Першай пастановай в.а. прэм'ера, гомельскага прамыслоўца Сяргея Сідорскага, стала вызначэньне канчатковых умоваў прыватызацыі "Белтрансгазу". "Газпрому", каб удзельнічаць у стварэньні сумеснага прадпрыемства, давядзецца цалкам забясьпечыць патрэбы краіны ў газе (у 2003 г. - 18,5 млрд куб.м, у 2004-м - 21,5, у 2005-м - 25 млрд куб.м, з 2010 г. - 33 млрд куб.м). Пры гэтым газ мусіць пастаўляцца па ўнутрырасейскай цане. Магчыма, якраз гэтая ідэя Сідорскага вывела яго ў в.а. прэм'ера. Калі так, дык галоўным сэнсам зьменаў ва ўрадзе выяўляецца захаваньне статус-кво ў адносінах з Расеяй і атрыманьне энэрганосьбітаў па льготных тарыфах. Задачы ж рэфармаваньня эканомікі і зьмяншэньня энэргетычнае залежнасьці ад Расеі перад міністрамі не стаяць.

Прэм'ер у беларускай вэртыкалі ўлады - гэта зусім не кіраўнік ураду. Казаць аб наяўнасьці ў Савету Міністраў урадавых паўнамоцтваў можна было б, калі б гэты орган хоць бы меў права вызначаць стратэгію эканамічнага разьвіцьця краіны ды калі б у прэм'ера было права падбіраць сабе кабінэт. Сёньня такіх правоў няма, а сам урад - калегія чыноўнікаў пры прэзыдэнту, дзе замена любога вінціка, нават прэм'ера, не выклікае нейкіх праблемаў. Таму і няма ніякай бяды, што перад жнівом здымаецца ўвесь сельскагаспадарчы блёк, - сельскай гаспадаркай і так ёсьць каму займацца, а жніво ў Беларусі - гэта хутчэй палітычная, а не эканамічная кампанія.

Але агульнае правіла безуладнасьці ўраду мае пэўныя выключэньні. Лукашэнка можа прызначыць адносна "моцнага" прэм'ера, калі самому яму сытуацыю ўтрымаць цяжка. "Слабы" Генадзь Навіцкі быў ідэальным прэм'ерам для пэрыяду палітычнага і эканамічнага застою, які, здавалася б, настаў пасьля выбараў-2001. У гэтым яго поствыбарнае (і, хутчэй за ўсё, дарэфэрэндумнае) прэм'ерства чымсьці нагадвала пострэфэрэндумнае і давыбарнае прэм'ерства Сяргея Лінга. Улада не зьбіралася што-небудзь мяняць у сваіх базавых падыходах да эканамічнай палітыкі. Патрабаваўся і адпаведны прэм'ер - без ініцыятывы, значных бізнэс-сувязяў і намёку на палітычныя амбіцыі. Прэм'ер, які б падтрымліваў статус-кво, вызначаны Лукашэнкам, настолькі доўга, наколькі гэта магчыма. А пасьля перайшоў бы ў катэгорыю "ахвярных авечак".

Лінг пратрымаўся даўжэй, бо яму пашчасьціла быць прэм'ерам "эканамічнага цуду", калі эканоміка за два гады вырасла (паводле афіцыйных зьвестак) ажно на 20%. Яго дабілі наступствы жнівеньскага крызысу, і перад маратонам выбарчых кампаній Лукашэнку спатрэбіўся чалавек, які б здолеў стабілізаваць эканоміку акурат да верасьня 2001 г., пры гэтым палітычная роля такога прэм'ера была б выключаная. Ярмошын быў ідэальнай фігурай. Нядрэнны бюракрат, ён здолеў выправіць найбольш абсурдныя памылкі ў эканамічнай сфэры. Да таго ж, родам з Расеі, ён паводле азначэньня ня мог канвэртаваць свой патэнцыял і сувязі ў палітычны капітал. Шлях да прэзыдэнцтва яму быў зачынены. Маўр зрабіў справу і пайшоў пасьля выбараў. Яго наступнік выканаў бы ўскладзеную на яго задачу кансэрвацыі становішча, калі б мог займацца чыста тэхнічнай працай. Аднак Навіцкі быў вымушаны адказваць як за наступствы перадвыбарчага папулізму, так і за пагаршэньне адносінаў Менску з Крамлём. Менавіта на яго прэм'ерства выпала разбурэньне апошніх ілюзіяў наконт беларускай эканамічнай мадэлі. Рост цэнаў на камунальныя паслугі, паўзучае зьнікненьне сацыяльных гарантыяў у галіне адукацыі і аховы здароўя, узьлёт колькасьці стратных прадпрыемстваў да адзнакі ў пяцьдзясят працэнтаў, відавочнае банкруцтва сельскай гаспадаркі, нарэшце, гандлёвыя войны з Расеяй. Ва ўсім гэтым Навіцкага наўрад ці можна абвінаваціць. Да гэтага давяла не яго палітыка. Вінаваціць Навіцкага можна хіба што ў тым, што ён згадзіўся стаць прэм'ерам у пэрыяд, калі ў яго не было ніякага шанцу вызначаць палітыку.

