10 Ліпеня 2003
ПДВ паменшае, гарэлка падаражэе
Налета ўрад прагназуе сярэднегадавы курс даляра на ўзроўні 2390 руб. Гэта прадугледжвае праект асноўных напрамкаў дзейнасьці ўраду на 2004 г. у галіне бюджэтна-падаткавай палітыкі. Праект бюджэту на 2004 г. прадугледжвае таксама зьніжэньне падатку на даданую вартасьць ад 20 да 18% пры адначасовай адмене 10%-е льготнае стаўкі ПДВ. Падаражэе гарэлка: стаўкі акцызаў на яе будуць падвышаныя.
Кабякоў ва ўправе Нацбанку
Указам прэзыдэнта віцэ-прэм’ер міністар эканомікі Андрэй Кабякоў уведзены ва ўправу Нацбанку. Раней ад ураду ў яе ўваходзіў міністар фінансаў М.Корбут.
Зьнізілася здабыча нафты
За першае паўгодзьдзе ў Беларусі здабылі 900 тыс. тонаў нафты — на 2,6% менш, чым за першую палову 2002 г. Паводле пляну, да канца году «Беларусьнафта» мусіць здабыць мільён і 804 тыс. т нафты, але насамрэч выйдзе на 24 тыс. т меней: не хапае грошай, каб разьведваць новыя радовішчы.
У Польшчу на параплаве
Неўзабаве паміж Беларусяй ды Польшчай можна будзе падарожнічаць на караблі. Транспартнікі дзьвюх краінаў плянуюць наладзіць водны турыстычны маршрут, які ў пэрспэктыве дасьць магчымасьць плаваць нават у Нямеччыну. Але сьпярша мы мусім пабудаваць шлюз на плаціне ў Берасьці коштам 10 млн даляраў. Палякам жа давядзецца ачысьціць рэчышча Віслы ды Бугу.
Украіна абмяжоўвае імпарт цукру зь Беларусі
Украіна выключыла цукар-сырэц з рэжыму свабоднага гандлю з нашай краінай. Цяпер яго можна будзе прадаваць ва Ўкраіну толькі праз аўкцыён на таварнай біржы. Беларусь спадзяецца прадаваць гатовы цукар, выраблены з сырцу, у Расею. Але абяцанай яшчэ летась квоты на імпарт цукру ўсходнія суседзі дагэтуль ня вызначылі.
Так супала, што амаль адначасова Аўстралія, Бразылія і Тайлянд падалі ў трыбунал Сусьветнай гандлёвай арганізацыі на Эўразьвяз, вінавацячы яго ў недазволеным субсыдыяваньні вытворчасьці і экспарту цукру.
Шапікам жыць да жніўня
Камэрцыйныя шапікі ў Менску пачнуць масава здымаць толькі ад 1 жніўня. Гарвыканкам плянаваў распачаць «зачыстку» яшчэ 1 ліпеня, але прадпрымальнікі замітынгавалі. Да восені на сталічных вуліцах застануцца толькі яткі з гароднінай (яны будуць працаваць ад 1 сакавіка да 1 сьнежня), кветкавыя павільёны ды шапікі, да якіх будуць прыбудаваныя прыпынкі транспарту з дашкамі.
Новы дырэктар Камароўкі
На Камароўскім рынку новы начальнік: ад 1 ліпеня кіраваць ім будзе Мікалай Мятліцкі. Да гэтага ён узначальваў Менскі маргарынавы завод. У свой час прыступкамі кар’ернай лесьвіцы Мікалая Мятліцкага былі рэстаран «Папараць-кветка», камбінат грамадзкага харчаваньня заводу «Гарызонт», Менскі холадакамбінат №2.
Радыё «Пілёт» замест радыё «Стыль»
На частаце 101,2, якую ў свой час сканфіскавалі ў радыё «101,2» на карысьць БПСМ, будзе вяшчаць «Пілёт-ФМ». Такое рашэньне прыняў заснавальнік, на думку якога ранейшы калектыў працаваў «ня надта эфэктыўна».
Ствараецца мэталюргічны холдынг
Дырэктар Жлобінскага мэталюргічнага заводу Мікалай Андрыянаў абвесьціў, што вядзецца праца па стварэньні холдынгу, у склад якога ўвойдуць БМЗ, Магілёўскі мэталюргічны, Рэчыцкі мэтызны заводы і гомельскае ААТ «Цэнтраліт». Гэты крок, скіраваны на канцэнтрацыю капіталу, мяркуецца, дазволіць ашчаджаць на падатках з прадукцыі, якой мяняюцца прадпрыемствы — удзельнікі магчымага аб’яднаньня.
АК, БелаПАН, АФН