Беларус любіць паесьці. Хто ня верыць, няхай паспрабуе згадаць хоць адну нашую прымаўку, якая асуджала б ненажэрнасьць. Цяжка? Затое адваротныя прыклады самі да галавы йдуць: чым дабру прападаць, дык няхай жывот лопне; па малаку і ног не павалаку... Нават неабходнасьць працаваць зьвязаная з патрэбаю сталаваньня: рабі як перад хмараю — будзеш есьці як на Дзяды.

Таму найвялікшае сямейна-абрадавае сьвята вяскоўца і жыхара спальнага мікрараёну — Сьвежына. Гэтая зьява ў літаратуры і сучасным фальклёры прыгадваецца часьцей за Купальле, хрэсьбіны, Дзень савецкай арміі. У безьлічы гісторыяў пра цешчу і зяця згадваецца заколаты кабан альбо яго часткі — кумпяк, паляндвіца, «задні мост». Памінкі белае сьвінкі ляжаць у аснове сюжэту многіх аповесьцяў, апавяданьняў, сцэнараў: «Сьвежына з салютам», «Дзяльба кабанчыка», «Смаленьне вепрука»... Кулінарныя цытаты з «Новай зямлі» ўвайшлі ў прымаўкі, яшчэ й былі творча разьвітыя. «...Для дзяцей найбольша сьвята абы наесьціся багата. То ж бывала наясіся».

Умельства прыняць гасьцей, паставіць добры пачастунак уплывае на рэйтынг гаспадароў ня менш за памер гаспадаркі і колькасьць сотак. Яшчэ й сёньня людзі запасяць найлепшыя прадукты, каб пачаставаць талаку пасьля пасадкі бульбы альбо пераносу мэблі ў новую кватэру. Бо бяседа хутчэй прабачыць адсутнасьць вялікага парадку ў хаце, чым недахоп ежы. Як той казаў, людзі глядзяць на стале, а не па кутох.

На Бабруйшчыне, Глушчыне, асабліва сярод нашчадкаў дробнай шляхты, страшэннаю ганьбаю лічыцца бедны жалобны стол: «А людзечкі, пустыя ж талеркі! Рабіў, рабіў, а лапы склаў — пахавалі як сабаку». Яшчэ дзесяць гадоў таму ў тых мясьцінах «на сталы» прыходзілі ня толькі адразу пасьля пахаваньня, але і раніцай наступнага дня. Прычым усёй вёскай. I крый божа пачуць пра сваю бяседу: «Што еў, што кіно глядзеў!»

Паляндвіца, вэнджанае ці салёнае сала, каўбаса, «пальцам пханая», бульба, часьцей тушаная з здорам, квашаніна, сыр, капуста, гуркі. Увосень — грыбы, узімку — мочаныя яблыкі, крывянка, каўбух. Дэсэрту няма, а калі і ёсьць, дык гэта звычайна бліны, кісель, па талерках разьліты. Улетку, вясной пілі бярозавік, рабілі зь яго халаднік. Прыкладна такія стравы былі на сярэдняй вясковай бяседзе 10—15 гадоў таму. На сьвежыну ж гатавалася толькі бульба, смажылася мяса, сала, кроў, мазгі, ставілася на стол капуста з гуркамі. «Ну, то дай Бог і памерці пры гэтым!» — казаў адзін штукаваты зямляк.

«Беларусія радная, бульба дробная, гнілая» — дражнілі беларусаў у войску. «А на Разаншчыне радной нет ні дробнай, ні гнілой», — адказвалі бульбашы.

Нашыя дзяды пакінулі ў спадчыну ня толькі цярплівасьць ды працавітасьць, але й выключнае жаданьне і ўмельства смачна есьці. На гэтай якасьці беларускага характару можна будаваць нацыянальную ідэю. Бо пагадзіцеся — аднаразовы ўспамін пра добры пачастунак чапляе болей за бясконцыя ўзгадкі аб гераічна-трагічным лёсе нацыі.

Тацяна Барысік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0