Аднак цяпер Беларусь уступае ў новы палітычны цыкл, і таму прэм'ера "застою" зноў зьменіць прэм'ер "антыкрызыснага кіраваньня". Задача новага кіраўніка ўраду - захаваць сытуацыю пад кантролем да пасьпяховага вырашэньня пытаньня аб трэцім тэрміне. Калі на пасаду будзе прызначаны цяперашні в.а.Сяргей Сідорскі, гэтая гіпотэза, як і прынцып "цыклічнасьці" ў прызначэньні кіраўнікоў ураду, спрацуе. Такі выбар быў бы для Лукашэнкі досыць лягічным: эканамічная бясьпека праекту "трэці тэрмін" залежыць ад тае галіны, зь якой Сідорскі і паходзіць. Нафтахімік з "Слаўнафты", ён мусіць прасачыць, каб у гэтую восень і зіму на Беларусь не абрынулася яшчэ адна "газавая атака", падобная да леташняй. Бо гэтага Лукашэнка хацеў бы найменш. Асабліва калі яму сапраўды прыйдзецца праводзіць рэфэрэндум у пэрыяд зімовага павелічэньня камунальных плацяжоў. Прызначыўшы Сідорскага, Лукашэнка зноў прызнае, што ключы да захаваньня яго ўлады знаходзяцца ў Расеі. Гэта, аднак, магло б зьдзівіць толькі тых, хто сапраўды паверыў, што маска нацыяналіста, якую цягам апошняга часу спрабаваў прымерыць прэзыдэнт, ужо зраслася зь яго скурай. Насамрэч канструкцыя палітычнага рэжыму - рэч больш трывалая, чым рыторыка яго гаспадароў.

Сідорскі - гэта чарговы прэм'ер-ратавальнік. Таму казаць аб яго прэзыдэнцкіх пэрспэктывах наўрад ці варта. Ад "ратавальнікаў" звычайна пазбаўляюцца да таго, як яны прыдбаюць значны палітычны капітал. Да таго ж, у беларускай палітыцы склалася правіла: калі хочаце спыніць кар'еру якогасьці бюракрата - "увядзіце" Лукашэнку ў вушы, што ён можа быць яго пераемнікам. Дый цяжка ўявіць, што Лукашэнка насамрэч пачаў думаць пра пераемніка. А нават калі і пачаў, дык, паводле законаў жанру, таго прызначаць значна пазьней, пасьпеўшы перад гэтым выкарыстаць некалькіх папярэднікаў як "ахвярных авечак".

Калі ж Сідорскі ня будзе прызначаны прэм'ерам, могуць быць разыграныя больш складаныя палітычныя камбінацыі. Напрыклад, інсцэніроўка доўгачаканага "бунту" ў парлямэнце з адхіленьнем прапанаванай кандыдатуры - каб прызначыць рэфэрэндум з датэрміновымі парлямэнцкімі выбарамі. Альбо прызначэньне "сілавіка" з рэклямнымі мэтамі. Аднак вэртыкаль улады ў Беларусі пабудавана такім чынам, што прызначэньне Шэймана ці Латыпава на пасаду прэм'ера было б для іх паніжэньнем. Таму чакайма Сідорскага.

Віталь Сіліцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0