На рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі Беларусі сярод каледжаў, што праходзіла ў Салігорску, удзельнікам былі прапанаваныя чатыры ўрыўкі з клясычных твораў літаратуры — патрабавалася адгадаць аўтара і назву.

Першы ўрывак зь «Ліста з-пад шыбеніцы» Каліноўскага, другі — з «Катэхізысу» Буднага, трэці — з «Трэнасу» Сматрыцкага, чацьверты — з эсэ «Адвечным шляхам» Абдзіраловіча. З Каліноўскім удзельнікі справіліся, а вось з астатнімі атрымаліся забуксоўкі.

Асабліва пазьдзіўлялі адказы на ўрывак з «Трэнасу»: тут вам і Цётка, і Геніюш, і Арсеньнева, і невядома чаму Багушэвіч. Настаўнікі ўдзельнікаў таксама ня ведалі адказу. Калі я сказаў, што гэта напісаў Сматрыцкі, яны аднадушна глянулі на мяне як на вар’ята, а найбольш нахабная спачувальна сказала: «Хлопчык, ты што, ня відзіш, што гэта напісала жэншчына!» Буднага таксама не адгадаў ніхто, большасьць згадзілася на пэрсоне Скарыны. А гэта ж творы з школьнай праграмы!

Большасьць настаўнікаў літаратуры лічыць неабавязковым паглыблена выкладаць літаратуру ХV—ХVІІІ ст., абмяжоўваюцца постацямі Скарыны, Буднага ды Гусоўскага і «Песьняй пра зубра» апошняга. І сярэднестатыстычны выпускнік школы нічога ня ведае пра летапісы і Статуты ВКЛ, пра Хрыстафора Філалета, Пятра Скаргу, Іпація Пацея дый нават пра таго самага Сматрыцкага і ягоны «Трэнас» або Афанасія Філіповіча зь ягоным «Дыярыюшам». «Залаты век» беларускай культуры і літаратуры ўсё яшчэ застаецца «белай плямай» для простага спажыўца-чытача. Крыўдна…

Ня лепшая сытуацыя зь веданьнем літаратуры ХІХ ст. Альгерд Абуховіч, напрыклад, невядомая пэрсона і для настаўнікаў літаратуры, што казаць тады пра дзяцей. Твораў Адынца, «Альбому» Вярыгі-Дарэўскага няма ў школьнай праграме, затое там поўна адводзіцца ўрокаў на разбор творчасьці Петруся Броўкі, Пімена Панчанкі, Івана Шамякіна etc.

Беларусы нават на элемэнтарным узроўні ня ведаюць айчыннай літаратуры і гісторыі, але працягваюць лічыць сябе адной з найбольш адукаваных нацыяў сьвету.

Адась Галубовіч, Барысаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0