...

«Мёртвым не баліць»... «Сотнікава»... «Знак бяды»... Гэты пералік папаўняўся апошнім часам сумнымі падзеямі: ...калі Быкаў быў змушаны зьехаць за мяжу... І апошняя Падзея: калі Быкаў вярнуўся ў Беларусь назаўсёды.

Адкрыцьцём генія Быкава сталася адкрыцьцё Часу ва ўсіх рэаліях нашага зямнога існаваньня і радыкальнае сьцьвярджэньне яго магчымасьцяў, якіх да Быкава ня ведала сусьветная літаратура. Гэта і паняцьце незваротнасьці — калі застаецца адно шкадаваць аб упушчаных магчымасьцях, аб чым беларусы ведаюць лепш чым хто. Гэта і паняцьце выбару, якое звужаецца да дылемы: быць альбо ня быць — нацыі, мове, самому жыцьцю. Гэта і паняцьце абсурду, калі зьнікае аптымістычная спадзяванка на шчасьлівы зьбег акалічнасьцяў і як багадаць зьяўляецца пачуцьцё рэальнасьці ды маральнай адказнасьці, разуменьне сваіх кволых чалавечых магчымасьцяў у супраціве хаосу і велічы чалавечага духу.

Знакавы загаловак даўняга артыкулу ў «Правде»: «Калі адстаюць ад часу». Мелася на ўвазе, што Васіль Быкаў, Аляксандар Твардоўскі, Аляксандар Салжаніцын (з названых, а былі ж яшчэ і неназваныя) «адсталі ад часу» і што іхняя «запозьненая» прага праўды не адпавядае «генэральнай лініі партыі». Адсталі ад часу якраз аўтары сумнапомнага опусу, якія нават у тыя часы пабаяліся назваць сябе. Менавіта Час зь яго лінейным разгортваньнем уносіць парадак у сьвет, у якім столькі ахвотнікаў ускаламуціць хаду падзеяў. Ідэі Быкава трансфармаваліся ў памяць, сталі рэальнай сілай, якая ўрэшце адолее марныя патугі дачасьнікаў любога рангу, надзіва недальнабачнай улады стрымаць хаду гісторыі, разарваць сувязь паміж мінулым і будучыняй, назваць Генія проста «чалавекам», а «проста чалавека» ўзьвесьці на Алімп.

Васіль Быкаў ужо ў Вялікім Часе гісторыі. Ня толькі мінулай, але і будучай. Мільёны яго чытачоў зьвяралі свае гадзіньнікі па Быкаву, шукалі магчымасьці жыць па Быкаву, вучыліся крочыць упоравень зь векам і не баяцца страшнай хады часу. Жыць па Быкаву — гэта звышзадача дня і вечнасьці. Адпавядаць ёй — што яшчэ застаецца нам, асірацелым, расьсеяным, як авечкі без свайго пастыра!

Міхась Тычына

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0