Купальле ў Лёндане было сюрнае. Ну дзе яшчэ сьвяткаваньне Купальля пачынаецца са службы ў царкве?! А тут гэта ўжо традыцыяй стала, у якой ніхто не спрабуе усумніцца. Добрая палова народу набілася ў капліцу на 50-хвіліннную вячэрню перад тым, як усё пачаць. А яшчэ колькасьць прыгожых хлопцаў сёлета далёка перавышала сярэднестатыстычную, так што часам вочы разьбягаліся й розум часта адмаўляўся факусавацца на дзеях. Шкада, фотаапарат пакінуў у хаце. Дзякуй Богу за прыгожосьць Ейнага тварэньня.

Незадоўга перад вячэрняй эшалон машынаў з беларускай амбасады прыпёрся з консулам, культурнай аташэ і нейкім новым Аляксандрам (апошні адрозьніваўся ад першых сваёй расейскай мовай, адсутнасьцю вышыванае кашулі й мітусьлівасьцю). Прывезьлі яны чатыры пляшкі нашае гарэлкі (разьляцеліся ў паўгадзіны - сапраўдны хіт быў), Макса Мірнага (на Ўімбілдон прыехаў; божа, якія ў яго доўгія ногі! Ён таксама адседзеў усю вячэрню, потым накінуўся на ежу, а ўжо на яго накінулася публіка) і трох журналістаў з БТ (перакінуўся парай словаў з добра дагледжанымі Алегам і Аляксандрам, якія старанна стрымлівалі натуральную ім манернасьць; шкада, зьніклі вельмі хутка). Дзякуй амбасадзе за такія цацкі.

Пакуль мы пяялі дзяткі трапароў Яну Прадвесьніку, за вокнамі разыгралася бура, сапраўдны мансун (такога паганага лета тут на маёй памяці яшчэ не было). Вярнуліся з царквы - і ў залю Беларускага цэнтру. Думалі, хана будзе, бяз вогнішча, упрыціск. Але дождж хутка сьціх і мы перапаўзьлі ў сад на звычайнае месца. Вогнішча палівалі бэньзінам, але разгарэлася яно ад папяровых талерак (вось дзе скаўцкі досьвед Пітара прыдаўся). Гульні зь дзецьмі былі класныя, але яны словаў да іх ня ведаюць, так што пара дарослых і завадзіламі былі, і надрываліся як маглі: "Явар, яваровы людзі...". Тады й пазнаёміўся з забаўным Ю. Першы раз у мяне гейдар спрацаваў адразу. Well done, Bridget.

Хлопцы, што звычайна ў баку стаяць і даглядаюць грыль, гэтым разам сюрпрыз падрыхтавалі: мядьведзя прывялі (трох хлопцаў упраглі, маску начапілі, чацьверты гэтую жывёліну вадзіў) і дзяцей вакол вагнішча каталі. Наш малады сьвятар, Сяргей, мядьведзю на карак таксама ўзьлез, што выклікала буру інтарэсу ў ужо падпітай публікі.

Тады прыйшла чарга мне ведзьму насіць. Караліна зрабіла яе зь травы й галінак, апранула ў сукенку, хусту павязала, косы запляла. Гэтым разам я вырашыў ведзьму ня толькі вакол вогнішча панасіць, але й людзей абыйсьці зь ёй, абнесьці - яна ж павінная ўсё дэструктыўнае, злое і грахоўнае пазьбіраць ад народу, а тады ўжо - у вагонь.

Купальле закончылі на мясцовым Dolly Brook, ручаі, які з-за дажджоў прыпадняўся, завурчаў, колераў набраўся. Вянкі са сьвечкамі паплылі вельмі хутка, мы дасьпявалі песьні й пайшлі дахаты. Калі мы зьяжджалі, яшчэ чалавек дваццаць заставаліся вакол вогнішча. Пад гітару сьпявалі, дапівалі недапітае.

Кавалак зямлі ля Марыян Гаўзу ўжо прадалі, праз пару тыдняў прададуць і студэнцкі дом. З чатырох дамоў у беларусаў застанецца тры, але будуць грошы адрамантаваць Марыян Хаўз і ўтрымліваць місію яшчэ даволі доўга. З новым сьвятаром справы выразна пайшлі лепш: памяшканьні даволі дагледжаныя, а. Аляксандар у гуморы, атмасфэра выразна больш прыветлівая, чым у мінулыя гады. Гэтым разам было вельмі прыемна паехаць да сваіх.

Нешчарда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0